Вы тут

Ці настолькі мы багатыя, каб марнаваць «залатыя» тоны ўмоўнага паліва


Мудрагелістае слова «энергазберажэнне» — гэта фактычна паляпшэнне эрганамічных характарыстык жыцця насельніцтва, да якога далучаецца само насельніцтва. А сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо нельга разглядаць як асобна ўзяты дом — трэба мець на ўвазе цэлы горад і нават раён, якія, працуючы, як адна сістэма, змогуць зберагаць і рацыянальна расходаваць энергарэсурсы. Такія меркаванні гучалі падчас абмеркавання шляхоў павышэння энергаэфектыўнасці ў ЖКГ.


Заложнікі нядбайнасці. Цеплавой і светлавой

Існуючыя ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы праблемы, звязаныя з энергетыкай, часта ўзнікаюць праз чалавечую нядбайнасць, заўважыў Уладзімір КАМАШКА, намеснік дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. Аснашчэнне месцаў агульнага карыстання (у прыватнасці пад'ездаў) аўтаматызаваным кіраваннем сістэмай асвятлення ён ахарактарызаваў як далёка не самае лепшае.

Нагадаем, што да 2012 года ва ўсіх месцах агульнага карыстання павінны былі ўладкаваць гэтую сістэму, і па справаздачах, здаецца, усё гэта выканана і працуе. Аднак насамрэч гэта далёка не так: каля 30% абсталявання проста не працуе, ёсць месцы, дзе яго ўвогуле няма. А частка аўтаматызаванай сістэмы асвятлення працуе няправільна: святло ўключаецца ўвечары аўтаматычна і гарыць да раніцы замест таго, каб уключацца, рэагуючы на гук ці рух, расказаў Уладзімір Камашка.

— Жыхары цяпер плацяць за асвятленне месцаў агульнага карыстання, і фактычна яны становяцца заложнікамі нядбайнасці чалавечага фактару на месцах і вымушаны плаціць за тое, за што плаціць не варта ўвогуле. Сёлета Галоўдзяржбудэкспертызе даручана вяртаць праекты, дзе не прадугледжана кіраванне асвятленнем, як негатовыя, і не праводзіць экспертызу, — падкрэсліў ён. — Такая ж сітуацыя і з ацяпленнем месцаў агульнага карыстання, якія не трэба падаграваць, калі тэмпература на дварэ ад +4 °С і вышэй, але ж гэта робяць. Прычым згаданая праблема датычыцца нават не столькі сістэмы ЖКГ, колькі канкрэтных службовых асоб, якія павінны адсочваць гэтыя моманты і ўтрымліваць належным чынам.

Прадстаўнік дэпартамента па энергаэфектыўнасці абазначыў таксама праблему пераходу да мясцовых відаў паліва (МВП). У сістэме ЖКГ 3787 кацельняў, 2933 з іх працуюць на мясцовых відах паліва (МВП). У 2016—2020 гадах. запланавана перавесці на МВП каля 130 кацельняў, рэалізуецца праект выкарыстання драўляных біямас у цэнтралізаваным цеплазабеспячэнні. «Разам з тым сабекошт вытворчасці цеплавой энергіі на дровах у розных раёнах і на розных кацельнях вар'іруецца ад 62,16 рубля да 238,05 рубля, а на дранцы — ад 42 да 148 рублёў», — заўважыў ён.

Пры існуючых недакладнасцях работы ў нашай краіне ёсць каласальнае дасягненне. Сёлета ў фінал Міжнароднага конкурсу навукова-адукацыйных праектаў «Энергія будучага», які праходзіць у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, і дзе ўдзельнічала 2296 праектаў з 112 краін свету, выйшаў праект Гомельскага аблвыканкама «Энергарандэву ў Беларусі — 2». Яго сутнасць у замене шыфернай страхі Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя чарапіцай з убудаванымі ў яе фотавальтаічнымі элементамі, расказаў Уладзімір Камашка.

Як эканоміць дома

— Беларусь не валодае колькасцю энергарэсурсаў, здольных забяспечыць штодзённыя патрэбы сваіх жыхароў і работу прамысловасці. Большасць энерганосьбітаў імпартуецца з-за мяжы. І кожную тону ўмоўнага паліва трэба разглядаць на вагу золата, бо за ўсё гэта мы плацім валютай, — заўважыў Ігар ТУР, начальнік Мінскага гарадскога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў.

З гэтай нагоды ён заклікаў да эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання набытага такім чынам золата ў выглядзе энергарэсурсаў. І прапанаваў задумацца, наколькі мы багатыя, каб дазволіць сабе выкідваць празмерна цёплае паветра праз форткі, губляць ваду з крана, які пастаянна цячэ, марнаваць энергію праз уключаны тэлевізар, які ніхто не глядзіць.

Як матываваць людзей больш эканоміць, расказаў Дзмітрый БУРОНКІН, каардынатар энергетычнай праграмы ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў»:

— У Браславе мы будзем кансультаваць насельніцтва такім чынам: на базе ЖКГ створым структурнае падраздзяленне па кіраванні энергетыкай. Кожны зможа туды прыйсці і вырашыць свае канкрэтныя праблемы. Калі ўсе мінчане знізяць энергаспажыванне хоць бы на 10%, то ў маштабах горада гэта будуць вялізныя лічбы. Для гэтага дастаткова замяніць усе лямпачкі ў кватэры энергазберагальнымі. А яшчэ правільна заклеіць вокны, адсунуць халадзільнік ад батарэі ці пліты.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».