Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся з сённяшнімі прызыўнікамі


Чарговая восень — і традыцыйна маладыя хлопцы ідуць абараняць Айчыну. Настрой, як правіла, бадзёры: адзінае, што, як кажуць, падлівае масла ў агонь, — гэта матчыны заплаканыя вочы. Ад таго, што некаторы час не ўбачацца са сваім, часам адзіным, дзіцем. І нават ад разумення, што нарэшце сын стане сапраўдным мужчынам.


Адпраўка новага папаўнення ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і вайсковыя фарміраванні Беларусі працягнецца да канца месяца. Учора для праходжання тэрміновай воінскай службы было накіравана каля 1200 грамадзян нашай краіны, якія папоўнілі шэрагі сіл спецыяльных аперацый, Мінскай ваеннай камендатуры, кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл, а таксама навучальных вайсковых часцей.

Мінчанін Аляксей Масько падчас службы ў войску не толькі не адпачне ад сваёй асноўнай прафесійнай дзейнасці, а нават удасканаліць яе — не кожнаму музыку, хоць і часова, выпадае гонар служыць ва Узорна-паказальным аркестры Узброеных Сіл. Выпускнік Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава нават уявіць не мог, што калі-небудзь трапіць у праслаўлены калектыў. Такі шанц, як ні дзіўна, дала менавіта армія.

— Ён ідзе ў надзейныя рукі да айцоў-камандзіраў, якія добра ведаюць, што трэба салдату, — кажа бацька прызыўніка, афіцэр запасу Сяргей Масько, і тут жа жартуе: — У нас шырыні рэменя не хапіла, я думаю, што армейскі «рэмень» хутчэй прывучыць да дысцыпліны. Хвалявацца няма падстаў. Калі спатрэбіцца, то і я гатовы ў любую хвіліну стаць на абарону нашых межаў.

Вячаслава Пратасевіча ў войска выпраўляюць цэлым сямействам: апошнія парады даюць бацька, маці і бабуля. Хлопец, як і яго дзядуля, будзе служыць у войсках сувязі.

Вельмі ганарыцца сваім прадзедам, які ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны і дайшоў да Перамогі. Нягледзячы на тое, што ўсё жыццё Вячаслаў пражыў з бацькамі, апошнія не сумняваюцца ў яго самастойнасці. Аказваецца, літаральна перад войскам прызыўнік амаль тры месяцы пражыў у вёсцы — па яго словах, спрабаваў хоць нейкім чынам прызвычаіцца да таго, што год будзе не дома.

— У адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі гэтай восенню выкліку на прызыўныя камісіі падлягае каля 80 тысяч прызыўнікоў, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Алег ПАЗНЯК. — Цяпер у ваенных камісарыятах завяршаецца работа па медыцынскім аглядзе грамадзян. Акрамя таго, прызыўнымі камісіямі на дадзены момант прынята больш як 55 тысяч рашэнняў.

Улічваючы патрэбу Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў у камплектаванні асабістым складам, да 30 лістапада ў армію плануецца накіраваць каля 11 тысяч чалавек. Акрамя таго, да 1,5 тысячы чалавек у гэты перыяд будзе адпраўлена для праходжання службы ў рэзерве.

Падчас гэтай прызыўной кампаніі дадзена звыш 26 тысяч адтэрміновак, большую частку якіх — 85% — складаюць адтэрміноўкі для працягу адукацыі.

Іншыя юнакі атрымалі адтэрміноўку па стане здароўя, сямейных абставінах, для набыцця ваенна-тэхнічных спецыяльнасцяў. 17 чалавек замест вайсковай службы будуць праходзіць альтэрнатыўную.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Восень колеру хакі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».