Рэспубліканскі водна-балотны заказнік «Слаўгарадскі» абвешчаны ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці ў мэтах захавання ў натуральным стане каштоўнага прыроднага пойменнага і лесабалотнага комплексу, дзе ёсць дзікарослыя расліны і дзікія віды жывёл, уключаныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
У сувязі з наяўнасцю на тэрыторыі заказніка ўнікальных ландшафтаў з высокай эстэтычнай і пейзажнай каштоўнасцю яго трэба разглядаць як перспектыўную рэкрэацыйную зону, паведамілі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У склад тэрыторыі заказніка ўвайшлі землі ляснога фонду дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Краснапольскі лясгас», землі сельскагаспадарчага прызначэння і землі запасу. Яго плошча — 14 779,33 гектара. Асновай заказніка стаў пойменны лесабалотны комплекс, які фарміруе гідралагічныя рэжымы тэрыторыі заказніка і рэк Сож і Проня. Участкі поймы гэтых рэк, у межах якіх ствараецца заказнік, маюць вялікае значэнне для захавання месца жыхарства каляводна-балотных і прыбярэжна-водных відаў птушак на ўсходзе Беларусі. У красавіку-маі тут спыняецца больш за 20 тысяч гусей і каля 30 тысяч кулікоў, самыя шматлікія з якіх — белалобая гусь і турухтан, больш за 500 асобін шэрых жураўлёў і інш. Тэрыторыя заказніка служыць месцам жыхарства 5 рэдкіх і знікаючых відаў дзікарослых раслін і 11 відаў дзікіх жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Сяргей РАСОЛЬКА
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.