Вы тут

Прамысловы турызм Беларусі цікавіць замежнікаў


Апошнія некалькі гадоў у Беларусі набірае папулярнасць такі кірунак, як прамысловы турызм. Найбуйнейшыя айчынныя кандытарскія, лікёра-гарэлачныя, машынабудаўнічыя прадпрыемствы адкрываюць свае дзверы для ўсіх ахвотных. Падчас экскурсіі турысты могуць азнаёміцца з гісторыяй прадпрыемстваў, убачыць, як вырабляецца прадукцыя, паўдзельнічаць у тэхналагічных працэсах. Акрамя таго, гэта добры спосаб дэманстрацыі сваіх магчымасцяў для замежных інвестараў, якія літаральна могуць усё ўбачыць на свае вочы, а нешта нават пакаштаваць на смак.


Прамысловы турызм з'яўляецца альтэрнатывай для тых людзей, якія стаміліся ад звычайнага наведвання тэатраў, бараў і музеяў. Некаторыя прадпрыемствы здольныя калі не замяніць іх, то падаць гэтыя забавы з іншага пункту гледжання: замест тэатральнага выступлення на МТЗ вам пакажуць танец трактароў, замест наведвання кафэ дадуць магчымасць прадэгуставаць цукеркі на «Камунарцы». А музеі, у якіх захоўваюцца ўнікальныя вытворчыя артэфакты гісторыі і эпоха мінулага, ёсць літаральна на кожным заводзе.

Вытворчы турызм, як яго называюць інакш, гэта новы кірунак для нашай краіны, які добра разбаўляе ўжо існуючыя віды. Але шмат што з новага — гэта добра забытае старое. Прамтурызм доўгі час развіваўся ў Амерыцы. Завод Jасk Dаnіеl's першы раз прыняў у сябе наведвальнікаў у 1866 годзе.

Унікальна прамысловы турызм прадстаўлены ў Еўропе, дзе турыстам дэманструюць закінутыя саляныя і вугальныя шахты ў Руры і закінутыя суднабудаўнічыя заводы яшчэ з часоў Другой сусветнай вайны. Але і дзеючыя прадпрыемствы таксама адкрыты для наведвання. Шырока распаўсюджаныя экскурсіі на аўтамабільныя заводы. Прыкладамі могуць служыць завод аўтамабільнай фірмы Vоlkswаgеn у нямецкім Вольфсбургу. У Японіі — завод Mаzdа, дзе можна не толькі ўбачыць працэс стварэння новага аўто, але і адсачыць усю гісторыю кампаніі ў музеі пры заводзе. У Крыме вінныя прадпрыемствы адкрываюць свае вінныя склепы. Усе ахвотныя там могуць не толькі прадэгуставаць вытрыманыя калекцыйныя віны, але і набыць іх у выглядзе памятнага сувеніра.

Ва ўсім свеце прамысловы турызм развіваюць па відавочных прычынах. Гэты кірунак робіць прадпрыемствы вядомымі і павышае ўзровень даверу ў спажыўца, бо кожны чалавек бачыць, як вырабляецца тая ці іншая прадукцыя на розных этапах. А гэта, у сваю чаргу, стымулюе павелічэнне продажаў. Акрамя таго, прамтурызм не толькі абяцае прамыя выгады. У перспектыве ён павышае імідж усёй краіны.

Гаворачы аб развіцці гэтага кірунку ў нашай краіне, варта згадаць, што не так даўно на прадпрыемстве «БелАЗ» зарэгістравалі 40-тысячнага турыста. Як адзначылі ў прэс-службе Беларускага аўтамабільнага завода, экскурсіямі сёння асабліва цікавяцца студэнты і выкладчыкі айчынных і расійскіх ВНУ. Прычым ёсць як платныя экскурсіі, так і па ўзгадненні — на бясплатнай аснове. У экскурсію ўваходзіць наведванне музея, выставы спецыяльнай тэхнікі, кар'ерных самазвалаў і шэрагу цэхаў. Усе экскурсіі лёгка падладжваюцца пад прафарыентацыі наведвальнікаў. Па словах намесніка генеральнага дырэктара па інфармацыйнай і ідэалагічнай рабоце «БелАЗа» Станіслава Якубовіча, дзякуючы прамысловаму турызму прасцей прасоўваць сваю прадукцыю і станавіцца больш вядомымі для замежных інвестараў.

Таксама ў краіне для наведвання адкрыты кандытарскія фабрыкі «Камунарка», «Слодыч», прадпрыемствы «МТЗ», «Атлант», шэраг малочных заводаў і хлебазаводаў, піўзаводы «Крыніца» і «Аліварыя». Спіс далёка не поўны, аднак ён дэманструе, што кірункі ў гэтага віду турызму могуць быць зусім розныя. Разам з тым эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што прамтурызм у Беларусі толькі пачынае сваё развіццё. Каб заняць вялікую долю на рынку турыстычных паслуг, яму неабходна пераадолець шэраг праблем. Да такіх адносяцца наяўнасць абмежаванняў па санітарных нормах, адсутнасць адладжанай лагістыкі, сродкаў на прасоўванне паслуг і на будаўніцтва дадатковай турыстычнай інфраструктуры. Разам з тым калі рэалізаваць гэтыя кірункі належным чынам, то прамысловы турызм у нашай краіне можа стаць па-беларуску ўнікальным.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Адпачынак на заводзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».