Вы тут

Тры гадзіны, вартыя трох месяцаў


Нейкая восеньская мода сёлета ў сеціве пайшла — пісаць бальнічныя дзённікі. Трапляе чалавек, які мае нейкія публіцыстычныя здольнасці, на нескладаную аперацыю ці, скажам, нервы падлячыць, прабудзе тры тыдні або тры дні — і панеслася. Тут табе і Чэхаў, і Шэкспір, і дзядуля Фрэйд у адным флаконе. Не бальніца, а проста-такі тэатр чалавечых заган, дзівацтваў, разважанняў і ўчынкаў. І сярод гэтай дзеі сам аўтар — белы пушысты філосаф, які проста вымушаны цярпець усё, што адбываецца вакол, а каб трываць было лягчэй — піша нататкі, якія пасля ну проста абавязкова трэба выкласці ў віртуальнай прасторы на ўсеагульнае прачытанне і абмеркаванне.


Вось і падумалася: а чым я горшая? Праўда, досвед мой іншага кшталту — за даволі кароткі прамежак часу два разы давялося некалькі гадзін правесці ў прыёмным пакоі бальніцы хуткай дапамогі. Хтосьці скажа, што гэта зусім няшмат, але, калі ты ў ролі перапужанага сваяка, а на карэце «хуткай» прымчалі сюды твайго самага блізкага чалавека, — гэтыя тры гадзіны вартыя, пэўна, трох месяцаў, калі б ты лячыўся сам. Прыёмны пакой — гэта не бальнічная палата: тут усё хутка, імкліва, тут аголеныя нервы і пачуцці, тут паўсюль чалавечы несупакоены яшчэ боль і гэткая самая чалавечая трывога. Тут ад сузірання навакольнай рэчаіснасці не становіцца лягчэй — яна наадварот рэзка б'е па вачах і вушах, па і без таго напружаных пачуццях. Хіба што разуменне таго, што не адзін ты тут такі, але гэта невялікае суцяшэнне.

Ужо на ганку прыёмнага пакоя сустрэлі першага пацыента. Мужчына стаяў, абапёршыся дзвюма рукамі аб машыну «хуткай» і хістаўся, як падалося, ад невыноснага болю. «Гэта яго проста выпусцілі трохі праветрыцца, — растлумачыла ўрач «хуткай». — Ён, гляньце, які п'яны. Мы ж павінны ўсіх па выкліку забіраць, калі ёсць паказанні. У гэтага, можа, пячонка схапіла, можа, ціск падняўся. Вось і прывезлі...»

У прыёмным пакоі жаночага аддзялення — некалькі пажылых жанчын з аднолькавым выразам пакуты на тварах. Ва ўсіх — скокнуў ціск, схапіла сэрца. Кабет хутка аглядаюць, робяць неабходныя аналізы, тут жа, за шырмай, здымаюць кардыяграму. Рэагуюць яны па-рознаму: хтосьці спакойна тлумачыць доктару гісторыю сваёй хваробы, хтосьці абураецца, што менавіта ёй удзяляюць мала ўвагі, хоць медсястра ўжо звазіла яе на калясцы на ўсе аналізы і трэба крыху пачакаць рэзультатаў. Цётка нічога чуць не хоча, гучна выказвае прэтэнзіі (памятаеце, у Разэнбаума: «...голосит: «Я умираю! Вас дождешься — раньше в гроб уляжешься!»), калі ж урач пытае, што баліць, злосна адказвае: «Усё!» «У вас ціск ужо нармалізаваўся, але трэба паназірацца. Афармляем шпіталізацыю?» — «Я тут ні хвіліны не застануся!» Маладзенькія медсёстры толькі ўсміхаюцца: бабуля за пяць дзён тут ужо трэці раз. «Што ты хочаш, адзінокая, вось і выклікае «хуткую», як толькі прыцісне. Баіцца адна памерці, дый з людзьмі вось пабыла», — спагадліва гавораць адна адной.

Менавіта тут, у прыёмным пакоі, чалавечая адзінота відаць ва ўсёй сваёй страшнай сутнасці. Бабуля, якая чакае, пакуль яе забяруць у палату (дагэтуль яна тлумачыла медсястры: «У мяне, дзіцятка, усё з сабой патрэбнае для бальніцы сабранае, гэты пакет у шафе ўвесь час стаіць. Я ж адна жыву, няма каму пасля падвезці».), з такой зайздрасцю і тугой праводзіць вачыма сваю равесніцу, якую клапатліва, пастаянна перапытваючы «як ты, мама?» вязе на калясцы сівы ўжо сын, што, гледзячы на яе твар, хочацца ўкусіць кафельную сцяну.

Прывезлі яшчэ адну бабку з забінтаванай галавой, над ілбом расплываецца пляма крыві. Можа, спатыкнулася ці, крый божа, стала ахвярай сямейнага гвалту? Аказалася, цікаўная бабуля хацела дастаць нешта з высокай шафы навобмацак і скінула сабе на галаву цяжкую статуэтку. Бабулю павезлі ў траўматалогію, але дзяжурны ўрач, які яе аглядаў, супакойвае перапалоханую ўнучку: «Не хвалюйцеся, у яе ў горшым выпадку страсенне...»

Мужычок гадоў пад шэсцьдзясят з пабітым тварам і, хутчэй за ўсё, зламаным носам, не вельмі трывала стоячы на нагах і выдыхаючы смурод перагару, пасля «праветрывання» на ганку ўжо, можа, пяты раз блытае напрамак і заходзіць у прыёмны пакой для жанчын. «Тут жанчыны! Вам туды!» — на пяты раз крычым гэта ўжо хорам. Няўцямна патупаўшы, страсянуўшы галавой і мацюкнуўшыся, дзядзька кіруецца да выхада.

Чым бліжэй да ночы, тым часцей чуваць: «Санітары!» Гэта значыць, хуткая прывезла пацыента, які не можа рухацца сам, і патрэбныя насілкі. Усіх вязуць у мужчынскае аддзяленне, адтуль вельмі хутка — у траўматалогію. Пацярпелыя ў асноўным нецвярозыя. Малады хлопец, якога вязуць на каталцы, нацягвае на галаву прасціну, агаляючы пры гэтым белы жывот. «Што, сорамна, баішся, што на відэа ў Ютуб трапіш?» — ці то жартуе, ці то так падбадзёрвае небараку ўрач.

Увогуле, урачы прыёмных аддзяленняў — гэта людзі асаблівай вытрымкі. Захоўваць разважлівасць і добразычлівасць у такіх літаральна экстрэмальных умовах — гэта, я вам скажу, трэба ўмець.

Так-так, добразычлівасць, я не памылілася. Намаляваны ў свядомасці многіх з нас вобраз цынічнага «канавала» ў мяне асабіста рассыпаўся ўшчэнт. Тут працуюць у асноўным маладыя хлопцы і дзяўчаты. Размаўляюць спакойна, слухаюць уважліва, дзейнічаюць хутка і ўпэўнена, кіруюцца не толькі ведамі, але і інтуіцыяй. Нядаўна знаёмую такія вось хлопцы выратавалі ад немінучай пагібелі — на сваю рызыку прааперыравалі, без рэнтгену, бо кожная хвіліна магла каштаваць жыцця. А яшчэ ва ўсёй гэтай мітусні яны знаходзяць час і магчымасць сказаць разгубленым людзям, якія з чаканнем і надзеяй заглядаюць ім у вочы: «Не хвалюйцеся, у вас усё будзе добра»...

На гэтай аптымістычнай ноце дазвольце мой кароткі бальнічны дзённік скончыць. Можна было б, вядома, яшчэ паразважаць пра тое, што ў многіх сваіх праблемах са здароўем вінаватыя мы самі, і нават пра тое, як павысіць зарплату ўрачам — усё-ткі ажыццявіць колішнюю ідэю спаганяць грошы за выклік «хуткай» да п'яных грамадзян. Але ў любым выпадку галоўным застанецца пажаданне і сабе, і ўсім добрым людзям: лепш ніколі туды не трапляць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прыёмны пакой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».