Вы тут

Самая хуткая чарапаха любіць клубніцы


Статыстыка ведае ўсё. Прынамсі, так запэўнівалі вядомыя савецкія пісьменнікі Ілья Ільф і Яўген Пятроў. Але знакамітая Кніга рэкордаў Гінеса, ведае, бадай, не менш.


Напрыклад, яна дакладна ведае, якая з чарапах з'яўляецца самай хуткай у свеце. Гэтага гонару ўдастоілася чарапаха па мянушцы Берці. Пражывае рэкардсмен у Вялікабрытаніі, яго гаспадарамі з'яўляюцца Марка і Джанін Кальцыні, уладальнікі парку забаў у мястэчку Дарэм на паўночным усходзе Англіі.

Некалькі гадоў таму муж і жонка вырашылі адкрыць гэты незвычайны парк. Для прыцягнення наведвальнікаў было закуплена каля двухсот экзатычных жывёл, у тым ліку пара чарапах — самец Берці і самка Шэлі. Гаспадары парку нават і не падазравалі, што менавіта дзякуючы Берці яны праславяцца на ўвесь свет. Уладальнікі проста заўважылі, што Берці неверагодна хутка «прыбягае» да міскі з ежай, дэманструючы, па чарапашых мерках, фенаменальную хуткасць.

Муж і жонка Кальцыні зразумелі, што гэтая жвавая чарапаха можа стаць выдатнай рэкламай для іх установы, таму захацелі высветліць — хто з'яўляецца сусветным рэкардсменам у хуткасным бегу сярод чарапах? Вось тут яны і вырашылі звярнуцца да знакамітай Кнігі рэкордаў Гінеса, якая ведае ўсё. Высветлілася, што рэкорд свету сярод чарапах устаноўлены вельмі даўно, яшчэ ў 1971 годзе. Дарэчы, таксама ў Вялікабрытаніі. Чарапаха Чарлі развіла хуткасць 0,125 метра ў секунду. Гэта значыць, за гадзіну жывёла змагла б перамясціцца на 450 метраў.

На здзіўленне Марка і Джанін іх гадаванец з лёгкасцю пабіў вынік далёкіх сямідзясятых. Берці разганяўся да хуткасці каля аднаго кіламетра ў гадзіну, што перавышае больш чым у два разы папярэдні рэкорд. Вось тут і з'явілася ідэя ўключыць Берці ў спіс рэкардсменаў Кнігі Гінеса. Новы рэкардсмен не падкачаў, пераадолеўшы дыстанцыю 5,48 метра за 19,59 секунды. З такой хуткасцю Берці змог бы пераадолець класічную стометроўку за шэсць хвілін. Для чалавека вынік смяхотны, а вось для «бегуна» сярод чарапах — хуткасць на ўзроўні легендарнага спрынтара Усейна Болта сярод звычайных людзей. Дарэчы, так часам чарапаху Берці і называюць.

Радасныя гаспадары чарапахі пабудавалі для Берці новы домік, дзе ён жыве з Шэлі. А перад хаткай вісіць сертыфікат, які пацвярджае, што Берці не звычайная чарапаха, а рэкардсмен свету. Гаспадары ганарацца сваім гадаванцам, праўда, запэўніваюць, што найлепшай узнагародай для Берці з'яўляюцца не медалі і сертыфікаты, а звычайныя клубніцы, якімі яго кормяць перад стартам. Для рэкардсмена гэта найлепшы «допінг».

Слава чарапахі-спрынтара настолькі вялікая, што жывёліна з'яўляецца пастаянным персанажам многіх камп'ютарных гульняў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.