Калі раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам, а прагноз надвор'я вымушае спалучаць сагравальнае і непрамакальнае, вельмі добра набраць па засеках прыгожых фільмаў з восеньскім зместам і аздабленнем — і прагледзець іх у вольны час па адным альбо цэлым пачкам. На сто працэнтаў як антыдэпрэсант гэты метад, можа, і не спрацуе, але настрой дакладна палепшыць.
«Восеньскі марафон» (1979)
Гісторыя пра таленавітага педагога і перакладчыка Бузыкіна, нерашучы характар якога сапсаваў гаспадару ўсё жыццё, паводле першапачатковай задумкі мусіла стаць камедыяй, а стала адной з візітовак знакамітага рэжысёра Георгія Данелія. Бо справа тут значна глыбейшая, чым няўменне сказаць «не»: ні жонцы, ні палюбоўніцы, кожная з якіх жадае быць адзінай і каханай, ні пітушчаму суседу-філосафу, якому патрэбна кампанія для выпіўкі і размоў, ні ўчэпістай аднакурсніцы, якая бессаромна скарыстоўвае талент Бузыкіна для сваіх перакладаў, ні замежнаму прафесару, які запрашае бегаць з ім штораніцы. Справа ў тым, што герой, калі рашаецца нарэшце стаць іншым чалавекам, церпіць фіяска, бо арганічна не здатны прайсці абраным шляхам да канца. Ён можа толькі бегчы трушком, не спыняючыся і не аглядваючыся, пераадольваючы гэты бясконцы марафон ажно да зыходу жыцця...
І хоць многім савецкім глядачкам Данелія не дагадзіў сваёй «сумнай камедыяй» — адны крыўдзіліся, што герой так і не сышоў ад жонкі, другія, наадварот, што канчаткова да яе не вярнуўся, — замежная публіка і крытыка стужку ацаніла высока. На фестывалі ў Сан-Себасцьяне карціна атрымала галоўны прыз, на Венецыянскім фестывалі — прэмію ад журналістаў за найлепшую мужчынскую ролю (Яўген Лявонаў) і прыз Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы. У 1981 годзе карціну нават планавалі вылучыць на «Оскар», але з-за вайны ў Афганістане гэтага не здарылася.
Цікавінкі
«Дацкага прафесара» Хансена сыграў рэальны замежнік, карэспандэнт часопіса «Шпігель» Норберт Кухінке. Яго, уласна, меркавалася прадставіць як нямецкага прафесара, але ўзніклі пярэчанні з боку ЦК КПСС, які патрабаваў дакладнасці: адкуль узяўся прафесар, з буржуазнай ФРГ або дэмакратычнай ГДР? Пры любым з гэтых раскладаў фільм было б немагчыма прадаць на нямецкі рынак, таму нацыянальнасць Хансена змянілі на нейтральную.
Наталля Гундарава сыграла немаладую жонку прафесара (які, паводле фільма, і сам далёка не юнак — 46 гадоў), маці ўжо дарослай дачкі. Насамрэч на момант выхаду карціны актрысе быў усяго 31 год, і яна была маладзейшай за Марыну Няёлаву, якая сыграла ролю палюбоўніцы.
«Аднойчы» (2007)
Дзесяць гадоў таму гэта ірландская музычная меладрама заслужана атрымала «Оскар» за лепшую песню, а пазней была паспяхова адаптавана ў тэатры на Брадвеі. У невялікай, але насычанай гісторыі эмацыянальныя штуршкі гледачам даюць і вонкавае, і ўнутранае: «жывыя» непастановачныя здымкі, прыгожыя восеньскія пейзажы і ўтульныя вулачкі Дубліна, атмасферная лірычная музыка і гісторыя кахання ірландскага вулічнага музыканта і чэшскай імігранткі, вымушанай падпрацоўваць прыборкай кватэр (дарэчы, абодва галоўныя героі — не прафесійныя акцёры і не акцёры наогул, а прафесійныя музыканты, якія выконваюць у фільме ўласныя песні)... Карацей, сам Стывен Спілберг адзначыў, што атрымаў ад прагляду карціны натхненне на ўвесь год, а легендарны музыкант Боб Дзілан запрасіў музыкаў узяць удзел у сваім сусветным турнэ.
Цікавінкі
Цуд у тым, што кіно не проста бюджэтнае, а фантастычна бюджэтнае: яно знята цягам усяго 17 дзён на дзве звычайныя лічбавыя камеры.
Фільм паслужыў пачаткам сапраўднага рамана паміж выканаўцамі галоўных роляў, якія і дагэтуль былі знаёмыя шмат гадоў.
«Салодкі лістапад» (2001)
Рамантычная меладрама, якая прымушае нават зацыкленых на ўласных праблемах меланхолікаў зноў удыхнуць на ўсе грудзі і пачаць радавацца кожнаму імгненню паўсядзённага жыцця. Варта толькі пазнаць сябе ў галоўным героі фільма — зашпіленым на ўсе гузікі рэкламным агенце Нэльсане Мосе, тыповым працаголіку, які не ўяўляе сабе іншага сэнсу ў жыцці. Пакуль аднойчы не сустракае спакуслівую і эксцэнтрычную Сару. Яна просіць пабыць яе хлопцам адзін месяц, а ўзамен абяцае цалкам змяніць яго светаўспрыманне. Адметнасць сітуацыі ў тым, што Сара смяротна хворая на рак, а Нэльсан — адзін з многіх «пацыентаў», лёс якіх дзяўчына выпраўляе...
Цікавінкі
Кінастудыя Warner Brothers выразала са стужкі некаторыя сексуальныя сцэны, з-за чаго выканаўца галоўнай ролі Кіяну Рыўз вельмі засмуціўся, палічыўшы, што фільм страціў пэўную долю пераканаўчасці.
Фільм — рымейк аднайменнай карціны 1968 года — у адрозненне ад свайго папярэдніка — быў сустрэты крытыкамі вельмі непрыязна і атрымаў ажно тры намінацыі на антыпрэмію «Залатая маліна» — але, тым не менш, пры бюджэце ў 40 мільёнаў долараў сабраў звыш 65 мільёнаў у сусветным пракаце і ўвайшоў у адмысловы амерыканскі рэйтынг «250 фільмаў, якія хочацца глядзець і пераглядаць».
«Сяброўка Восень» (2002)
Гэта 4-серыйная меладрама — першы мастацкі тэлесерыял, зняты пасля зацягнутай паўзы «Беларусьфільмам» сумесна з расійскімі кінематаграфістамі.
Пра што фільм? Пра сябровак Аню і Жэню, стасункі якіх з дзяцінства прайшлі выпрабаванне часам і адлегласцю — жывучы ў розных гарадах, жанчыны ведаюць, што абедзве яны па першым сігнале прыйдуць на дапамогу адна адной. І ўсё ж абсалютнай ідыліі не бывае. Жэня ледзь стрымлівае слёзы, гледзячы на Аніну дачку, — сама яна пасля чарнобыльскай аварыі дзяцей мець не можа. Аня ж, у сваю чаргу, мела няшчасце з першага погляду закахацца ў будучага мужа сяброўкі і цяпер з усіх сіл стараецца не перашкаджаць сямейнаму шчасцю... Пры чым тут восень, якая трапіла ў назву карціны? Як растлумачыла выканаўца адной з галоўных роляў актрыса Ганна Вартанян, «проста ўвосень плакаць зручней: слёз з-за дажджу не бачна». Словам — так, гэта адна з тых самых меладрам, пад мелодыі з якіх многія гледачы плачуць.
Цікавінкі
Сцэнарый «Дзіця, сястра мая», які напісала для карціны літаратар і журналіст Юлія Ляшко, у свой час атрымаў два галоўныя дыпломы — на айчынным Нацыянальным кінафестывалі ў Брэсце і расійскім «Залатым Віцязі».
Стваральнікі серыяла адзначылі ў цітрах, што фільм заснаваны на рэальных падзеях.
«Легенды восені» (1994)
Адзін з герояў гэтай ваеннай і сямейнай драмы, ураджэнец амерыканскага штата Мантана палкоўнік Ладлаў шмат гадоў ваяваў з індзейцамі, знішчаючы цэлыя вёскі. Але цяпер ён на пенсіі, выхоўвае трох сыноў і перамяніў сваё меркаванне наконт індзейцаў — больш за тое, разам з сям'ёй жыве на тэрыторыі племені дакота. Аднойчы сярэдні сын прыводзіць у дом нявесту, Сюзану, якая ракавым чынам змяняе жыццё сям'і, бо ў яе закахаліся ўсе трое братоў... Жаніх дзяўчыны ў выніку загінуў на франтах Першай сусветнай вайны, адзін з яго братоў адпомсціў забойцам па звычаях індзейцаў і збег ад цывілізацыі, а другі дабіўся ад каханай згоды на шлюб, але канчаткова пасварыўся з бацькам. І ўсё гэта — на маштабным палатне эмацыянальных жарсцяў, вайны і восені...
Цікавінкі
На ролю галоўнага героя спачатку быў запрошаны Джоні Дэп, але з-за занятасці ў іншых праектах ён фізічна не паспяваў на здымкі, і роля дасталася Брэду Піту, якому давялося вучыцца скакаць вярхом.
Здымкі ў Канадзе дазволілі рэжысёру зэканоміць два мільёны долараў — праўда, давялося змяніць некалькі гарадоў, угаворваючы іх улады даць дазвол на высяканне некалькіх дрэваў.
Шлях карціны ад задумкі да выхаду на экраны склаў ажно 17 гадоў!
Вікторыя ЗАХАРАВА
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.