Вы тут

Свяшчэннае Пісанне па-беларуску прэзентавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы


Свяшчэннае Пісанне на роднай мове прэзентавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Пераклад «Новага Запавету Госпада Нашага Іісуса Хрыста» — гэта вынік шматгадовай складанай працы, адзначыў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел на ўрачыстай імпрэзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Кніга падрыхтавана Выдавецкім саветам Беларускай праваслаўнай царквы.


— Можна сказаць, што гэтае выданне сёння з'яўляецца эталонам, таму што ў папярэдніх перакладах Свяшчэннага Пісання сустракаліся недахопы. Гэта ўзор, які будзе і надалей служыць усім людзям, што імкнуцца спазнаць слова Божае і Свяшчэннае Пісанне, мяркуе Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Для выдавецкага савета ёсць падстава паразважаць пра тое, што яшчэ можна зрабіць, каб азначаная кніга была даступная не толькі для шырокага кола чытачоў, але і для багасловаў, гісторыкаў і ўсіх, хто вывучае Свяшчэннае Пісанне.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел выказаў спадзяванне, што кніга стане настольнай для кожнага хрысціяніна.

На актуальнасць выдання для беларусаў звярнуў увагу міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч:

— Сённяшняя падзея нагадвае пра тое, што ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання з'явілася кніга, якая замацоўвае беларускія традыцыі ў асэнсаванні Новага Запавету праваслаўнай веры. Мне хацелася б, каб гэтая падзея стала падставай для новых крокаў уз'яднання царквы з грамадствам, для фарміравання ўплыву царквы на развіццё нашай суверэннай незалежнай Беларусі.

«Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста» на сучаснай беларускай мове прадставілі ў Полацку падчас святкавання Дзён беларускага пісьменства. Такім чынам, Свяшчэннае Пісанне існуе ў кніжнай прасторы нашай краіны ўжо больш як два месяцы. За гэты час перакладчыкі атрымалі шмат водгукаў. Сярод іх не раз гучалі словы пра тое, што Свяшчэннае Пісанне ўжо перакладалася на беларускую раней. Ад імя Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы, якая займалася перакладам у супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам Беларусі, протаіерэй Сергій Гардун растлумачыў, чаму менавіта «Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста» можна лічыць афіцыйным перакладам. Ён адзначыў, што перакладчыкі ўважліва азнаёміліся з працай папярэднікаў, прааналізавалі плюсы і мінусы ранейшых выданняў, каб дасягнуць найлепшых вынікаў у сваёй справе.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Алена Анісім заўважыла, што «Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста» — гэта падарунак для хрысціян, у аснове якога ляжаць вера і любоў да людзей.

— Бягучы год напоўнены падзеямі і слаўнымі датамі, якія духоўна сілкуюць наша жыццё. Сённяшняя прэзентацыя перакладу Свяшчэннага Пісання выдатная нагода па-новаму ацаніць ролю і значэнне духоўнай асветы, сцвярджае Алена Анісім.

«Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста» перадалі ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел уручыў дыпломы і медалі людзям, якія зрабілі заўважны ўнёсак у стварэнне выдання.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Божае слова па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?