Вы тут

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?


Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Турыстычны сезон на канале завяршыўся з надыходам восені. Такая сітуацыя доўжыцца цэлае дзесяцігоддзе. Вялікія планы па асваенні тэрыторыі так і засталіся на паперы. А час, між іншым, патрабуе новага падыходу: інтарэс да аб'екта ёсць не толькі ў беларусаў, але і ў замежных турыстаў, многія з якіх сёлета маглі без візы наведаць гэтыя мясціны.


«Зверху» дапамаглі

Колькасць турыстаў з кожным годам павялічваецца. Сёлета канал наведала каля 85 тыс. чалавек, з іх 17 тысяч — бязвізавых, паведамілі ў абласным упраўленні спорту і турызму. Праз пункт пропуску на канале прыбыло ў дзесяць разоў больш гасцей, чым летась. Бывалі дні, калі тут назіраўся сапраўдны аншлаг. Падчас святаў, вела- і водных марафонаў, аўтафестываляў і спартыўна-турыстычных спаборніцтваў. Але амаль усе гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў цёплы сезон. А з восені наступае зацішша.

Між тым брэндавы для Гродзеншчыны аб'ект можа выклікаць цікавасць у любое надвор'е. Гэтага дабіліся нашы суседзі — палякі, якія ў межах канала размясцілі безліч кемпінгаў, баз, гасцініц на любы густ. Вядома, трэба прыняць пад увагу, што на польскім баку канал увесь час быў суднаходны, з добрай інфраструктурай. А вось 21 км воднай артэрыі з беларускага боку прыведзены ў належны стан толькі гадоў адзінаццаць таму.

Тэрмін невялікі, і першыя крокі ў асваенні турыстычнага патэнцыялу канала зроблены. Гэтаму спрыяе і дзяржаўная падтрымка, адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, падводзячы вынікі работы бязвізавага рэжыму на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што створана нямала перадумоў, каб развіваць гэты кірунак. Дарэчы, першы ўказ быў накіраваны на рэканструкцыю канала, наступны — даваў дазвол на стварэнне свабоднай турыстычнай зоны ў межах парку «Аўгустоўскі канал», і, нарэшце, сёлета быў выдадзены рэвалюцыйны дакумент па бязвізавым наведванні тэрыторыі парку. Зараз гэта зона павінна забяспечваць экспарт паслуг, ствараць працоўныя месцы, прыносіць прыбытак у бюджэт, падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. Застаецца стварыць умовы, каб турыст мог прыехаць сюды не толькі летам.

Гас­па­дар аг­ра­ся­дзі­бы Ге­надзь Сад­коў­скі.

Шуміць камыш...

Аграсядзібу Генадзя Садкоўскага можна ўбачыць з трасы, якая вядзе на канал. Месца зручнае. Домікі здалёк выглядаюць казачнымі — драўляныя, акуратныя, тры ў радок. Калі трапляеш на тэрыторыю сядзібы, прыемнае ўражанне толькі ўзмацняецца. Вядзе гасцявы бізнес жонка, а ў далейшым, спадзяецца Садкоўскі, сямейную справу працягне дачка. А да гэтага часу гаспадар плануе пашырыць і добраўпарадкаваць тэрыторыю, дзе зараз расце камыш і кавыль.

— Толькі мы сталі прыводзіць у парадак землі, нас абвінавацілі, што гэта захоп, — дзеліцца Садкоўскі. — Балота належыць сельскагаспадарчаму прадпрыемству, але ж толькі намінальна, бо якія тут работы можна весці? Гэта ж прыродаахоўная зона. Кажу — выдзеліце мне ўчастак. У райвыканкаме адказалі, што трэба мяняць прызначэнне земляў. Гэта можа зацягнуцца надоўга.

Тэрыторыю, якая зараз нагадвае звычайнае балота, прадпрымальнік разлічвае расчысціць, хацеў бы пракласці тут сцежкі, паставіць альтанкі, мангалы, зрабіць пляцоўкі для дзяцей, лодачны прычал. Яго сусед прапануе абсталяваць поле для гольфа. Калі здзейсняцца гэтыя планы, Садкоўскі не бярэцца загадваць, бо бачыць, як марудна ідзе асваенне тэрыторыі.

У адміністрацыі СЭЗ «Гроднаінвест» пацвердзілі, што гэта тэрыторыя асаблівага дзяржаўнага рэгулявання, прыродаахоўная зона і кожны крок трэба ўзгадняць з міністэрствамі. Для засваення тут ёсць 11 інвестпляцовак па 25 га ў межах вёсак, але ахвотных заняцца будаўніцтвам вялікіх комплексаў не знаходзіцца.

Аг­ра­ся­дзі­ба «У Іва­ны­ча».

Да новага сезона

Аграсядзібы гатовыя прымаць турыстаў круглы год. Усяго іх у зоне канала 11. Але сёлета яны сутыкнуліся з праблемай размяшчэння вялікіх груп — па 50—60 чалавек. Ужо некалькі гадоў ідзе гаворка аб будаўніцтве хостэла — недарагога начлегу паблізу канала. І такая будоўля вядзецца, праўда, таксама марудна. Гродзенская гарадская арганізацыя рамантуе пад хостэл былы інтэрнат, але яго здача пераносіцца з году ў год. Чарговы раз тэрмін яго здачы перанесены на наступны сезон.

На той жа час чакаецца завяршэнне рэканструкцыі палацава-паркавага комплексу «Свяцк» і былой сядзібы Гурскіх, дзе таксама вядуцца работы не першы год. Гэта будуць самыя значныя турыстычныя комплексы ў зоне канала.

Як паведаміў падчас нарады старшыня Гродзенскага райвыканкама Ян Васілеўскі, ажыўленне ў зоне канала прыкметнае. Праўда, пакуль з боку насельніцтва, а не прадпрымальнікаў — многія купляюць хутары, разводзяць коней. Мясцовыя ўлады таксама не стаяць убаку. У рамках трансгранічнага супрацоўніцтва вядзецца рамонт дарог, чарговыя праекты заяўлены і на наступны год. Літаральна нядаўна адкрыта некалькі музеяў, у тым ліку на адным са шлюзаў. Раённы бюджэт выдзеліў на гэта 54 тыс. рублёў. Праўда, акупляюцца яны павольна. На думку Яна Васілеўскага, турыстычным фірмам варта звярнуць увагу на гэтыя аб'екты і на тыя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў бязвізавай зоне парку «Аўгустоўскі канал». Дарэчы, колькасць турфірмаў, якія спрыяюць наведванню парку, павялічылася ў чатыры разы.

Паляцець на шары

Каб задзейнічаць канал круглы год, перш-наперш трэба вызначыцца з канцэпцыяй яго развіцця. Спецыялісты СЭЗ прапануюць развіваць парк «Аўгустоўскі канал» як ціхую зону адпачынку з перавагай гасцінічнага сэрвісу. Аднак гасцініцы не будуць запатрабаваны ў міжсезонне. Больш прывабнай падаецца прапанова аб актыўным адпачынку, на які арыентаваны, напрыклад, суседзі-палякі. Гэта пацвярджае прыклад Аўгустова. Але для гэтага, зноў жа, патрэбна інфраструктура, заўважыў падчас нарады ў аблвыканкаме памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка. На яго думку, трэба засяродзіць увагу на развіцці асобных зон. Напрыклад, стварыць этнаграфічную вёску. Прапанаваць паслугі па катанні на конях, а можа, нават і на паветраным шары. Работа парку ва ўмовах бязвізавай зоны паказала, што замежным турыстам гэта месца падабаецца. Іх толькі трэба нечым зацікавіць, і не толькі на працягу трох летніх месяцаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?