Вы тут

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?


Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц? Што павінна быць у базавым гардэробе? І як часта можна мяняць тэлефон? «Звязда» вывучыла, што ўваходзіць у спажывецкую карзіну.

Спажывецкая карзіна — гэта спіс рэчаў і паслуг першай неабходнасці. Сюды ўключаюцца прадукты харчавання, адзенне, абутак, медыцынскія прэпараты, аплата транспартных, камунальных і іншых паслуг. Для розных катэгорый грамадзян — дзяцей, пенсіянераў — гэтыя наборы будуць адрознівацца. Для прыкладу возьмем карзіну для працаздольнага насельніцтва.


Так, на месяц беларусу неабходна 6 буханак хлеба, 7 батонаў, паўкіло макароны і крыху больш як кіло круп. Бульбы — ажно 10 кілаграмаў. Месячны запас капусты павінен складаць 2,4 кілаграма, морквы і буракоў — па 1,8 кіло, агуркоў і памідораў — па паўтара. З мяса ў рацыёне мусіць пераважаць ялавічына (1,7 кг). Птушкі патрэбна паўтара кілаграма, а свініны —
у тры разы менш. У спіс прадуктаў першай неабходнасці ўключаны і каўбасы — па кілаграме на чалавека. У месяц беларусу таксама неабходна пакласці ў карзіну амаль кілаграм свежамарожанай рыбы і 300 грам селядца.

Нормы па «малочцы» наступныя: 5,5 пакета малака, 4,5 кілаграма кефіру ці ёгурту, кіло тварагу і пачак смятаны. Сыру — усяго 200 грамаў. Затое яек — два дзясяткі. Павінны быць у рацыёне і фрукты — 3,3 кілаграма. Што да цукерак, пірожных і зефіру, то месячная норма кандытарскіх вырабаў — паўтара кіло (гэта, напрыклад, торт і пяць шакаладак).

Разгледзім гардэроб. Мужчыне на чатыры гады патрэбны: адна куртка зімняя і адна дэмісезонная, два світары, дзве пары летніх туфель, два касцюмы. Летняя куртка, чаравікі і спартыўны касцюм мусяць праслужыць тры гады. Штаны і джынсы (іх павінна быць дастаткова па адной пары) мяняем раз на два гады. З кашулямі і майкамі асартымент большы — па чатыры штукі. Стратэгічны запас шкарпэтак — сем пар на год.

А колькі адзення патрэбна жанчыне? Запісвайце: зімняе і дэмісезоннае паліто (новае — толькі праз чатыры гады), плашч, летняя куртка, адны джынсы, дзве спадніцы, дзве сукенкі, дзве блузкі і два світары (апошнія абнаўляць таксама трэба толькі раз на чатыры гады). Жаночую слабасць да абутку крыху ўлічылі: у спісе неабходнага — боты ўцепленыя і звычайныя, дзве пары туфель, дзве — басаножак і адна — красовак. Праўда, хапіць іх павінна на тры-чатыры сезоны. Падлічылі таксама, што на год жанчыне неабходна шэсць калготак і чацвёра трусоў. І — трымайцеся, дамы — толькі адной сумкі мусіць быць дастаткова на шэсць гадоў.

У спажывецкую карзіну ўключаны таксама мэбля і тэхніка. Напрыклад, кухонны стол, шафы для посуду і адзення разлічаны на 20 гадоў, а ложак — на дзесяць. Пральную машыну, халадзільнік, тэлевізар, пыласос, прас купляем раз на дзесяць гадоў. І тэлефон таксама! Цікава, што аднаго парасона па нормах павінна хапіць на 15 гадоў. Ведаць бы, дзе такія выпускаюць...

А яшчэ ў мінімальны гадавы набор уключана 12 праязных, восем паходаў у цырульню і адзін — у фотаатэлье.

Як разлічваецца гэты спіс неабходнага? У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны растлумачылі, што спажывецкая карзіна фарміравалася на падставе навуковых рэкамендацый. Наборы прадуктаў вызначаны зыходзячы з патрэбы ў харчовых рэчывах і энергіі. Напрыклад, сярэднестатыстычнаму чалавеку працаздольнага ўзросту неабходна 2950 калорый у суткі, студэнту — 2620, пенсіянеру — 2140. Прадукты падбіраліся так, каб рацыён быў збалансаваны па складзе і змяшчаў аптымальную колькасць мінералаў і вітамінаў.

Што да адзення і абутку, то тут улічваліся тэрміны службы рэчаў, якімі забяспечвае наш легпрам. Пры гэтым жаночы гардэроб зрабілі больш разнастайным за мужчынскі, а гардэроб у моладзі і працаздольнага насельніцтва абнаўляецца часцей з-за іх сацыяльнай і фізічнай актыўнасці.

Склад спажывецкай карзіны пераглядаецца раз на пяць гадоў. Апошнія змены ўносіліся ў 2014-м. Тады, напрыклад, з набору неабходных паслуг выключылі карыстанне радыёкропкай і дадалі сотавую сувязь.

У тэму

Колькі грошай трэба ў месяц, каб хапіла і на прадукты, і на паход у кіно? Згодна з памерам мінімальнага спажывецкага бюджэту, для працаздольнага насельніцтва гэта сума складае 413 рублёў 33 капейкі, для пенсіянераў — 324 рублі 63 капейкі, для студэнтаў — 311 рублёў 54 капейкі.

Удзельная вага асноўных расходаў у мінімальным спажывецкім бюджэце сям'і з чатырох чалавек такая:

  • прадукты харчавання — 50%;
  • адзенне, бялізна, абутак — 19,6%;
  • жыллёва-камунальныя паслугі — 7,3%;
  • бытавыя паслугі, транспарт, сувязь — 8,9%;
  • мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння — 8,6%;
  • культурна-асветніцкія мерапрыемствы і адпачынак — 1,4%;
  • узносы і плацяжы — 1,8%;
  • лекі, прадметы санітарыі і гігіены — 2,4%.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Белта

Загаловак у газеце: Паліто — на чатыры гады

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Курыца — самая папулярная і даступная сёння па цане мясная страва.

Грамадства

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага друку!