Вы тут

ПРААН і Мінпрыроды пабудуюць «зялёныя» гарады


Стварэнне разумных і «зялёных» гарадоў — актуальны трэнд для нашай краіны. Аднак не заўсёды навацыям лічаць патрэбным удзяляць увагу мясцовыя ўлады, а ў насельніцтва яшчэ цяжэй фарміруюцца экалагічна дружалюбныя паводзіны. Тым не менш у Беларусі ёсць гарады, якія ўжо маюць рэпутацыю актыўных і свядомых удзельнікаў праектаў, накіраваных на паляпшэнне стану навакольнага асяроддзя. Як гэта адбываецца на практыцы, расказала кіраўнік праекта ПРААН/ГЭФ «Падтрымка «зялёнага» горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі («Зялёныя» гарады)» Ірына УСАВА.


— Праект «Падтрымка «зялёнага» горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» рэалізуецца з 2016 года. Ці атрымалася, на ваш погляд, за гэты час змяніць свядомасць людзей, данесці да іх каштоўнасці экалагічна дружалюбнага ладу жыцця?

— Актыўную сваю фазу праект пачаў з сярэдзіны 2017 года. На дадзены момант немагчыма сказаць дакладна, наколькі атрымалася змяніць свядомасць жыхароў, бо актыўнае абмеркаванне планаў «зялёнага» горадабудаўніцтва пачнецца толькі ў 2018 годзе ў Полацку, Наваполацку і Навагрудку. Зараз Праект робіць акцэнт на правядзенне адукацыйных візітаў, семінараў і трэнінгаў з мэтай максімальна распаўсюдзіць сярод тэхнічных экспертаў, прадстаўнікоў гарадскіх адміністрацый, НДА, праекціроўшчыкаў, універсітэтаў, СМІ міжнародны вопыт «зялёнага» горадабудаўніцтва. Пакуль нам накіроўваюць пазітыўныя водгукі на мерапрыемствы, якія даюць магчымасць спецыялістам атрымаць новыя веды, змяніць сваё бачанне і падыходы да штодзённых абавязкаў. У Мінску 5—6 снежня 2017 года праект праводзіць сустрэчу для абмеркавання перспектыў развіцця «зялёнага» горадабудаўніцтва ў Беларусі, па выніках якой мы чакаем узгадненне кірункаў па гэтай тэматыцы, абмен вопытам з еўрапейскімі калегамі, вызначэнне бар'ераў і перспектыў.

— Па якіх крытэрыях выбіралі для ўдзелу ў праекце Полацк, Наваполацк і Навагрудак?

— Полацк і Навагрудак — адны з лідараў у кірунку ўстойлівага развіцця ў нашай краіне. Полацк першым далучыўся да Пагаднення мэраў па клімаце і энергіі, актыўна рэалізуе мерапрыемствы ў сферы паляпшэння стану навакольнага асяроддзя. Адміністрацыя горада энергічна шукае падыходы і меры па скарачэнні выкідаў. Навагрудак таксама ўзяў на сябе абавязкі скарачэння выкідаў парніковых газаў.

Наваполацк цяпер рэалізуе праекты па ўстойлівай мабільнасці і інклюзіі.

Акрамя таго, на прыкладзе малых і сярэдніх гарадоў прасцей рэалізаваць пэўныя мерапрыемствы і атрымаць вынікі падчас выканання праекта.

— На рэалізацыю гэтага праекта ПРААН выдаткавала 3 млн долараў. Ці ўдзельнічаюць у ім фінансава дзяржструктуры, мясцовыя бюджэты? Ці дастаткова сродкаў на рэалізацыю ўсіх ідэй?

— Сродкі на рэалізацыю мерапрыемстваў выдзяляе Глабальны экалагічны фонд. Пілотныя гарады, а таксама партнёры праекта гарантуюць дадатковае фінансаванне рэалізацыі яго мерапрыемстваў. Згодна з бюджэтам праекта ў дадатак да 3 млн плануецца далучыць яшчэ 12 млн долараў. Сродкаў дастаткова для рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў, але ж для вырашэння праблем гарадоў неабходны дадатковыя сродкі.

— Ці задаволены вы супрацоўніцтвам, якое складваецца з дзяржаўнымі арганізацыямі і органамі мясцовай улады?

— Дзейнасць па праекце каардынуецца як з боку Праграмы развіцця ААН, так і з боку Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое з'яўляецца выконваючай арганізацыяй па праекце. Трэба адзначыць, што пілотныя гарады падтрымліваюць праект і актыўна дапамагаюць як у арганізацыі мерапрыемстваў, так і ў рэалізацыі яго пэўных кампанентаў. Наколькі больш актыўна мясцовыя ўлады сталі далучацца да «зялёных» ініцыятыў, відаць на прыкладзе Еўрапейскага тыдня мабільнасці (Thе Еurореаn Mоbіlіtу Wееk), які прайшоў пры інфармацыйнай падтрымцы нашага праекта з 16 па 22 верасня. Мэта гэтай штогадовай еўрапейскай кампаніі — паказаць жыхарам гарадоў і гарадскім адміністрацыям перавагі выкарыстання экалагічных відаў транспарту, ступень уздзеяння шкодных выкідаў аўтатранспарту на грамадскае здароўе. Актыўнасць беларускіх гарадоў уразіла: калі ў 2015 годзе ў ЕТМ удзельнічалі толькі Мінск, Полацк і Наваполацк, то ў 2016-м гарадоў было ўжо 19, а ў 2017-м удзельнікамі сталі 47 гарадоў і іншых населеных пунктаў. Дарэчы, кампанія прайшла пры актыўнай падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— Якія надзеі звязваеце з удзелам у Месячніку «разумных» гарадоў?

— Для праекта мы шукалі ініцыятывы з цікавымі ідэямі для рэалізацыі ў нашых гарадах. Гарады — асноўныя крыніцы выкідаў парніковых газаў. У той жа час гарады і іх таленавітыя жыхары — гэта крыніцы ідэй, інавацыйных падыходаў, цікавых праектаў і эксперыментаў, якія дапамагаюць вырашаць экалагічныя праблемы.

Экалагічныя ініцыятывы нельга адкладаць на заўтра, іх трэба ажыццяўляць ужо цяпер, а пытанні забруджвання навакольнага асяроддзя і змены клімату павінны станавіцца важнай часткай стратэгічных дакументаў развіцця гарадоў. У рамках Smаrt Сіtіеs Mоnth праект падтрымаў правядзенне Кліматона. Гэты хакатон («форум распрацоўшчыкаў») па праблемах змены клімату адбыўся адначасова ў буйных гарадах свету 27—29 кастрычніка. У фінале мінскага хакатона прынялі ўдзел восем камандаў, якія прадставілі свае «зялёныя» распрацоўкі па самых розных кірунках: выратаванне дрэў у гарадах, эфектыўнае выкарыстанне гарадскіх прастораў, збор смецця, пошук працы людзьмі з інваліднасцю і г. д. Пераможцам была прызнана каманда SG Tеаm з праектам Sоlаrfіеld — мабільнай праграмай, якая вывучае мэтазгоднасць і эфектыўнасць уладкавання сонечных панэляў на дахах гарадскіх дамоў.

— У праект плануецца ўключыць яшчэ дзесяць гарадоў Беларусі. Па якіх крытэрыях іх будуць выбіраць або, можа, падкажам актывістам, якія крокі трэба зрабіць, каб удзельнічаць у праекце?

— На дадзены момант пакуль не вырашана наконт крытэрыяў адбору гарадоў. Мы актыўна запрашаем адміністрацыі населеных пунктаў да ўдзелу ў адукацыйных мерапрыемствах, але не заўсёды знаходзім водгук. Бо пакуль гарадскія адміністрацыі заклапочаны вырашэннем надзённых праблем і проста не маюць магчымасцяў для таго, каб больш шырока глянуць на стратэгічныя пытанні, звязаныя з гарадскім развіццём. Тым не менш у гэты спіс трапяць самыя актыўныя гарады, якія не проста зацікаўлены атрымаць фінансаванне, але і гатовыя свядома рухацца ў «экалагічным» кірунку і пры гэтым выконваць пэўныя мерапрыемствы.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Колер надзеі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».