Вы тут

У Гомельскай вобласці пачалі перапрацоўваць тварожную сыроватку


Тона няправільна ўтылізаванай тварожнай сыроваткі наносіць такую ж шкоду навакольнаму асяроддзю, як 100 кубаметраў гаспадарча-бытавых адходаў, сцвярджаюць эксперты. Пры гэтым у цэлым па Беларусі праблема з перапрацоўкай сыроваткі практычна вырашана, і ў некаторых раёнах паказчык дасягае 95%. Выключэнне складае толькі Гомельскі раён. Да нядаўняга часу тут перапрацоўвалі толькі 78% тварожнай сыроваткі. Але сёння гомельскія малочнікі абяцаюць цалкам спыніць выкіды ў навакольнае асяроддзе.


Такая магчымасць у іх з'явілася дзякуючы рэалізацыі пілотнай ініцыятывы ў межах праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», які фінансуецца ЕС і ажыццяўляецца ПРААН. На грошы Еўрасаюза малочнае прадпрыемства «Мілкавіта» ўстанавіла фарсункавы распыляльнік. Гэтая ўстаноўка дапаможа палепшыць якасць перапрацоўкі тварожнай сыроваткі і атрымаць новы від прадукцыі — сухі канцэнтрат, які выкарыстоўваецца для вытворчасці заменнікаў неразведзенага малака.

— У Беларусі больш за 1 млн галоў цялят, а заменнік неразведзенага малака дапамагае маладняку хутчэй вырасці ў паўнавартасных жывёл, — адзначыў галоўны тэхнолаг кампаніі «Vzduсhоtоrg» Павел Гулько. — Раней гэты прадукт закупляўся за мяжой, цяпер мы зможам зэканоміць ад 300 да 390 тыс. рублёў у месяц. Атрымліваецца, што за адходы, якія негатыўна ўплываюць на навакольнае асяроддзе, мы яшчэ атрымліваем даход.

Па словах экспертаў, фарсункавы распыляльнік дапаможа ўтылізаваць нават малыя аб'ёмы сыроваткі. Да рэалізацыі ініцыятывы ў Беларусі ў прынцыпе не было такіх установак.

— Буйныя малочныя прадпрыемствы маюць абсталяванне, якое перапрацоўвае толькі вялікія аб'ёмы сыроваткі — звыш 1000 тон. Такія вытворчасці ёсць у Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Але што рабіць з невялікай колькасцю сыроваткі, незразумела, — адзначыла намеснік старшыні Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу, кіраўнік ініцыятывы Марына Бароўка.

Спецыялісты адзначаюць, што «Мілкавіта» — адзінае прадпрыемства ў Гомельскай вобласці, якое спецыялізуецца на вытворчасці сыроў. Таму тут і раней сыроватка перапрацоўвалася, аднак абсталяванне спраўлялася толькі з салодкай падсырнай сыроваткай. Фарсункавы ж распыляльнік дазволіў перапрацоўваць і найбольш «складаную» сыроватку — кіслую тварожную.

— У Беларусі штогод вырабляецца больш за 7 млн тон малочных прадуктаў, з іх 4 млн тон адпраўляецца на экспарт. Наша краіна ўваходзіць у пяцёрку найлепшых пастаўшчыкоў малака, сыру, тварагу і іншых малочных прадуктаў. Гэтыя паказчыкі прымушаюць трымаць руку на пульсе і разумна абыходзіцца з вытворчымі адходамі, — лічыць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Марыя Клімава.

Прадпрыемства «Мілкавіта» плануе збіраць тварожную сыроватку з усёй Гомельскай вобласці. Новае абсталяванне дазволіць перапрацоўваць да 110 тон у суткі, што складае каля 2300 тон у месяц.

Кацярына КІРЭЕВА

kаtуаkіrееvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Без малочнага бруду

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».