Вы тут

Адзіноце тут не месца


Таня з гонарам паказвае святочнае адзенне, якое сама пашыла для лялькі. Магчыма, уменне перадалося ад маці, магчыма, вопыт яна набыла ў майстэрні, але абноўкі для пластмасавых немаўлят атрымліваюцца шыкоўныя. Таня часта гуляе ў сэнсорным пакоі і крыўдзіцца, калі яе захапленне не ўспрымаюць усур'ёз. Пазней мы пазнаёміліся. Аказалася, што адкрытай і цікаўнай дзяўчынцы Таццяне Бурковай 36 гадоў.


У швей­най май­стэр­ні.

— У кожнага з нашых падапечных свой шлях. Нехта хварэе з дзяцінства, кагосьці хвароба прыводзіць да групы інваліднасці ўжо ў сталым узросце, іншыя атрымалі траўму... Мы вядзём банк даных і кожны квартал яго абнаўляем. Тэлефануем у паліклінікі, на ФАПы, выязджаем у вёскі, дзе ёсць чалавек «нашай катэгорыі», — кажа Наталля Прэз, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Баранавіцкага раёна.

Першая сустрэча — заўсёды знаёмства. Спецыялісты паказваюць буклеты, расказваюць пра мерапрыемствы, глядзяць у вочы падапечнаму і яго сваякам. Родным таксама патрэбна эмацыянальная разгрузка. Што датычыцца падапечнага, то для яго паездка павінна стаць адпачынкам і шанцам пазбавіцца ад адзіноты.

— Настрой пагаршаецца, калі прыходзяць выхадныя дні. Тут, у цэнтры, добра, а на выхадных сумна сядзець дома без справы. Раней, да траўмы, працаваў без спецыяльнасці, а як трапіў сюды, дык асвоіў тры прафесіі: магу быць брашуроўшчыкам, кветкаводам і краўцом, прычым аб выбары не шкадую. Вельмі прыемна адчуваць, што ты можаш рабіць нешта карыснае. Яшчэ мне падабаецца настольны тэніс, гуляю ў даміно і шашкі, — расказвае сваю гісторыю Яўген Лапкоўскі.

Увогуле, аддзяленне дзённага знаходжання ў аграгарадку Жамчужны наведвае 48 чалавек — інваліды І і ІІ групы, пажылыя людзі, якім за 60. У асноўным гэта практычна самадастатковыя асобы — з сям'ёй, гаспадаркай і абавязкамі.

Каб у кожнага з іх быў занятак пад густ, на базе аддзялення арганізавана 12 гурткоў і дзве майстэрні. Спецыфіка захапленняў скіравана на здаровы лад жыцця, развіццё творчасці, уменне працаваць за камп'ютарам.

Вядома, тэхналагічнай адукаванасці жыхароў у многім спрыяе інфраструктура аграгарадка, дзе ёсць сельвыканкам, ЖЭС, пошта, банк... Жыхары аддаленых вёсачак могуць трапіць у аддзяленне дзённага знаходжання толькі на машыне ад установы, што пэўным чынам абмяжоўвае іх магчымасці. Па словах Наталлі Прэз, прыезд машыны сацыяльнай дапамогі — прыкмета свайго роду статусу. «Ага, да яго прыехалі!» — кажуць аднавяскоўцы. Для падапечных гэта цэлая падзея — перад паездкай чалавек апранае самае лепшае, робіць прычоску, быццам збіраецца ў тэатр, некаторыя нават гатуюць дамашнія стравы з намерам пачаставаць іншых.

Ана­толь Ці­вун­чык не так даў­но ад­ва­жыў­ся сес­ці за кам­п'ю­тар.

У майстэрні бачу цэлую выстаўку сувеніраў, заколак, брошак — прадукцыю, якую потым можна прадаць. Выручаныя грошы трапляюць на рахунак цэнтра, і на іх набываюць новыя матэрыялы для работы. У камп'ютарным класе падапечных вучаць карыстацца праграмамі, шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, трэнажорны зал дазваляе займацца фізічнымі практыкаваннямі, у агульным пакоі наведвальнікі збіраюцца для гульняў, размоў або рэпетыцый — на сценах відаць дыпломы за прызавыя месцы ў творчых і спартыўных конкурсах. Часам падрыхтоўка да іх запамінаецца больш, чым сам удзел. Напрыклад, калі каманда рыхтавала анімацыйную ленту на Міжнародны фестываль аматарскіх фільмаў, то выпадкова ледзь не выклікалі пажарных. Мультфільм «Я ганаруся!» апавядаў пра ваенныя падзеі, патрэбны былі вогненныя спецэфекты. У выніку спрацаваў пажарны апавяшчальнік, затое лента заняла прызавое месца.

— Я не хачу, каб тут была «спецыяльная ўстанова», дзе кожны крок падпарадкаваны рэжыму. Калі абед у нас запланаваны на гадзіну дня, а наш падапечны захоча перакусіць за паўгадзіны да таго, ніхто не стане зачыняць перад ім дзверы на кухню, — тлумачыць спецыфіку працы загадчыца аддзялення.

Дарэчы, пра кухню. Падапечныя ў большасці сваёй маюць агародзікі, таму па чацвяргах яны прыносяць і разам з кіраўніком гуртка «Самавар» гатуюць тут што-небудзь смачнае. Жорсткіх межаў няма: калі па нейкіх прычынах не атрымалася правесці кулінарную сустрэчу ў чацвер, то яе пераносяць на пятніцу перад запланаванай экскурсіяй.

— Экскурсіі ладзім не толькі па Баранавіцкім раёне. Выязджаем да суседзяў, наведваем Жыровічы, Тураў. Нашы пенсіянеры вельмі прасунутыя, яны з задавальненнем фатаграфуюцца, а потым выкладваюць фота на віртуальных старонках, падбіраюць да іх вершы-віншаванні. Я ведаю, што некаторыя з іх карыстаюцца скайпам і вайберам, каб трымаць сувязь з дзецьмі, — кажа спецыяліст па сацыяльнай рабоце Вольга Логвін.

Мінулым летам работнікі аддзялення рэалізавалі праект «Працоўная майстэрня для людзей з абмежаванымі магчымасцямі», які атрымаў падтрымку ПРААН. Цяпер двое з падапечных маюць афіцыйнае пацвярджэнне на рамесніцкую дзейнасць.

Гэта самы лепшы варыянт, бо людзі з асаблівасцямі часта не могуць упісацца ў графік работы завода, цяжка падстройваюцца пад канвеерную вытворчасць. Рамесніцтва дазволіць ім працаваць дома па вольным графіку.

— Часам даводзілася чуць ад калег, што пажылыя і інваліды цяжка ўжываюцца разам. Для нас такой праблемы не існавала — магчыма, з-за таго, што яны і раней жылі побач як суседзі, аднавяскоўцы, — кажа Наталля Прэз. — Аддзяленне працуе з 2006 года, некаторыя спецыялісты, як і падапечныя, тут з самага пачатку, і гэта таксама важны момант. На мой погляд, самае яскравае пацвярджэнне аўтарытэту — гэта калі падапечны расказвае табе нешта пра свае захапленні, хоча дазнацца тваё меркаванне ці проста частуе салатай, якую сёння прыгатаваў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».