Вы тут

Што адбываецца з раслінным светам сталіцы?


Гэтай восенню ўступіла ў сілу рашэнне надаць васьмі батанічным аб'ектам у Мінску статус помніка прыроды мясцовага значэння. Для сталіцы гэта першы выпадак — разгляд пытання доўжыўся тры гады. Тым не менш апошнім часам у зводках навін часцей трапляюцца паведамленні пра тое, што ў тым ці іншым месцы дрэвы не абараняюць, а, наадварот, пазбаўляюцца ад іх. Мясцовыя жыхары пішуць скаргі ў адміністрацыі, а сацыяльныя сеткі стракацяць фотаздымкамі на фоне ссечаных дрэў з настальгічнымі подпісамі: «На гэтых галінах я правёў палову свайго шчаслівага дзяцінства...»


За ўсім — чалавечы фактар

Па звычцы ва ўсіх бедах шмат хто вінаваціць «Мінскзялёнбуд». Але, па-першае, варта заўважыць, што гэтая арганізацыя адказвае толькі за ўтрыманне насаджэнняў паблізу дарог, у скверах і парках. Да ўсяго, што адбываецца ў дварах жылых дамоў, яна дачынення не мае. Па-другое, менавіта за ўтрыманне. Складанне планаў пасадак — задача іншых устаноў. Атрымліваецца так: адны садзяць, іншыя камандуюць як, а трэція кантралююць. Натуральна, не абыходзіцца без блытаніны. Так што частка прэтэнзій у бок работнікаў прадпрыемства адрасуецца несправядліва, аднак ёсць заўвагі і па справе.

— Прычын таго, што сталічныя дрэвы знаходзяцца не ў лепшым стане, шмат: гэта і недастатковы маніторынг, і вялікая колькасць пашкоджанняў, зробленых транспартнымі сродкамі. Другі пункт — вынік нізкага ўзроўню працоўнай дысцыпліны і прафесіяналізму супрацоўнікаў як «Мінскзялёнбуда», так і ЖКГ. Яны дазваляюць сабе, нягледзячы на забароны, выязджаць на газоны з мяккай глебай на цяжкай тэхніцы — маўляў, далёка цягнуць ссечаныя галіны да асфальту. У выніку пашкоджваецца каранёвая сістэма дрэў. На мой погляд, гэта службовае парушэнне, за якім павінна ісці сур'ёзнае пакаранне. Зразумела, гэта толькі адна з прычын праблемы, але досыць істотная, — разважае актывіст грамадскай кампаніі «Гарадскі ляснічы» Ігар Корзун.

— Возьмем сквер Котаўка. Вясной там быў выдалены шэраг дрэў з прычыны іх небяспечнасці, а ўжо ў верасні два дрэвы пры моцным парывістым ветры паваліла. Дастаткова было паглядзець на іх, каб зразумець, што яны відавочна ў аварыйным стане. І тут узнікае пытанне да прафесіяналізму супрацоўнікаў «Зялёнбуда» Першамайскага раёна сталіцы: якім чынам яны выявілі тыя 15 дрэў, не звярнуўшы ўвагі на гэтыя? Адпаведна, пачынаеш задумвацца: а ці былі тыя дрэвы аварыйныя?

І ўсё ж чалавечы фактар выключыць нельга ні ў адной сферы. Па словах кіраўніка службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў гарадской гаспадаркі УП «Мінскзялёнбуд» Анжалікі ПУЗАНКОВАЙ, перад пачаткам работ усіх супрацоўнікаў прадпрыемстваў папярэджваюць пра адказнасць за нанесеную шкоду. Прычым супрацоўнікі замацоўваюць прыняцце такіх умоў асабістым подпісам. Каб кантраляваць сітуацыю, рэгулярна праводзяцца аб'езды, ды і грамадскасць не маўчыць.

Тым не менш сёлета ў Маскоўскім і Першамайскім раёнах мелі месца выпадкі недапушчальных парушэнняў, за што пакараныя як кіраўнікі і майстры, так і самі работнікі, у тым ліку з асабістым пакрыццём нанесенай шкоды.

«Белая смерць» для дрэў

І калі прафесіяналізм супрацоўнікаў арганізацый, якія выконваюць названыя работы, можна ўдасканальваць, то паўплываць на іншыя фактары значна складаней — рытм жыцця мегаполіса не мяняецца па шчаўчку пальцаў.

Яшчэ 15 гадоў таму галоўнымі ворагамі сталічных дрэў, «прапісаных» уздоўж цэнтральных вуліц, былі выхлапныя газы — больш за ўсё пакутавалі пасадкі каля пешаходных пераходаў і святлафораў. Зараз жа значна большую пагрозу ўяўляе так званая белая смерць — соль, якой пасыпаюць вуліцы зімой. На двух цэнтральных праспектах — Незалежнасці і Пераможцаў — перавышэнні па колькасці солі — у 17—23 разы, на праспекце Дзяржынскага — у 8 разоў. Атрымліваецца, саджай не саджай, высечкі непазбежныя? Гэта пры тым, што для падтрымання нармальнай жыццядзейнасці дрэў праводзіцца столькі працэдур, колькі не снілася нават дамам, якія рэгулярна наведваюць спа-салоны. Аднак, па сутнасці, эфектыўнасць гэтай работы непазбежна імкнецца... да нуля.

Напрошваецца лагічная выснова: калі гара не ідзе да Магамета... то трэба мяняць не сістэму догляду, а самі процігалалёдныя рэагенты. Аднак пытанне ўпіраецца ў фінансы: адходы Салігорскага камбіната, якія ўяўляюць сабой злучэнне натрыю і хлору, занадта прывабныя па цане, каб ад іх адмаўляцца.

— Раней была норма па выкарыстанні солі на метр квадратны, цяпер яе няма. Таму сыплюць не шкадуючы — бяспека важнейшая. Да таго ж амаль чыстую соль. А да гэтага яна складала ўсяго 10% у сумесі з пяском. А калі мы прапануем дзеля той жа бяспекі знізіць хуткасны рэжым — рэакцыі няма. Усе іншыя рэагенты, напрыклад кальцый хлор, які выкарыстоўваюць у Маскве, каштуюць значна даражэй. Адна французская кампанія прапаноўвала нам сваё рэчыва — па долары за кілаграм. Высыпаць 5 мільёнаў долараў толькі на адну кальцавую дарогу, вядома, не дазваляе бюджэт. Патрэбна ўласная эксперыментальная праца, — заўважыў загадчык сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Аляксандр СУДНІК.

Выслухаўшы такія довады, пачынаеш задумвацца: дык, можа, не мучыць ні дрэвы, ні людзей і хоць бы часова спыніць пасадкі? Але спецыялісты не здаюцца: дрэвы, ахвяруючы сабой, хоць неяк абараняюць нас ад шкодных рэчываў. Так, лістота, якую ўзялі на аналіз каля дарогі, паказала практычна ўсю табліцу Мендзялеева.

— Што да праспекта Незалежнасці, то, паколькі гэта аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, на ім павінны расці ліпы. Гэта парода не солеўстойлівая, аднак прыходзіцца выкарыстоўваць менавіта яе. Сітуацыя складаная, але не крытычная: напрыклад, у мінулым годзе на працягу ўсяго праспекта мы выдалілі 23 дрэвы. Калі гаварыць пра праспект Пераможцаў, то тут мы вырашылі адмовіцца ад каштанаў. Здаровыя не прыбіраем, але выдаленыя новымі не замяняем. Лепш за ўсё для цэнтра падыходзяць такія солеўстойлівыя пароды, як вяз, ясень, дуб чырвоны, — расказала Анжаліка Пузанкова.

Я садоўнікам нарадзіўся...

Каб не было спрэчных момантаў наконт «секчы ці не секчы», спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук сумесна з калегамі з Інстытута эксперыментальнай батанікі і Цэнтральнага батанічнага сада распрацавалі інструкцыю на 40 старонак па вызначэнні аварыйнасці і жыццёвага стану дрэў. Так што, калі высечка ўсё ж ідзе, хутчэй за ўсё, для яе ёсць навуковае абгрунтаванне. Іншая справа — што адбудзецца далей. Раней замест аднаго дрэва садзілі дзесяць, цяпер альбо адно, альбо тры ў залежнасці ад розных фактараў. А ім жа і прыжывацца складаней... Акрамя таго, у горадзе выкарыстоўваюць толькі стандартны пасадачны матэрыял, невялікі па памерах, які адпавядае даўнім ДАСТам, а вось «буйнамерам» са значна большай магчымасцю выжыць у сталіцы папросту няма месца — знайсці лунку для развітой каранёвай сістэмы перашкаджаюць пракладзеныя пад зямлёй сеткі.

Калі з цэнтральных праспектаў адысці ўглыб двароў, то праблема паўстае з новага боку. На пярэдні план зноў выходзіць чалавечы фактар. На думку вядучага навуковага супрацоўніка сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі, кандыдата біялагічных навук Ірыны ВАЗНЯЧУК, практычна ўсе пасадкі, што ёсць на дадзены момант у мінскіх дварах, — спадчына савецкага часу. Зараз работа адказных за іх службаў ЖКГ вядзецца не на належным узроўні. Што непазбежна вядзе да сумнага выніку.

Як варыянт вырашэння праблемы Ігар Корзун прапануе ўвесці ў кожнай арганізацыі, якая займаецца гэтай тэмай, пасаду садоўніка. І для ўтрымання карысна, і для эстэтыкі, пра якую гаворка калі і заходзіць, то ў апошнюю чаргу.

Але пакуль тыя ці іншыя новаўвядзенні закрануць дзяржаўныя арганізацыі, самы час задумацца мясцовым жыхарам пра сваю ролю ва ўсім гэтым працэсе. Бо звычайна ініцыятыва заканчваецца на дубчыку, уторкнутым у загадзя зробленую лунку. Можа, ходкую фразу пра дом, дрэва і сына варта пашырыць: маўляў, дрэва трэба не толькі пасадзіць, але і дагледзець?

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота Ліны МАЛІНІНАЙ

Загаловак у газеце: Ссекчы або памілаваць?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.