Вы тут

Падборка твораў, якія друкуюцца ў «Маладосці»


Кацярына Захарэвіч. «Вясковыя зацемкі»

(без прэтэнзій на ўсеабдымнасць і аб'ектыўнасць)

Урывак

Бабуля

Некалькі гадоў таму бабуля з дзедам пераехалі з хаты ў кватэру. Цудоўную, двухпавярховую, на чатыры пакоі, з усімі выгодамі цывілізацыі. У кожнага свой пакой, свой тэлевізар, і сваякоў-гасцей змесціцца нашмат больш, чым раней. Да горада пяць кіламетраў — маладзейшыя б і пешкі прайшлі, а цяпер навошта, калі машына ёсць? На кожным паверсе — па балконе, пад балконам — гародчык, якраз хопіць на цыбулю, моркву, агуркі і іншае. «Як добра, як зручна!» — дзівіцца бабуля і праз гады пасля пераезду.

Прачынаецца яна недзе а пятай — ні свіней, ні кароў, ні курэй даглядаць не трэба, але звычка засталася. Гатуе сняданак, справаджвае каго на працу, каго ў школу — калі гасцююць дзеці ці ўнукі. Снедае, сядае мераць ціск. 140 на 100 — у космас не возьмуць, але па зямлі пахадзіць, дай божа, яшчэ дазволяць. Выпіла таблетку. Цяпер, лічы, вольная да самага абеду. Бабуля бярэ планшэт, пакінуты малодшай унучкай, знаходзіць у ім крыжаванкі і разгадвае іх хутка, спрытна.

Гатуючы абед, рухаецца павольна, грацыёзна і адначасова проста, па-свойску. Выглядае ўпэўненай, у сваёй стыхіі — робіць усё, між іншым, аўтаматычна, але з душой — рукі самі ведаюць.

Не датушыўшы бульбу з мясам, ламаецца мультыварка. «Даўно трэба было яе выкінуць! — кажа бабуля і лёгкім рухам ставіць каструлю з ежай на пліту. — Можа, табе ёгурт зрабіць?» І дастае кефір, замарожаную садавіну і блэндар.

Ці не цягне назад, у тую вёску, пытаюся. «Ай, не! — яшчэ крыху — і замахала б рукамі, адбіваючыся ад слоў. — Што там рабіць?»

Мне няёмка сказаць, што мяне часам цягне — да яблынь, кустоў з парэчкамі і агрэстам, да возу, засланага сенам, дзе мы з братам гулялі. Напэўна, таму, што я ніколі не даглядала там курэй, свіней, карову і агарод.

Дзядуля

Пакуль бабуля спраўляецца ў хаце, дзед працуе па-за ёй. Трэба схадзіць у краму, дагледзець гаспадарку малодшай дачкі, прывезці малодшую ўнучку пасля ўрокаў ці пасля гуртка, пагутарыць з суседкамі на лаўцы каля гаража.

Увесь дзень ён ходзіць туды-сюды, ненадоўга зазіраючы дадому і незаўважна даючы справаздачу: тое і тое зрабіў, пайду зараз па гэта і гэта. А самая важная справа — апякаць бабулю. Браць на сябе самую цяжкую працу і купляць для сваёй жонкі яблыкі. У гэтым няма пяшчоты, што транслюецца ў кнігах, кіно і сацыяльных сетках. Таму можа здацца, што тут увогуле няма пяшчоты. Ну якое можа быць каханне, калі яна ў гародзе, ён — у хляве? Я не памятаю, каб дзядуля дарыў бабулі кветкі ці мяккія цацкі. Самы яскравы стыль іх стасункаў — перагырквацца ці жартаваць адно з аднаго. Бабуля найбольш кпіць са звычкі дзеда сядзець на лаўцы з суседкамі, а ён... ён проста можа пасмяяцца, з чаго хочаш. Але дзед купляе бабулі яблыкі, калі сваіх яшчэ няма, а яна гатуе яму асобныя дыетычныя стравы па медыцынскіх паказаннях.

Я хацела, каб часткі «Бабуля» і «Дзядуля» былі аднолькавыя па памеры, але тут больш няма чаго сказаць.

Кацярына Захарэвіч — паэт і празаік, калумністка часопіса «Маладосць» і галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». Яе вясковыя зацемкі друкуюцца (у большай колькасці) у лістападаўскай «Маладосці» — нумары, прысвечаным жыццю ў вёсцы.


Марыя Свіст. «Зноў пра курэнне»

У Насты двое дзяцей. Па ёй і не падумаеш — паўтара метра росту, худая і шэрая, са светлымі кароткімі валасамі, звыкла прыбранымі ў нямодны хвост. Не ведаў бы — падумаў, што гэта страшненькая вучаніца выпускнога класа. Але ў Насты двое дзяцей, старэйшай гадоў десяць. Малодшаму гадоў шэсць ці сем, але не болей за тое. Абодва тонкія і нязграбныя, з крыху доўгімі сумнымі тварамі.
Як і сама Наста.

Яна курыць, гэта нічога. Кажа, пачала так даўно, што кідаць проста сэнсу не мае, і, зрэшты, яна мае рацыю. Наста не перапынялася нават калі была цяжарная другі раз. Тады да будынка дайшло вялікае шчасце ўрбанізацыі — капрамонт. «Абнаўленне камунальных сістэм» гучыць цудоўна да таго моманту, калі падчас абнаўлення раскідваецца пад'езд і паступова перастае працаваць усё. Ліфт, напрыклад, не працаваў з самага пачатку і амаль паўгода пасля: яго таксама мадэрнізавалі.

Наста жыла на шостым паверсе, была цяжарная другі раз і рэгулярна выходзіла ў пад'езд курыць. Прыладжвалася на прыступках або прыхіналася да сцяны — як яшчэ адна дэталь навакольнай разрухі. Суседзі з верхніх паверхаў, якія штодзень змагаліся з лесвіцай у спробе трапіць дадому, спачатку віталіся з ёй, калі распазнавалі ў паўцемры. Потым кінулі — які сэнс, калі Наста ніяк не рэагуе на вітанні, толькі курыць і глядзіць з выразам незразумелай перавагі?

Ад Насты заўсёды пахне моцным танным тытунём, ад яе дзяцей — таксама. Мабыць, гэты пах наскрозь прапітаў усе іх рэчы і ўсю іх кватэру і ўжо невынішчальны.

Капрамонт скончыўся, ліфт адрамантавалі, а ў пад'ездзе не кураць болей. На лесвічнай клетцы паміж пятым і шостым паверхамі з'явілася вялікая пачварная пакаёвая расліна. Наста ўладкавалася касірам у маленькую крамку побач.

Крамка звычайная для невялікіх гарадоў, з тых, у якіх на прылаўках акрамя сасісак і ўчарашняга хлеба нічога няма, затое з віна-гарэлачным аддзелам у асобным памяшканні. Такіх крамак досыць у невялікіх гарадах, у сталіцы ж глядзіш на іх са здзіўленнем. Сталіцу праглынаюць карпарацыі, а яна і не супраць: зручней і прасцей, ды і выбар большы.

Прыватныя крамкі — перажытак мінулага, але наўрад ці Насту гэта хвалюе. Яна сядзіць за касай, апранутая ў чырвоную форменную куртку з чужога пляча, валасы прыбраны ў хвост; і, прабіваючы чужыя дарагія цыгарэты, яна ўсё так жа глядзіць з выразам незразумелай перавагі.

А што ёй яшчэ застаецца?..

Усё, што можна сказаць пра Марыю Свіст, яна сама просіць умясціць у два словы: дваццацігадовая мінчанка. Гэтая аўтарка «маладосцеўскай» прозы не бачыць сэнсу расказваць пра сябе больш, бо сімпатызуе «тэорыі» Ралана Барта пра тое, што пры нараджэнні тэксту яго аўтар «памірае» — тэкст пачынае жыць у свядомасці кожнага асобнага чытача. «З гэтай прычыны падрабязнасці біяграфіі вялікага значэння не маюць — значныя і знакавыя толькі тэксты».


Маргарыта Латышкевіч. «Латарэя»

Урывак з апавядання

Жылі яны ўдваіх у маленькай аднапакаёўцы — Андрэй Сямёнавіч і яго жонка. Жылі, як усе, — гэта значыць не лепш за іншых. Напэўна, і не горш.

Андрэй Сямёнавіч, вечарам вярнуўшыся з працы, еў боршч, а пасля хаваўся ад жонкі за штотыднёвікам з крыжаванкай і судоку. Жонка, заўсёды ў тым самым пярэстым халаціку, не міргаючы ўзіралася ў телевізар падведзенымі з самага ранку вачыма.

У тэлевізары людзі смяяліся, гаварылі і так прывабна мільгацела рэклама. Тут — маўчалі. Маўчанне лучыла гэтых дваіх нябачнаю ніткай, аб'ядноўвала лепей, чым самая вострая інтэлектуальная размова. Уздыхалі сінхронна, звыкла. І жыццё прамінала таксама па звычцы — у завучаным рытме, у адзіным тэмпе.

У такім самым аднойчы зададзеным тэмпе — раз на месяц — жонка нязменна распачынала скандал. Нязмушана, быццам праводзіла запалкаю па каробачцы, кідала ў мужа рэзкай фразай, заўсёды адной і той жа. Муж распальваўся адразу, успыхваў, крычаў, тупаў нагамі, наступаючы на жонку, размахваючы рукамі, быццам хацеў ухапіць за халацік. Жонка хавалася на кухні і голасна выкрыквала абразы ўжо адтуль.

Яны ведалі адно аднаго досыць даўно, а таму былі ў курсе, дзе баліць, дзе ўсё яшчэ смыляць душэўныя раны. І не шкадавалі солі. І абыякава наракалі адно на аднаго — быццам і без асаблівай ахвоты, а па абрыдлай звычцы. «Каб усё было як у людзей».

І — было. Як у людзей.

Аднаго разу Андрэй Сямёнавіч прыйшоў нейкі дзіўнавата разгублены. Нязвыклы. Сеў, падсунуўшы чорную скураную торбу пад табурэт, і нават не зірнуў на адвечны боршч. Жонка, звузіўшы вочы, паспела падумаць: «П'яны!..». Пасля думкі яе зачапіліся за «тую паскудзіну», суперніцу, з якою даводзілася за Андрэя Сямёнавіча, не шкадуючы сябе, змагацца. І яна сцялася ўнутры, і ў паветры адчувальна запахла навальніцаю.

Але муж загаварыў раней.

— Юлечка, — сказаў, аціраючы пот праваю рукою. — Мне тут на рабоце... таго... гэтага. Далі. Вось.

І левай няўпэўнена працягнуў Юлечцы нешта, быццам індульгенцыю. Жонка тарганула вуснамі і пакруціла ў пальцах кавалак навошчанай паперы. Паднесла да твару, прыжмурылася.

— Дай акуляры, — працадзіла скрозь зубы. І, ужо ўмацаваўшы на носе дадатковую пару вачэй, прачытала ўслых: — Латарэя? Пфуй!

— Сказалі, — пачаў жыва расказваць Андрэй Сямёнавіч, — сказалі: купі. Ну, я і купіў. Кажуць, выйграюць. Кватэры там. І ўвогуле.

— Лухта, — з веданнем справы адрэзала Юлечка. Адкінула паперчыну ад сябе, нават з грэблівасцю, і пляснула ў талерку боршч.

На другі дзень, пакуль Андрэй Сямёнавіч быў на працы, яна знайшла каляровую паперку ля люстра ў вітальні — мабыць, муж падняў з падлогі і прыладзіў пад гіпсавай фігуркай сабачкі.

— Ёлуп, — прамовіла Юлечка, пахітаўшы галавой. Муж часцяком здаваўся ёй дзіцем — гадоў гэтак пяці, не болей. Лупаў круглымі вачыма, быццам баранчык, на любыя пытанні любіў адказваць «Н-не ве-едаю...», абы не вырашаць самастойна. Дзіця трэба было, быццам ляльку, апранаць, карміць ды ў належны час класці спаць. Часам дазваляць гуляць ці даваць нейкія даручэнні па гаспадарцы, каб выхоўваць, але не болей за тое. На гэтым караблі капітанам піратаў заўжды была Юлечка, а Андрэй Сямёнавіч, нягледзячы на немалы жывот, шырокія плечы ды пасівелыя вусы, — юнгам.

Яна пацягнулася, каб скамячыць білет ды ўкінуць у смецце, але раптам стрымалася.

Маргарыта Латышкевіч піша вершы і прозу, фантастыку — і не фантастыку. Зрэшты, самыя звыклыя рэчы могуць быць досыць фантастычнымі, асабліва калі прыгледзецца. У мінулым годзе ў яе выйшла кніжка апавяданняў «Яблыкі», за якую сёлета яна атрымала прыз Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дэбют».

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.