Вы тут

Мікалай Сацура: “Убачыў першы ўчастак і адразу вырашыў: бяру”


Музычны кіраўнік ансамбля “Сябры”, кампазітар, аўтар знакамітых хітоў калектыва “Нашы песні”, “Сто гадоў”, “Пастаялы двор”, “Здрастуй, друже” і іншых сваё лецішча называе “дом лесніка”. Але знаходзіцца яно ў звычайным садовым таварыстве, якое месціцца недалёка ад знакамітай вёскі Краснае, што на Маладзечаншчыне. Між тым, участак у Мікалая нестандартны – нібыта выспа сярод лесу, з трох бакоў акружаная соснамі. А грыбы, як высветлілася, растуць не толькі ў лесе, але і на самім участку. Адзін падасінавік я і сама знайшла!

– Можа, і далекавата ехаць, але ж такая прыгожая прырода – гляджу і захапляюся, – кажа кампазітар. – Лес цудоўны ў любую пару года. Адзінае, што мяне засмучае, – некаторым нашым местачкоўцам не хапае побытавай і экалагічнай культуры. Вельмі непрыемна, калі ідзем у лес па грыбы, а там шмат смецця. У садовых жа таварыствах створаны ўсе ўмовы: ёсць кантэйнерныя пляцоўкі, няўжо цяжка данесці пакет са смеццем туды? Не разумею такіх людзей.

– Мікалай, а даўно набылі ўчастак? Увогуле, чыя гэта была ідэя?

– Гадоў дзесяць таму жонка сказала, што добра было б мець лецішча. Я узяў газеты з рэкламай, знайшоў абвесткі, арыентуючыся, каб кошт быў па кішэні. Паехаў глядзець першы ўчастак і адразу вырашыў: бяру, бо тут убачыў для сябе разлог як для грыбніка. Маім дзяўчатам (жонка Святлана і дачка Вольга – заўв. рэд.) таксама вельмі спадабалася. Фактычна, тут і доміка не было, толькі сцены. Патроху зрабілі другі паверх, альтанку, крыніцу давялі да ладу, дроўнік, лазню, і цяпер у нас тут вельмі міла.

– Самі ўсё гэта рабілі ці майстроў наймалі?

– Я за тое, каб усё было на прафесійным узроўні, таму наймаў добрага знаёмага. Ён валодае тэхналогіямі, мае інструмент і досвед працы з рознымі матэрыяламі. Але ж і я таксама які цвік магу забіць, дык што прасцей, і сам зрабіў.

– А ці быў тут у вас калі агарод?

– Не, ніколі. Мы адразу вырашылі, што гэта месца адпачынку. Я – чалавек рацыянальны і ведаю, што калі зрабіць калькуляцыю, то свая гародніна абыходзіцца даражэй, чым на рынку. Гэта мае сэнс мо толькі калі ў чалавека такое хобі – сад ды агарод. Ці вось мая матуля… Ёй 86 гадоў, здароўя ўжо бракуе, але кожную раніцу яна ідзе на градкі. Не раз думаў прасіць яе даць сабе адпачынак, але пагляджу і разумею, што праца на зямлі падаўжае ёй жыццё.

Добра разумею, чаму Мікалай казаў, што ў іх тут “вельмі міла”. Ну, па-першае, сапраўды, усё прадумана і зроблена вельмі зручна, па-другое, шмат “драбнюшачак”, якія ствараюць утульнасць. Гэта і дэкаратыўныя падушкі, і арыгінальныя фіранкі. Я нават падумала, што Святлана мае дачыненне да дызайнерскай працы.

– Не, я таксама музыкант, выкладчык па класу скрыпкі, – патлумачыла яна. – Цяпер можна, безумоўна, пайсці і ўсё купіць, але хочацца нечага адметнага, вось я і рэалізую свае дызайнерскія фантазіі за швейнай машынкай. Дарэчы, фіранкі і абрус – гэта частка вясельнага аздаблення пляцоўкі, на якой гулялі вяселле нашай дачкі Вольгі.

– Ведаю, што цяпер яна жыве ў Маскве. А раней на лецішча любіла ездзіць?

– Так, і вельмі ахвотна, хаця звычайна падлеткі лецішча ігнаруюць. Але мы з Вольчыкам сяброўкі і маем агульнае захапленне – лазню. Яна ў нас таксама мініяцюрная, але на сям’ю хапае, а болей і не патрэбна.

– Вельмі рады, што жонка ўхваліла невялічкі домік, – далучаецца да размовы Мікалай. – Я меркаваў, што і ў гарадской кватэры ў яе хапае хатніх клопатаў, дык няхай тут іх будзе як мага меней.

То бок, у вас падзелены абавязкі на мужчынскія і жаночыя?

– Не тое, што падзелены… Але вось мужчына адзін раз купляе дом, а жонка кожны дзень стварае там утульнасць. Увогуле, жанчына – гэта душа сям’і. Вячэру ў нас гатуе той, хто раней прыйшоў з працы. Я вельмі люблю збіраць грыбы і маю некалькі фірмовых рэцэптаў страў з іх.

– Лецішча – гэта ваша сямейнае гняздо, а ці любіце збіраць тут сяброў?

Так, госці да нас прыязджаюць. Дзень нараджэння тут добра спраўляць. Хутка дачка прыедзе ў невялічкі адпачынак і абавязкова некалькі дзён прабудзе на лецішчы.

– А ці ведаеце сваіх суседзяў? Мо, сярод іх і прыхільнікі апантаныя ёсць?

– Асноўная частка дачнікаў – маладзечанцы. З бліжэйшымі суседзямі добрыя стасункі, з іншымі – вітаемся. А прыхільнікі ў “Сяброў” – спакойныя, далікатныя людзі, таму, на шчасце, ніхто не дакучае. Бывае, што пацікавяцца, напрыклад, ці будзем выступаць на фестывалі ў Маладзечне, могуць падзяліцца ўражаннямі пра тэлетрансляцыю. Увогуле, думаю, людзі занятыя сваімі справамі, сваім жыццём, і ніхто не цікуе за артыстамі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».