Вы тут

Інфармацыйнае грамадства як «баі без правілаў»


Не ведаю, як вы, а я вельмі не люблю быць неспадзяванай сведкай рознага кшталту канфліктаў і скандалаў. Стаіш убаку, назіраеш за ўсім з ніякаватай усмешкай, і ўмяшацца хочацца — сказаць штосьці прыміральнае («Рабяты, давайце жыць дружна!»), а не можаш, бо, калі на тое пайшло, гэта абсалютна не твая справа. Махаеш рукой і па магчымасці стараешся хутчэй канфліктную прастору пакінуць.


Я нядаўна трапіла ў такую вось прастору віртуальную. Знаёмая памылкова ўключыла мяне ў вайберы ў групу бацькоў аднаго сталічнага дзіцячага сада. У прынцыпе, мне б адразу праявіць далікатнасць і з той не маёй групы выйсці. Але тут пачалася найцікавейшая і вельмі паказальная перапіска паміж яе ўдзельнікамі, якія так захапіліся ёй, што не заўважылі старонняга чалавека. Ну, а старонні чалавек сцішыўся і стаў за ўсім дзействам назіраць — прафесійная цікаўнасць узяла верх над прыстойнасцю. Зрэшты, шчыра прызнаюся, зусім за тое не сорамна. Бо, высвятляючы адносіны на прасторах глабальнага сеціва, ды яшчэ ў адкрытай групе, трэба ведаць, што гэта па сутнасці тое самае, як рабіць гэта на люднай вуліцы або ў грамадскім транспарце — абавязкова знойдуцца цікаўныя разявакі.

Карацей, размова там ішла пра навагоднія падарункі для дзяцей. Хтосьці з руплівых сяброў бацькоўскага камітэта вывесіў на агляд фота рэкламы гэтых падарункаў: маўляў, хто хоча, закажыце сваім дзецям. Хтосьці падумаў, што гэта падарункі, якія будуць купляць арганізавана за сабраныя грошы, і стаў патрабаваць паведаміць, што менавіта ў тых пакунках ёсць. Высветлілася, што падарункі ўжо купленыя, а гэта рэклама — проста для тых, хто раптам захоча купіць цукеркі дзецям яшчэ і дадому. Тут знайшліся бацькі — размова ў сеціве пачала ажыўляцца, падцягнуліся іншыя ўдзельнікі групы — якія сталі пратэставаць супраць цукерак: маўляў, кожны год цукеркі, на іх у дзяцей алергія. Пасля бурнага абмеркавання (бо ў цукерак знайшліся і шматлікія прыхільнікі) хтосьці раптам рэзонна заўважыў: падарункі ж ужо купленыя!

І тут пачаўся сапраўдны тэатр — разанаўскі «Гараж» адпачывае. Асабліва дасталася бацькоўскаму камітэту, які гэтыя падарункі і купляў. І чаму не параіліся, што купляць, і куды ідуць сабраныя грошы, і ўвогуле, хто ў тым камітэце. Бацькоўскі камітэт у асобе адной жанчынкі (той самай, што мела неасцярожнасць размясціць тую няшчасную рэкламу падарункаў) як мог адбіваўся з дапамогай яшчэ некалькіх мам, якія сталі на яго абарону. Хтосьці памяркоўна спрабаваў спыніць спрэчку: маўляў, што ламаць коп'і, падарункі ўжо купілі, і, калі б не гэта раптоўная віртуальная размова, усе, атрымаўшы іх, былі б урэшце задаволеныя, як і ў мінулым годзе. Хтосьці, каб разрадзіць атмасферу, выставіў фоткі з дзіцячага свята ў садку: маўляў, лепш на дзетак сваіх падзівіцеся! Нічога не дапамагло: найбольш упартыя, як дзятлы, дзяўблі сваё, зноў вяртаючыся да тэмы — не, ужо не цукерак у падарунках, а ні больш ні менш — даверу да бацькоўскага камітэта. Прычым некаторыя мамы ў тэрміновым парадку падключылі да групы і да дыскусіі цяжкую артылерыю — татаў. Якія рэдка, але трапна пачалі кідаць свае важкія меркаванні.

Увогуле, скончылася ўсё тым, што на наступным тыдні ў гэтым садку будзе бацькоўскі сход. Як вы думаеце, якая ў яго будзе тэма? Правільна — аб даверы бацькоўскаму камітэту і яго магчымым перавыбары. А пачыналася ўсё з абсалютна альтруістычнага жадання адной жыццёва актыўнай кабеты падзяліцца карыснай інфармацыяй з тымі, чые малыя ходзяць у адзін садок з яе дзіцем...

Ад гэтага захапляльнага чытва вашаму старонняму назіральніку ў самым прамым сэнсе забалела галава, і я паспяшалася з той вайбераўскай суполкі рэціравацца, пакуль ніхто не заўважыў. А патрэбным напісаць пра гэты, прыватны і лакальны па сутнасці сваёй, канфлікт палічыла вось чаму. З'ява гэта становіцца тыповай, прынамсі ў гарадах, дый вёскі недалёка адышлі, бо мабільны інтэрнэт ёсць у кожным кутку краіны. І таму стварыць групу, аб'яднаную агульнымі інтарэсамі (напрыклад, дзецьмі — дзетсадаўцамі або школьнікамі), на бясплатнай агульнадаступнай інтэрнэт-пляцоўцы лічыць сваім абавязкам кожны класны кіраўнік, выхавальнік дзіцячага сада або актывіст бацькоўскага камітэта. Вельмі нават зручна — у плане агульнага апавяшчэння, калі трэба зрабіць нейкую аб'яву, арганізавана сабраць на нешта грошы і г. д. — не трэба тэлефанаваць кожнаму, кінуў паведамленне ў вайбер, і справа зроблена. Што і казаць — будуем інфармацыйнае грамадства. Але, на жаль, мы дагэтуль не зразумелі, што ў гэтым грамадстве павінна быць свая культура паводзін, свае правілы, свае табу. І калі цябе ў нейкай віртуальнай спрэчцы ніхто фізічна не можа перабіць ці, калі нарываешся, проста «заткнуць», гэта зусім не значыць, што табе дазволена ўсё, бо вайбер сцерпіць.

Сястра, у якой сёлета выпускны адзінаццаты клас у сталічнай гімназіі, актыўна выкарыстоўвае вайбер, прычым у іх агульная група — і бацькі, і дзеці. Дык вось, як яна расказвае, дзеці паводзяць сябе ў той групе больш прыстойна. Бацькі ж, асабліва не саромеючыся школьнікаў (ці, можа, не ўсведамляючы цалкам, наколькі публічны іх дыялог), пастаянна высвятляюць адносіны — адно з адным, з настаўнікамі, не выбіраючы выразы. І класны кіраўнік, як мадэратар групы, вымушана пастаянна іх папярэджваць аб прыстойных паводзінах, а асабліва заўзятых віртуальных крыкуноў, здараецца, проста выдаляе з суполкі.

Ёсць яшчэ адзін адваротны бок гэтай агульнай інфарматызацыі: той, у каго няма сучаснага смартфона з падключаным інтэрнэтам, становіцца, можна сказаць, ізгоем, бо пра інфармаванне іншым спосабам ужо ніхто асабліва і не клапоціцца. Нядаўна, перад вялікімі лістападаўскімі святамі, знаёмая пацягнула свайго малога першакласніка ў суботу з прыгарада ў сталічную школу. А там, аказалася, у першым класе заняткі адмянілі. На цалкам абгрунтаваныя прэтэнзіі абуранай мамы настаўніца спакойна адказала: «Я ж паведамляла ўсім у вайберы». Тое, што ў мамы, якая выхоўвае сына адна, няма сучаснага дарагога тэлефона і, адпаведна, доступу да віртуальных аб'яў, нікога асабліва не хвалюе і не цікавіць.

У новага для нас слова «інфарматызацыя» няма сінонімаў «уседазволенасць» і «абыякавасць». Пакуль няма?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вайбер сцерпіць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?