Вы тут

Генетычныя экспертызы патаннеюць?


Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз наведала дэлегацыя з Кітая. Яе ўзначаліў намеснік дырэктара Інстытута судовай экспертызы Міністэрства грамадскай бяспекі краіны Ван Гікіянь. Асаблівай тэмай сустрэчы стала закупка беларускімі экспертамі абсталявання з Паднябеснай. Дзякуючы гэтаму адчувальна зменшыцца кошт генетычных даследаванняў.


— Новую тэхніку і рэагенты мы плануем закупіць налета, — расказаў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт Юрый Аўсіюк. — Летась мы тэставалі адзін з прыбораў і рэагентаў. Пасля выставы «Чалавек і бяспека» кітайскія калегі пакінулі ў нас свае распрацоўкі на бязвыплатнай аснове. Нашы спецыялісты іх пратэставалі, і ў Паднябеснай была выпушчана новая лінейка прыбораў з улікам нашага досведу. Яны задавальняюць усе нашы патрабаванні. Па сваіх якасцях не саступаюць аналагам з ЗША, якімі карыстаемся цяпер. Але па кошце ніжэйшыя значна, што ў цяперашняй сітуацыі нам дазволіць зэканоміць і бюджэтныя сродкі, і сродкі грамадзян.

Напрыклад, па крымінальных справах генетычныя даследаванні праводзяцца бясплатна. Але калі нехта хоча высветліць бацькоўства, то за гэта давядзецца даплаціць. Цана пытання зараз — каля 300 рублёў. Як зазначыў Юрый Аўсіюк, штогод у Беларусі праводзіцца больш за тысячу падобных даследаванняў. Па словах Вана Гікіяня, кітайскі бок разглядае пытанні супрацоўніцтва па метала- і рэнтгенаграфічных даследаваннях, а таксама экспертыз дакументаў.

Цікава, што ў Беларусі каля 30 працэнтаў генетычных даследаванняў звязана са справамі аб наркотыках. А вось у Кітаі сітуацыя іншая. Ван Гікіянь адзначыў, што 60% генетычных экспертыз у Паднябеснай выяўляюць віноўнікаў крадзяжоў. Разам з тым даследаванні, звязаныя з ужываннем і распаўсюджваннем забароненых рэчываў, складаюць у агульнай колькасці нязначны працэнт. Звязана гэта з тым, што біялагічныя даныя большасці падазраваных ужо маюцца ў адмысловай базе.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.