Вы тут

Меліціна Станюта: Мой галоўны медаль — любоў гледачоў


Мастацкая гімнастыка — яркі і вельмі прыгожы від спорту. Здаецца, што прыгажуні-спартсменкі маюць неверагодна фантастычныя здольнасці і магчымасці іх цела неабмежаваныя. Грацыя. Пластыка. Лёгкасць.

Зорка беларускай мастацкай гімнастыкі Меліціна Станюта расказвае "Алесі", чаму яна ў 23 гады вырашыла завяршыць кар'еру, чым займаецца сёння, а таксама дзеліцца ўспамінамі пра легендарную прабабулю Стэфанію.


— У мастацкую гімнастыку цябе прывялі бацькі?

— Мама хацела аддаць мяне ў фігурнае катанне. Але лёс склаўся інакш. Мы неяк гулялі каля спартыўнага комплексу, а міма праходзіла жанчына і прапанавала адвесці мяне ў секцыю "мастачак". Незнаёмкай аказалася Святлана Бурдзявіцкая, яна стала маім першым трэнерам. Так, воляй выпадку, у 3 гады я стала займацца спортам. Напачатку было нясоладка. Для гнуткасці прыходзілася сядзець на шпагаце паміж двума зэдлікамі. На адным ляжала пятка, на другім — насок. Рукі за спіну. І так па дзесяць хвілін.

— Жорсткі трэніровачны рэжым...

— Без працы вялікіх перамог не бывае. Спорт у нас не толькі жорсткі, але і траўматычны. Булавы, абруч, скакалкі могуць так ударыць — мала не падасца. Мне не раз прылятала і ў вочы, і ў нос. Цела абсыпана сінякамі. Уяўляеце, што людзі думаюць?

Еду летам у аўтобусе, ногі і рукі сінія: адна бабуля доўга мяне разглядае і са спачуваннем раіць хутчэй кідаць хлопца... А на спаборніцтвах гледачы бачаць лёгкія скачкі, плаўныя рухі — дзеля такой карцінкі трэба, як кажуць, "укалываць" з раніцы да вечара на трэніроўках.

— Меліціна, у тваёй скарбонцы шмат узнагарод з чэмпіянатаў свету і Еўропы. Але на Алімпійскі п'едэстал падняцца не атрымалася. Як лічыш, чаму?

— Рыхтавалася да выступлення так старанна, як да апошняга бою. Аднак усё перакрэсліла недарэчная памылка ў практыкаванні з булавамі — у выніку толькі пятае месца. Як так атрымалася? Не ведаю. Можа, нервы здалі. Здаецца, ноччу, калі хто разбудзіць, зраблю ўсё выдатна. Ды і трэнер паціскала плячамі. На гульнях у Лондане ведала, дзе не дапрацавала, што ўпусціла, а ў Рыа... Шкада, але ж час назад не павернеш — такі ён, спорт. Мой галоўны медаль — гэта любоў і павага гледачоў.

— І ты вырашыла сысці з мастацкай гімнастыкі?

— Рашэнне далося нялёгка, але не было спантанным: доўга ўзважвала ўсе "за" і "супраць". Мне 23 гады, у зборнай я была "бабулькай". Паспяховыя выступленні ў гімнастыцы пасля 20 гадоў — хутчэй выключэнне з правіл. Пасля няўдачы на ​​Алімпіядзе адчувала спусташэнне, стомленасць, ды і нервы не жалезныя. Думала, адпачну, набяруся сіл і вярнуся. Не атрымалася. Прыходзіць у залу кожны дзень, займацца па восем гадзін не было ўжо ні сіл, ні жадання.

— Сем гадоў таму ты сур'ёзна пашкодзіла нагу. Яшчэ баліць?

— Так. 2010 год быў адным з самых цяжкіх. На спаборніцтве атрымала цяжкую траўму. Укруцілі ў ступню шруб. "Адпачывала" ад спорту некалькі месяцаў, але вярнулася на гімнастычны памост. Усе гэтыя гады давялося выступаць праз боль. Прызвычаілася выкладвацца па максімуме. Заўсёды.

— Чым зараз займаешся?

— На тэлеканале АНТ у праграме "Наша раніца" вяду спартыўную рубрыку. Паказваю  тэлегледачам, што займацца спортам можна (нават трэба!) не толькі ў трэнажорнай зале, але і дома. Напрыклад, раніцай, перад тым, як пайсці на працу. Усяго некалькі хвілінак, а добры настрой і бадзёрасць на ўвесь дзень гарантаваныя.

Яшчэ імкнуся раскруціць магазін біжутэрыі (усміхаецца). Там нават можна знайсці эксклюзіўны сярэбраны кулон "Гімнастка". Доўга думала над кожнай яго дэталлю, у выніку атрымалася мілая грацыёзная Дзюймовачка. Дзяўчаты, думаю, ацэняць! У Італіі і Іспаніі юныя гімнасткі літаральна губляюць розум ад такіх мілых дзявочых упрыгажэнняў, паглядзім, як гэта спадабаецца беларускам.

З мастацкай гімнастыкай канчаткова не развіталася. Удзельнічаю ў майстар-класах, выступаю за мяжой. У мінулым годзе ўпершыню выходзіла на сцэну з сімфанічным аркестрам на фестывалі Юрыя Башмета, выступала пад тэмпераментнае "Лібертанга" П’яцолы. Вельмі спадабалася!

— Дзетак трэніраваць не хочаш?

— Зараз хачу адпачыць. Кожны дзень прыходзіць у залу, шчыра прызнаюся, надакучыла. Цяпер з'явілася больш вольнага часу, магчымасць часцей падарожнічаць, і не хочацца гэта страчваць. У дзяцінстве марыла стаць дыпламатам, мяне заўсёды вабілі далёкія краіны. Хоць падчас спаборніцтваў і паглядзела паўсвету, але там шмат часу займалі трэніроўкі і выступленні.

Хрысціна ХІЛЬКО

Фота Кацярыны СУСЛАВАЙ

Працяг інтэрв'ю чытайце ў лістападаўскім нумары "Алесі"

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.