Як вядома, восень — час вяселляў. Але ж толькі ў ружовых мроях і галівудскіх фільмах падрыхтоўка да замужжа — вясёлы і бесклапотны перыяд. Насамрэч той яшчэ стрэс! Без валер'янкі не справіцца! Паспрабуйце хаця б знайсці "ідэальную" вясельную сукенку, а да яе падабраць яшчэ і вэлюм, туфлі, упрыгажэнні, букет... Асобнымі пунктамі значацца макіяж, манікюр і прычоска.
Наш эксперт — цырульнік Алег НАВІНСКІ. Майстар гатовы дапамагчы парадамі прыгажуням, якія вось-вось пойдуць пад вянец, і падказаць, на якой вясельнай прычосцы засяродзіць увагу гэтай восенню і зімой.
Нягледзячы на з'яўленне розных вясельных тэндэнцый у прычосках, класічны і элегантны вобраз — бяспройгрышны варыянт, які заўсёды будзе ў модзе, надаючы нявесце асаблівую вытанчанасць і жаноцкасць. Знаёмы ўсім пучок — на піку папулярнасці. Такая прычоска падыдзе дзяўчатам з доўгімі валасамі, якія хочуць выглядаць бездакорна ў свой асаблівы дзень. Пучок можа быць нізкім (такі варыянт будзе добры ў спалучэнні са струменістай сукенкай) ці высокім (файна выглядае з пышнай сукенкай). Можа быць злёгку нядбайным — калі хочацца ўнесці ў вобраз рамантычную нотку. Выбар за вамі!
Пачынаючы з мінулага года, на прыгажунях-нявестах усё часцей можна заўважыць косы розных пляценняў. Галоўнае, каб каса не была простай. Вітаюцца варыянты ўкладкі са спалучэннем аслабленых пасмаў, спіральных завіткоў, кучараў.
Прыгожа і смела выглядае каса-карона. Складаецца няхітрая прычоска з дзвюх косак, якія трэба завярнуць у розныя бакі і замацаваць заколкамі.
Падабаюцца эксперыменты і смелыя ідэі? Можаце паспрабаваць распусціць накручаныя валасы і заплесці пару косак (ці змацаваць іх на макушцы). Гэта прычоскі ў этнастылі — боха-шык.
Дзяўчаты даўно звыкліся з хвосцікамі. Прычоска лічыцца зручнай і паўсядзённай. Але сёння такі варыянт можа стаць ідэальным рашэннем для вясельнага вобраза, не саступаючы пазіцый складаным і мудрагелістым пляценням. Хвосцік акампануе класічным вясельным сукенкам. Вытанчаны варыянт: кучаравыя, злёгку зачэсаныя назад пасмы.
Сабраць іх разам і замацаваць лепш збоку. Больш гламурна і строга будзе выглядаць гладкі лаканічны хвост, які можна зрабіць і нізка, і высока. Фантазію можна смела праявіць і каля асновы прычоскі: хвост можна абгарнуць пасмамі валасоў; зрабіць валасы наверсе як гладкімі, так і хвалістымі або нядбайна растрапанымі; можна камбінаваць хвост з косамі, жгутамі і іншымі відамі пляцення. Адным словам, прычоска на самай справе не такая простая і паўсядзённая, як многім падаецца.
Мяккія хвалі прыдадуць вашаму вобразу нотку галівудскага шыку. Гэта класіка, якая ніколі не выйдзе з моды. Свабодныя хвалістыя пасмы — самая папулярная прычоска ў кіназорак, што выходзяць на чырвоныя дарожкі. Вы ж таксама хочаце скарыць сваім зорным выглядам шматлікіх гасцей вашага вяселля? Нават калі ўсе грошы "вылецелі" на сукенку, туфлі ды іншыя жаночыя штучкі — не хвалюйцеся. Зрабіць прычоску з хвалямі нескладана і дома. Існуе шмат спосабаў з выкарыстаннем бігудзі, заколак, плойкі. Трэба толькі запасціся цярпеннем.
Важна
У большасці выпадкаў дзяўчаты ідуць да прафесійнага цырульніка-стыліста. Але забываюцца пра "генеральны прагон". За 2-3 месяцы да вашай галоўнай падзеі абавязкова наведайцеся да майстра. Ён ацэніць стан вашых валасоў, параіць, як прывесці іх у належны выгляд. Акрамя таго, трэба абмеркаваць варыянты ўкладкі. Бо можа здарыцца, што прыгожую прычоску з вокладкі моднага часопіса зрабіць з вашых валасоў немагчыма, альбо яна зусім не пасуе да вашага твару. Згадзіцеся, даведацца пра гэта ў самы апошні момант было б вельмі непрыемнай неспадзяванкай. Цырульнік зробіць пробны варыянт святочнай прычоскі, параіць, якімі аксэсуарамі яе лепш упрыгожыць. А таксама скажа, колькі насамрэч часу спатрэбіцца на ўсю гэтую прыгажосць. Вы ж помніце, што ў мітуслівы дзень вясельнага перапалоху дарагая кожная хвілінка!
Хрысціна ХІЛЬКО
Найперш мінімальная выплата па бальнічным вырасце ў тры разы.
«У школе можна цалкам рэалізаваць сябе».
Яна ўмее разглядзець у лініі ракі вечнасць – вобраз з яе верша.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.