Вы тут

Гульня ў тэатр: небяспечна для жыцця


Якая птушка можа прадвяшчаць бяду?

Аматар тэатра адкажа адразу: гэта чайка. Вытанчаная птушка, за палётам якой так прыемна назіраць. А як пранізліва могуць крычаць чайкі — людзі, здаецца, разумеюць, пра што. А некаторыя — што прэтэндуюць на асабліва высокі палёт — можа, і хацелі б у пэўныя хвіліны вось так жа адчайна ўголас пракрычаць свой боль. Але ж так... не прынята. Трэба навучыцца жыць па правілах, любіць — па правілах, кахаць — таксама. Іграць — па правілах. Нават у тэатры...


Косця Траплёў гуляе ў тэатр. Сын знакамітай мамы-актрысы таксама хоча самавыяўляцца, ствараць шэдэўры, шукаць «новыя формы». На лецішчы, напрыклад, у яго ёсць вельмі патрабавальная публіка, для якой ён разыгрывае свой спектакль разам з Нінай Зарэчнай. І чаму гэта не можа быць спектакль лялечны, пастаўлены ў «Дачным тэатры Канстанціна Траплёва»? І гэта тэатр: з падмосткамі, з лялькамі, якія жывуць у адмысловым куфры, але выступаюць на свежым паветры, у дэкарацыях з сапраўднага чароту, выявы галінак якога так эфектна ўводзяць у свет вытанчаных істот. Такіх як Аркадзіна і яе блізкія. Потым гэты чарот будзе на карціне, што нібыта вісіць на сцяне (наогул тут шмат удалых знаходак у мастацкім афармленні, над чым папрацавала мастак Ларыса Мікіна-Прабадзяк). Удалося стварыць свет багемы, якой патрэбная гульня вобразаў (у тым ліку гульня ў тэатр), нават у рэальным жыцці...

«Чэхаў. Чайка» Гродзенскага абласнога тэатра лялек можна было б лічыць спектаклем, створаным паводле правіл: не проста ж так рэжысёр-пастаноўшчык Алег Жугжда паставіў у назве свайго спектакля імя аўтара на першае месца. І менавіта ж сам Чэхаў сапраўды задаў у гэтай п'есе адну з чароўных тэатральных загадак, якую спрабуюць разгадаць цягам 120 гадоў розныя рэжысёры. Кожны імкнецца не проста агучыць на сцэне чэхаўскі тэкст, а даць сваё адчуванне таго, што адбылося паміж героямі. Урэшце: што меў на ўвазе Антон Паўлавіч, калі распавядаў гэтую драматычную гісторыю, ды яшчэ называў яе камедыяй? Дзе тут трэба смяяцца?

Свае варыянты дзе (і ці трэба наогул) апошнім часам прадэманстравалі розныя рэжысёры ў самых знакавых тэатрах Беларусі. Адзін з іх — Гродзенскі абласны тэатр лялек: тут ёсць свой погляд на ўсё. Таму калі чарада «Чаек» пранеслася па тэатрах нашай краіны, то варта было чакаць: адна павінна прызямліцца ў Гродне, дзе абавязкова прапануюць сваю версію падзей. Яна тут ёсць, і нават не столькі ў арыгінальным вырашэнні — праз тэатр Траплёва. У Алега Жугжды ёсць сваё тлумачэнне: што забівае Косцю?

Інфантыльны малады чалавек нібыта нічога не варты як творчая асоба. У мамы ёсць ужо пад бокам адзін кумір, гэта месца занятае Трыгорыным. Прэтэндаваць не варта, дае зразумець яна — зорка, асоба, вартая кампліментаў і кахання, якая пільна сочыць за сваім унутраным напаўненнем і знешнім яго выяўленнем (гледзячы на актрысу Ларысу Мікуліч у ролі Аркадзінай, між іншым, разумееш, што для Чэхава магло быць камедыяй у гэтай гісторыі). Ды наогул тут ёсць шмат дэталяў-знаходак, якія прымушаюць усміхнуцца, зробленых з тонкай іроніяй, па-мастацку. Нават тое, як людзі ўзаемадзейнічаюць з лялькамі Траплёва, такімі мініяцюрнымі-мініяцюрнымі, што на іх фоне людзі — проста нейкія гіганты, можа, таму іх і не хочацца шкадаваць нават у складаныя моманты. Ці калі гэтыя людзі паводзяць сябе проста як пачвары: а яны могуць, гаворыць нам рэжысёр на самым пачатку. Калі чарада чаек праносіцца над сцэнай, стрэлы ўводзяць ад пастаральнага кантэксту ў бок паляўнічага. Нехта, хто жыве сярод гэтых людзей, павінен стаць ахвярай. І гэта будуць не лялькі (своеасаблівае альтэр-эга герояў). Асноўныя персанажы — артысты-людзі, у іх герояў верыш, бо такіх багата і ў наш час. Вось чаму «Чайка» не страчвае актуальнасці і прымушае разважаць: хто ў ёй сапраўдная ахвяра. У нейкі момант, падаецца, лялькі цалкам саступаюць сцэну людзям: тэатр жыцця аказваецца больш жорсткі.

Ахвярай у жорсткім свеце можа выглядаць, бясспрэчна, Ніна. Прынамсі, паводле таго, што з ёю здараецца пасля, калі дзяўчына ўжо прымерыла на сябе вобраз актрысы. Няшчасная!.. Трэба было б яе пашкадаваць: не ўгадала, не з тым звязалася, кінуў з дзіцем, малое памерла, вялікай кар'еры не здарылася, гіне ў правінцыйным тэатры. Але Ніну (ролю выконвае актрыса Таццяна Еўтух) з Гродна чамусьці не шкада. Куды глядзела? Чаго хацела? На што спакусілася? Не шчасця шукала — кар'еры. Вось і вынік. Хіба што разумееш, наколькі ёй балюча, калі яна крычыць крыкам, як падбітая чайка... З-за няспраўджанага кахання. З-за таго, што не кахаюць яе. Сярод мноства персанажаў гэтага спектакля «некаханне» перадаецца ад аднаго героя да другога і далей, па ланцугу. Некаханне Аркадзінай і Трыгорына вядзе да трагедыі Ніны: у ёй бачаць маладую Аркадзіну, і ўсяго толькі. А яе некаханне б'е па Канстанціне. Яму больш складана: у яго бок «страляе» яшчэ і яўная нелюбоў маці. Але куды яму збегчы? Вось пытанне, адказ на якое акрэслены ў рэжысёра Алега Жугжды. Ён выбраў для сябе галоўнага героя, закруціў дзею вакол яго.

Гэта не Аркадзіна (якую яўна не кахаюць, але карыстаюцца яе вядомасцю), нават не Ніна, гісторыя хоць і кранальная, але зразумелая да банальнасці, што ў нейкім сэнсе таксама ўспрымаецца камедыйна, асабліва ў наш час. Мяккі Косця (акцёр Аляксандр Рацько) нібыта на другім плане, за сваімі любімымі жанчынамі. Для абодвух недастаткова яркі, недастаткова таленавіты. Адпаведна, недастаткова цікавы. Тое, чаго хоча ён, агучваецца. Але ціха і ненавязліва. Не чуюць. Нават калі ён шукае іншую мову — не словамі, а дзеяннямі, — не вераць. А вось пра тое, што кахання няма, можа сказаць больш рэзка і гучна, ці сказаць пра каханне да іншага. І тады зразумела, што будучыні няма.

У пабытовасці, мітусні, уласным імкненні выжыць не проста разглядзець іншага чалавека, сфакусіравацца на ім. Ці калі заняты высокім мастацтвам, выключнымі мэтамі служэння муз — людзі недзе ўнізе. Нават блізкія, яны сапраўды як лялькі, з якімі можна пагуляць у вольны ад высокіх спраў час. А потым шчыра не разумець: чаму сын не змог разабрацца з жыццём. Такі ён маленькі і несамастойны, як тая лялька. Што там з ёй зноў здарылася?..

І чаму так адчайна крычаць чайкі?

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.