Вы тут

Паслялістападныя рэфлексіі не пра кіно


Прайшло толькі два тыдні з закрыцця «Лістапада», а ён ужо падаецца справай мінулага, хаця, як вядома, падрыхтоўка да кінафестывалю пачынаецца ўжо на наступны дзень пасля заканчэння папярэдняга. То-бок гэта ўжо і сучаснасць, і будучыня ў тым ліку. Нарэшце, хочацца сказаць не толькі пра кіно, якое мы тонамі глядзім падчас форуму, але і пра значэнне самога «Лістапада». Сёлета рэальны вобраз фестывалю паўстаў у яшчэ большым дысанансе з тым, што ён амаль ніяк не прадстаўляецца за мяжой: маючы такое высакакласнае мерапрыемства, краіна магла б яго праславіць і ўкласці гэтую славу ў свой імідж.


Адзін з гасцей кінафестывалю, які з адной еўрапейскай краіны ўпершыню прыехаў у Мінск, сказаў, што быў прыемна здзіўлены, бо рэальная Беларусь аказалася дыяметральна адрознай ад яго ўяўленняў. Маўляў, мы тут і адзенне маем, якое хочам, і на аўтамабілях ездзім. Складана ўявіць, які вобраз нашай краіны меў пры сабе запрошаны рэжысёр, але яго прыклад лішні раз нагадвае, што нам трэба паклапаціцца пра свой імідж за мяжой.

Якраз «Лістапад» — элітная падзея, што дае замежным гасцям адпаведныя ўражанні, якія яны вязуць дадому, — быў бы добрым укладам у імідж станоўчы. Інфармацыя пра яго пакуль распаўсюджваецца сарафанным радыё сярод творчых людзей, якія — так — маюць большую за звычайнага чалавека сферу ўплыву. Але гэтага недастаткова: можна сказаць, пра «Лістапад» ведае пэўнае кінематаграфічнае кола і нехта з творчага асяродку ў цэлым, але не больш. І мала, каб проста ведалі, трэба стварыць з гэтага брэнд, праз які і Беларусь будзе больш даступна звычайнаму чалавеку. Мінскі кінафестываль можна без перабольшванняў лічыць промнем святла, які мог бы падсвяціць рэпутацыю Беларусі, але складваецца такое ўражанне, што краіна яго каштоўнасці не разумее і — што больш крыўдна — не імкнецца выкарыстаць.

А пытанне гэта да бюджэту фестывалю, які  дазволіў бы«агарнуць» выдатную кінапраграму, якая кожны год з неверагодным у тым ліку энтузіязмам адбіраецца праграмнымі дырэктарамі «Лістапада» і прымушае гасцей агучваць задаволеныя каментарыі, у адпаведную па якасці абгортку з цырымоній і вечарын. І асобна — да бюджэту на раскрутку фестывалю за мяжой.

Пакуль жа сітуацыя падобна да таго, што «Лістапад» дзяржавай успрымаецца як шараговы пасягальнік на рэсурсы. Краіна не разумее, што не толькі «Лістападу» патрэбны дзяржаўныя грошы, але і дзяржаве — проста адчайна — патрэбен «Лістапад». Але адкрываем раздзел «Каманда» на сайце кінафестывалю і бачым у ім сціплую колькасць у пятнаццаць чалавек, якія цягнуць на сабе арганізацыю, складанне праграм, камунікацыю з гасцямі, адказнасць за якасць і «ідэалогію» «Лістапада» (для буйнога мерапрыемства гэта катастрафічна маленькі штат). Тут жа ўспамінаем цякучку кадраў і новыя твары, якія штогод з'яўляюцца на «Лістападзе» замест папярэдніх і ўсё пачынаюць наноў. Тут жа ўспамінаем словы дырэктара «Лістапада» Анжалікі Крашэўскай на выніковым круглым стале пра тое, што бюджэт сёлетняга кінафестывалю быў самы маленькі за апошнія восем гадоў працы.

Якраз на круглым стале, які штогод праводзіцца пасля кінафестывалю з удзелам партнёраў, у тым ліку Міністэрства культуры, сёлета апроч звычайнага абмену меркаваннямі прагучаў эмацыянальны спіч Анжалікі Крашэўскай. Пра тое, што складана працаваць з пастаяннымі думкамі пра бюджэт, надзвычайнай эканоміяй і ў страшэнным цэйтноце з-за таго, што не хапае супрацоўнікаў. Набалела.

Трэба разумець, што энтузіязм, які адыгрывае вялікую ролю ў стварэнні «Лістапада», мае ўласцівасць вычэрпвацца; што такая выбітная падзея, як Мінскі міжнародны фестываль, па вызначэнні не павінна існаваць у няпэўнасці і падпісваць дакументы на фінансаванне за некалькі дзён да фестывалю (пра што мы зноў пачулі на круглым стале); што калі ў жыцці краіны здараецца нешта надзвычайнае — гэта адразу трэба развіваць і выкарыстоўваць на сваю карысць.

Пакуль жа «Лістапад» — не толькі не брэнд для замежнікаў, але і terra іncognіta для саміх беларусаў. Чаму гэты абсурд стаў часткай нашага жыцця — патлумачыць складана.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?