Вы тут

Напалеон зноў «пераправіцца» цераз Бярэзіну


Ваенна-гістарычнае свята-рэканструкцыя «Бярэзіна-2017» пройдзе 26 лістапада на мемарыяльным комплексе «Брылёўскае поле» ў Барысаўскім раёне. Падчас яго жыхары Міншчыны і госці атрымаюць магчымасць уявіць сабе адну з самых страшных бітваў Айчыннай вайны 1812 года. Адчайныя схваткі кавалерыі і пяхоты, артылерыйская дуэль у духу антычных герояў і апошніх высакародных войнаў. Дзякуючы ўзнаўленню тагачасных падзей гледачы даведаюцца, ці ўдалося Напалеону выратаваць рэшткі Вялікай арміі або слава імператара назаўсёды згасла на берагах Бярэзіны.


Штогод ваенна-гістарычная рэканструкцыя ілюструе пераправу Напалеона цераз Бярэзіну каля беларускіх вёсак Студзёнка і Брылі. Тады, 205 гадоў таму, руская армія паспрабавала акружыць абяскроўленыя войскі Банапарта і канчаткова знішчыць іх. Бітва стала настолькі знакавай, што ў французскай мове з'явілася новае слова «bеrеzіnа», якое азначае крах усіх надзей.

У праграме — рэканструкцыя фрагмента баталіі Рускай імператарскай арміі і Вялікай арміі Напалеона, мемарыяльныя цырымоніі, наведванне памятных мясцін і музея, майстар-класы па тагачасных танцах, выстаўкі-кірмашы работ рамеснікаў, інтэрактыўныя тэматычныя пляцоўкі для дарослых і дзяцей, ускладанне кветак і вянкоў прадстаўнікамі дыпкорпуса, дзяржаўных органаў і арганізацый да помнікаў рускім і французскім салдатам.

Упершыню ў гісторыі фестывалю, у гонар 205 гадавіны разгрому напалеонаўскіх войскаў, пранясуць воінскія рэліквіі 1812 года: арла-наверша і салдацкі складзень.

Пасля абвяшчэння Напалеона імператарам арол стаў геральдычным сімвалам Францыі. У 1804 годзе імператар выдае дэкрэт, у якім загадвае: «з мэтай аб'яднаць нацыю са сваёй дынастыяй» увянчаць фігурай пазалочанага сядзячага арла з распасцёртымі крыламі сцягі ўсіх палкоў. Пасля адступлення войскаў удалося адшукаць толькі два арла-навершы, адзін з якіх захоўваецца ў фондах Барысаўскага музея. Знакам духоўнасці і воінскага гонару для рускіх салдат і афіцэраў стаў складзень — створная нацельная ікона. Распаўсюджанай сярод ваеннаслужачых кампаніі 1812 года была двайная ікона-складзень «Багамаці Смаленская і Мікалай Цудатворац». Назву «салдацкая» яна атрымала таму, што яе найчасцей знаходзілі на палях змаганняў ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў з удзелам рускай арміі. Арол-наверша і складзень — сімвалы фестывалю «Бярэзіна-2017». Цырымонія вынасу рэліквій адбудзецца 26 лістапада а 15 гадзіне. На юбілейную баталію чакаюцца госці і ўдзельнікі з Расіі, Латвіі, Польшчы, Францыі, Бельгіі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».