Вы тут

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі


У Глыбоцкім раёне ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». Арганізаваў і праводзіць яго народны сямейны клуб «Востраў разумення» гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці.


Пераможцы першага этапу — сям'я Карповічаў. Фота Алены Мянжынскай.

Нагадаем, гэта менавіта яго ўдзельнікі дзесяць гадоў таму прыдумалі і ўвасобілі ў жыццё адмысловы маладзёжны праект «Уладар вёскі», які неўзабаве выйшаў на рэспубліканскі ўзровень, і з таго часу праводзіцца ў краіне штогод. Гэта мы да таго, што арганізатарам чарговага конкурсу досведу ў такой справе не займаць і, хто ведае, можа быць, з цягам часу ён таксама стане папулярным не толькі ў асобна ўзятым раёне.

Тым больш што мэта праекта самая што ні ёсць аб'яднальная — паказаць гісторыю кахання сямейных пар і паразважаць, што важна для шчаслівага сумеснага жыцця. Невыпадкова конкурс прымеркаваны да 100-годдзя ўтварэння органаў запісу актаў грамадзянскага стану (загсаў) Рэспублікі Беларусь, які будзе адзначацца ў снежні.

— Адкуль такая назва ў праекта? Калі памятаеце, у 1990-я гады ў пракаце ішоў фільм «Заўтра была вайна». Дзеянні ў стужцы адбываліся ў маі 1941 года. Героі яшчэ нават не здагадваюцца, што хутка пачнецца вайна, а гледачам пра гэта ўжо вядома. Калі сустракаюцца мужчына і жанчына, яны яшчэ не ведаюць, што ў іх будзе каханне, а Бог ведае. Вось менавіта пра гэта наш новы праект, — гаворыць кіраўнік народнага сямейнага клуба «Востраў разумення» гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Марына ГАРАПОВІЧ.

Гатуе сям'я Карніловічаў. Фота Алены Мянжынскай.

Падчас кулінарнага этапу ў сям'і Карніловічаў. Фота Алены Мянжынскай.

У конкурсе прымаюць удзел сем сямейных пар з Глыбокага. Гэта сужэнцы Алена і Анатоль Пашковічы (чацвёра дзяцей), Аляксандр і Наталля Карніловічы (трое дзяцей), Сяргей і Таццяна Карповічы (двое дзяцей), Сяргей і Кацярына Кашміло (двое дзяцей), Віталь і Ганна Буторыны, Наталля і Раман Мельнічэнкі, Ала і Яўген Протасы.

Першы этап праекта называўся «Сіла кахання» — гэта былі спаборніцтвы па спачане (кантактнаму фехтаванню). У ім перамагла сям'я Карповічаў, муж і жонка атрымалі тытулы «Містар і Місіс Сіла». А да «бітвы» сем'і хадзілі на трэніроўкі, вывучаючы гэты новы для сябе від спорту. Адбыліся спаборніцтвы як паміж мужамі і жонкамі, так і паміж сямейнымі парамі. Некаторыя ў парах шкадавалі сваю другую палавіну і наносілі мячом лёгкія ўдары, нібы гуляючы. Іншыя спаборнічалі па-сапраўднаму...

Пачастунак ад сям'і Пашковічаў. Фота Алены Мянжынскай.

— І ў каго сіла кахання была большая: у таго, хто шкадаваў і паддаваўся ці, наадварот, хто даваў свайму партнёру адчуць азарт, смак перамогі і гаркату паражэння? — задае няпростае пытанне Марына Гараповіч.

Пераможцамі першага этапу Сяргей і Таццяна Карповічы (стаж сямейнага жыцця 10 гадоў), якія выхоўваюць 10-гадовага сына Паўла і трохгадовую дачушку Яўгенію, сталі невыпадкова. Сярод захапленняў сям'і — плаванне, валейбол, бег, турызм. А сёлета, напрыклад, на 8 Сакавіка муж і ўвогуле зрабіў жонцы незвычайны падарунак. Гэта быў... лёгкаатлетычны прабег на пяць кіламетраў, які праходзіў у якасці акцыі супраць гвалту ў сталіцы. Дагэтуль, дарэчы, Таццяна не бегала, але з пастаўленай задачай паспяхова справілася. І цяпер прабягае тыя самыя пяць кіламетраў кожны дзень. Ад спаборніцтваў па спачане Таццяна засталася ў поўным захапленні: «Гэта від спорту, які мае на ўвазе добрую фізічную форму і псіхалагічную ўстойлівасць. Ён дае псіхалагічную разгрузку і здымае агрэсіўнасць». Застаецца толькі дадаць, што ў спаборніцтвах жанчына ўдзельнічала з траўмай нагі і пасля абязбольвальнага ўколу.

Потым было «Каханне з водарам шчасця» — конкурс сямейнага шлюбнага ці абрадавага абеду.

Сяргей Карповіч пячэ бліны. Фота Алены Мянжынскай.

Абрад нараджэння праводзіць Таццяна Карповіч. Фота Алены Мянжынскай.

— Гэта быў адзін з самых цяжкіх этапаў праекта. Сем'і запрашалі іншых удзельнікаў і судзейскае журы да сябе дадому, дзе адбываўся абед у фармаце званай вячэры, — расказвае Марына Гараповіч. — Кожная сям'я на працягу дзвюх гадзін гатавала стравы: халодную і гарачую закускі, выпечку і безалкагольны напой. Усе стравы — з беларускай нацыянальнай кухні. З самых цікавых былі пячоначны торт, пызы, медавуха, аўсяны кісель. Апроч таго, былі праведзены абрады нараджэння, хрысцін, калядак. Перамаглі дзве сям'і — Пашковічаў і Карповічаў, якія атрымалі тытулы «Містар і Місіс Густ».

Пра Алену і Анатоля Пашковічаў трэба сказаць, што яны — цёртыя калачы ва ўсіх сэнсах. Па-першае, стаж сямейнага жыцця ў іх ужо 16 гадоў, па-другое, яны выхоўваюць чатырох дзяцей: 20-гадовага Улада, 15-гадовую Карыну, 12-гадовую Маргарыту і аднагадовага Нікана. Але і гэта яшчэ не ўсё. Сям'я Пашковічаў заняла дзесяць гадоў таму ў першым арыгінальным праекце «Уладар вёскі» сямейнага клуба «Востраў разумення» другое месца! Тады яны атрымалі тры тытулы: «Уладары Ягад», «Уладары Сякеры», «Уладары Сярпа». Усё гэта, як той казаў, абавязвала. А яшчэ па сакрэце: Алена — прафесійны повар.

На дыстанцыі падчас турзлёту — сям'я Буторыных. Фота Алены Мянжынскай.

Пераможцы трэцяга этапу «Каханне з водарам экстрыму». Фота Алены Мянжынскай.

— Але гэта хутчэй перашкаджала, чым дапамагала, бо я хацела ўсё зрабіць па правілах і захаваць тэхналогію прыгатавання кожнай стравы, — прызнавалася пасля кулінарнага этапу Алена. — А самым цяжкім было камандаваць сям'ёй, каб укласціся ў кантрольны час.

Затое, як адзначае жанчына, пызы былі вельмі ўдалым дэбютам, цяпер страву дома ў Пашковічаў гатуюць пастаянна.

Трэці этап «Каханне з водарам экстрыму» адбываўся ў форме сямейнага турзлёту на возеры Пліса. Праводзіў яго турклуб «ПенДаль». На працягу трох дзён пары спаборнічалі на байдарках, веласіпедах, а таксама ў пешым турызме. Самым экстрэмальным заняткам для ўдзельнікаў стаў 25-кіламетровы аб'езд возера на веласіпедах. Пераможцы гэтага этапу атрымалі тытулы «Містар і Місіс Турызм». Імі былі ўшанаваны Сяргей і Таццяна Карповічы. А Кацярына і Сяргей Кашміло атрымалі прыз глядацкіх сімпатый. Можа, дзякуючы выбранай імі «грашовай» схеме?

Справа ў тым, што на праекце мае хаджэнне ўнутраная валюта — «амурыкі». Іх сем'і зарабляюць за перамогу ў этапах, за дапамогу ў іх правядзенні, напрыклад, транспартам. Куды можна патраціць гэтыя грошы? На павышэнне свайго месца, на арэнду джокераў (у гульні ёсць хлопец і дзяўчына, якія выконваюць гэтыя ролі) ці сваякоў і нават... чужой жонкі ці мужа. Падчас спаборніцтваў па спачане джокераў арандавала сям'я Буторыных — з'язджалі ў гэты час на адпачынак. На турзлёце такой магчымасцю скарысталіся Пашковічы, бо былі занятыя, таму арандавалі сваяка. Пры зборы грыбоў джокер выступіў за сям'ю Карніловічаў. Пры гэтым мужчыны і жанчыны зарабляюць грошы паасобку (сінія і ружовыя «амурыкі»), а пакупкі робяць за сямейныя «амурыкі» (зялёныя). Курс абмену — адзін да двух. Месцы ў гульні за «амурыкі» пакуль ніхто не павышаў. Але сем'і іх назапашваюць, каб быць плацежаздольнымі падчас выжывання на хутары (будзе такі этап) ці павысіць месца за ўвесь праект.

Самы вялікі грыб быў у Алены Пашковіч. Фота Марыны Гараповіч.

Дык вось на турзлёце бацька Сяргей Кашміло «набыў» 14-гадовую дачку Насцю для ўдзелу ў конкурсе. А жонку Кацю... арандавала іншая сям'я, Карніловічаў, бо там гаспадыня Наталля не ездзіць на веласіпедзе. Проста дачцэ вельмі хацелася прыняць удзел у спаборніцтвах: разам з бацькам яны ў першы дзень спаборніцтваў былі ў лідарах (мелі па два першыя і два другія месцы), а Каця такім чынам вырашыла зарабіць для сям'і «грошай».

Насамрэч сям'я Кашміло, дзе, акрамя дачушкі, падрастае і 9-гадовы сын Сямён, вельмі спартыўная. Бацька захапляецца ўсім, што адносіцца да хуткай язды, — квадрацыкламі, пазадарожнікамі. А Каця з дзецьмі не адстае — «хвосцікам» падзяляе захапленне мужа актыўным адпачынкам і турызмам: байдаркамі, веласіпедамі. Дачка ў школе нават запісалася ў турыстычны гурток.

Падчас «Грыбнога кахання» адбыліся спаборніцтвы па зборы грыбоў. Гэты этап быў для ўдзельнікаў самы лёгкі. Усяго і патрабавалася, што за дзве гадзіны назбіраць максімальную колькасць дароў лесу, балазе, сёлетняя восень была багатая на іх. Тытулы «Містар і Місіс Грыбнік» атрымала сям'я Пашковічаў.

А вось этап «Каханне не бульба» быў больш складаны: конкурс аратых. Спаборніцтвы праходзілі на трактарах МТЗ-80.

На трактары арэ Віталь Буторын. Фота Марыны Гараповіч.

Амаль усе ўдзельнікі — і мужчыны, і жанчыны — за рулём трактара сядзелі першы раз у жыцці. Па ўмовах этапу жанчыне трэба было спыніць яго на кантрольнай паласе, а мужчыне — узараць участак зямлі. Конкурс праходзіў на тэрыторыі прафтэхвучылішча. Пераможцы атрымалі тытул «Містар і Місіс Фермер». Імі сталі сем'і ўжо добра вядомых нам Пашковічаў (ну, куды ж без іх!) і Ганны і Віталя Буторыных. У апошніх літаральна нядаўна стаж сямейнага жыцця стаў роўны двум гадам. Што думаюць самі пераможцы наконт свайго дасягнення? Тут меркаванні раздзяліліся.

Ганна, у якой стаж кіроўцы тры гады і якая за рулём трактара сядзела ўпершыню, як ні дзіўна, заявіла, што кіраваць ім складаней, чым машынай, але абсалютна не страшна. «І паставіць трактар на кантрольную лінію было лёгка. Так што трактарысткай быць магу». У Віталя стаж кіроўцы — 20 гадоў, водзіць машыну і матацыкл, некалі вучыўся кіраваць і трактарам. Дык вось ён адзначыў, што працэс гэты складаны, асабліва ва ўмовах выканання сельскагаспадарчых работ. Араў мужчына ўпершыню, але справіўся без адзінага штрафнога бала!

Удзельнікі этапу «Каханне не бульба» з галоўным суддзёй. Фота Марыны Гараповіч.

Буторыны вельмі любяць актыўны адпачынак, турызм, збор грыбоў. Але самае галоўнае захапленне сям'і — гэта байкерства. Прычым на злёты ў Смаргонь, Ліду і іншыя гарады Ганна ездзіць разам з Віталем. Хаця сама яна матацыклам не кіруе, кажа, што цалкам давярае мужу, з ім абсалютна не страшна ездзіць...

Наперадзе ўдзельнікаў праекта чакаюць яшчэ конкурсы танца і сямейнага кіно, гульня з абменам гендарнымі ролямі, подыум. Фінал павінен прайсці на сцэне гарадскога Дома культуры.

— У чым галоўная сутнасць такіх праектаў? — перапытвае Марына Гараповіч. — Сэнс у тым, што кожная сям'я, праходзячы этап за этапам гульні, «шукае» свой галоўны страх і свой галоўны поспех. Нельга ўмець рабіць усё. Нельга быць увесь час лепшым і выйграваць. Праект вучыць з годнасцю і разуменнем прымаць і паражэнні, і перамогі. І, самае галоўнае, ён вучыць каханню...

А што думаюць самі ўдзельнікі сямейнага праекта?

Кацярына і Сяргей Кашміло: — Удзельнічаем у ім, каб жыццё стала цікавейшым, каб з'явіліся новыя сябры і ўражанні. Мэты перамагчы няма... Экстрым у нашым жыцці — гэта ўсё. Жыць адно з адным — гэта ўжо экстрым. Хацелі б пажадаць усім сем'ям, якія ўдзельнічаюць у праекце, каб экстрэмальны адпачынак прыносіў толькі пазітыўны настрой.

Таццяна і Сяргей Карповічы: — Мы прыйшлі сюды па новыя ўражанні, сяброў, эмоцыі, адрэналін. Каб праз 50 гадоў было што прыгадаць. У першую чаргу мы хочам даказаць сабе, што можам... Можам усё: танцаваць, даіць кароў, плыць на байдарках, сябраваць, гуляць, кахаць. А моцна кахаць — гэта значыць ахвяраваць сабой дзеля другога чалавека.

Алена і Анатоль Пашковічы: — Мы абодва — са шматдзетных сем'яў. І мы не баімся любой работы. Гэта вынік выхавання менавіта ў такой атмасферы. У гэтым праекце, як і некалі ва «Уладары вёскі», удзельнічаем дзеля добрых успамінаў, якія застануцца ў нашых дзяцей. Усім удзельнікам жадаем шчасця і ўзаемапаразумення, каб усе пытанні ў сям'і і ў праекце вырашаліся без спрэчак.

Ганна і Віталь Буторыны: — Каханне... Гэта калі цікава з чалавекам, калі хочацца ўвесь час быць з ім побач, калі яму цалкам давяраеш. Гэта не патлумачыш словамі... Мы любім кантактактаваць, а ў праекце набылі новых знаёмых, добрых і верных таварышаў, з якімі з задавальненнем праводзім вольны час. У планах — пашырэнне сям'і, кватэры, пошук новых магчымасцяў — духоўных, эмацыянальных, забаўляльных. І адной з такіх магчымасцяў з'яўляецца праект «Заўтра было каханне». Усім перамогі, поспехаў у далейшых этапах, сямейнага дабрабыту. І, самае галоўнае, усім дайсці да фіналу!

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каханне — гэта вам не бульба!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.