Вы тут

Як адчувае сябе новае папаўненне ў войску?


Лістапад для кожнай вайсковай часці – час асаблівы. Сыходзяць у запас тыя салдаты і сяржанты, якія скончылі тэрміновую службу. На змену ім прыходзіць новае папаўненне, якому трэба не толькі спасцігнуць таямніцы ваеннай навукі, але і адаптавацца ў новым калектыве, а таксама звыкнуцца з новым распарадкам дня. Як жа гэта адбываецца ў 72-м гвардзейскім аб’яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых камандзіраў?


Случчанін Вячаслаў Вараб’ёў халоднай лістападаўскай раніцай пакідае Печы. За плячыма – паўтара года, праведзеных тут. Хлопец пераходзіць па той бок КПП з лычкамі сяржанта на пагонах.

- Я быў намеснікам камандзіра ўзводу. Атрымаў спецыяльнасць камандзіра мінамётнага разліку. Больш за ўсё і запомніліся першыя стрэльбы… Што да характару, то стаў больш адказным. Усё-такі за кожнага падначаленага быў у адказе. Людзі ж прыходзяць з рознымі ўстаноўкамі, і трэба было знайсці паразуменне з кожным, каб калектыў быў сплочаны.

А мы кіруемся на плац, дзе займаюцца страявой падрыхтоўкай навабранцы 59-й школа падрыхтоўкі спецыялістаў  па эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў. Па плане заняткаў у іх – агнявая, тактычная падрыхтоўка, шэраг іншых прадметаў… І, канешне ж, “профільны” – вывучэнне ўстройства тэхнікі і кіравання ёй на аўтадромах, бо тут пераважна рыхтуюць механікаў-кіроўцаў. Усе яны прыйшлі ў войска, ужо маючы ў сваім паслужным спісе правы вадзіцеля.

- Я прыбыў сюды 14 лістапада, - кажа радавы Уладзімір Ярашэвіч. – Мяне прызвалі на год пасля ўніверсітэта. Я вучыўся ў Баранавічах на інжынера-механіка. Паспеў крыху папрацаваць па спецыяльнасці. Да войска я рыхтаваўся, бо ведаў, што павестка ўсё роўна прыйдзе. Праўда, падчас вучобы я ўсе пяць год жыў у інтэрнаце, таму адаптацыя для мяне – ужо звыклы працэс.

У 3-яй школе падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў праходзяць тэарэтычныя заняткі. Маладых салдат знаёмяць з тым, як разбіраць і збіраць аўтамат Калашнікава. 25 чалавек, аднак, знаходзяцца тут менш за суткі. Яны ўжо атрымалі форму.

- Новае папаўненне зараз запаўняе аўтабіяграфію і шэраг іншых дакументаў. Па прыбыцці ў падраздзяленне на кожнага ваеннаслужачага заводзіцца асабістая справа, - кажа старшы памочнік начальніка рэчавай службы тыла 72-га АУЦ старшы лейтэнант Аляксандр Струг. - А пасля ім пакажам, як падшываць падкаўнерыкі і падагнаць пад сябе абмундзіраванне. Салдатам тэрміновай службы на зіму выдаецца шапка-вушанка са штучнага меху, куртка і штаны, рэмень, бялізна, двое кальсон і абутак. Між іншым, у распрацоўцы знаходзіцца прапанова выдаваць асобныя камплекты абутку на халодны і цёплы час году.

У роце ж асноўны гаспадарчы цяжар кладзецца на яе старшыну.

- Першае, на што звяртаю ўвагу – гэта на падтрыманне парадку ў казарме, - кажа старшына 2-й роты гвардыі прапаршчык Дзмітрый Сасункевіч. - Гутару аб тым, што да вайсковай маёмасці трэба ашчадна адносіцца. Канешне, з першага разу атрымліваецца не ўсё, але цярпенне і праца паступова перамагаюць. Асобная тэма – падшыванне падкаўнерыкаў. Не ўсе здагадваюцца спачатку, што без іх форма націрала б шыю…

Ну а чым жа харчуюцца салдаты? Завітваем у сталовую.

- Сёння ў меню на абед – суп-расольнік, каша рысавая, смажаныя кураняты, сок яблычна-апельсінавы, булка і цыбуля. Таксама штодзень выдаецца рыба. Яе запякаюць, гатуюць з падліўкамі, смажаць з яе катлеты. Увогуле, салдаты штодня атрымліваюць па 100 грамаў мяса, курыцы і рыбы. Што да дэсерту, то сталовыя замаўляюць тварожныя сыркі, ёгурты…

Кампетэнтна

Начальнік 72-га аб'яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Печах Уладзіслаў Будзік заявіў, што будзе праведзена паўторная атэстацыя афіцэрскага складу.

Ён зазначыў, што абстаноўка ў цэнтры стабільная, спакойная. "Ад моманту майго ўступлення на пасаду былі праведзены наступныя мерапрыемствы: пераатэстацыя сяржанцкага складу – тыя, хто яе не прайшоў, былі адпраўленыя ў іншыя вайсковыя часці, на іх месца падабраныя вайскоўцы, з якімі цяпер праводзяцца заняткі для таго, каб пасля прызначыць іх на воінскія пасады сяржантаў. Акрамя таго, з афіцэрамі і прапаршчыкамі, занятымі выхаваннем асабістага складу, праводзяцца кантрольныя заняткі, па выніках якіх будзе праведзена атэстацыя. У перспектыве плануецца ўстаноўка сістэм відэаназірання ва ўсіх воінскіх частках нашага цэнтра ", - сказаў ён.

З першых дзён знаходжання ваеннаслужачаму новага папаўнення дазволена мець зносіны з бацькамі. Сваякі маюць магчымасць пабываць у казарме, азнаёміцца ​​з умовамі размяшчэння, побыту, сустрэцца з камандаваннем, атрымаць нумары тэлефонаў, па якіх яны ў любы момант могуць задаць пытанні".

Да канца лістапада ў Печы агулам прыбудзе каля 2,5 тыс. ваеннаслужачых. Ну а пасля таго, як для іх скончыцца курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, 16 снежня яны прымуць прысягу.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».