Вы тут

Чым здзівіць часовая экспазіцыя Косаўскага палаца?


Гэты архітэктурны арыстакрат цягам доўгіх часоў вабіў вытанчанасцю і незвычайнасцю. Яго непаўторныя аркападобныя, прадаўгаватыя вокны ў змярканні нагадваюць свечкі. Як агні мінулага, запаленыя сучаснасцю, яны прыцягваюць аматараў даўніны.

Стромкія цэнтральныя вежы высяцца грацыёзна, быццам вартаўнікі стагоддзяў, чакаюць палёгкі і суцяшэння. Каменны прыгажун кліча да сябе. Але ўзняцца да яго няпроста: застыў на ўзвышэнні. Уздым да яго працяглы, няхуткі. Так і сам ён паўстае з руін: нялёгка. Сёння палац Пуслоўскіх глыбока ўздыхнуў з надзеяй. Часткова адноўлены (рэстаўрацыя доўжыцца амаль дзесяць гадоў), ён прадстаўляе першую часовую экспазіцыю і вітае наведвальнікаў.


Ма­кет ад­рэ­стаў­ра­ва­на­га Па­ла­ца Пус­лоў­скіх, прад­стаў­ле­ны ў экс­па­зі­цыі.

Пад аховай белай залы

З пяці залаў, адкрытых для наведвання, больш за ўсё экспанатаў у белай зале. Рэстаўрацыя палаца працягваецца, пакуль яшчэ няма ацяплення, таму прадстаўлены «некапрызныя» прадметы.

— Экспазіцыя створана ў прыстасаваных умовах, без неабходнай мікракліматычнай абстаноўкі, таму сёння тут паказаны экспанаты, якія не патрабуюць спецыяльных дадатковых умоў. Гэта аб'екты, якія былі знойдзены пры археалагічных раскопках, калі мы толькі рыхтаваліся да рэстаўрацыйных работ. Усе выстаўленыя ў вітрынах экспанаты маюць непасрэднае дачыненне да палаца, — пракаментаваў Вячаслаў Гарбузаў, начальнік упраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

Сярод знаходак, знойдзеных падчас раскопак Косаўскага палаца, — лыжкі, відэльцы, іншыя сталовыя прыборы, шклянкі, кілішкі, адмысловы посуд, пярсцёнак, пенснэ (сяр. ХІХ — пач. ХХ стст.). Таксама прадстаўлены фрагменты чыгуннага ліцця, дзвярныя ручкі, фрагменты дэкаратыўнай лепкі ўнутраннага ўбрання палаца (усё сяр. ХІХ ст.), часткі керамікі ХVІІ—ХІХ стст., саліды Рэчы Паспалітай (другая палова ХVІІ ст.), кавалерысцкія шпоры і фрагменты збруі (ХVІ—ХVІІІ стст.). З асабліва каштоўных экспанатаў — аб'ёмны фрагмент паркавай скульптуры (галава адной з ацалелых пасля Першай сусветнай вайны статуй, якая калісьці ўпрыгожвала парк палаца; статую бачылі яшчэ ў 1925 годзе), знойдзеная на тэрыторыі палаца падчас правядзення земляных работ. Палац памятае польскі час, Першую, Другую сусветныя войны, таму цікава паглядзець знойдзеныя прадметы ваеннаслужачых, ваенны рыштунак.

Славутая бібліятэка і захаваная Біблія

Бібліятэка Вандаліна Пуслоўскага — найбуйнейшы прыватны збор кніг і рукапісаў у Беларусі ў другой палове ХІХ ст., які налічваў 10 000 адзінак захоўвання — была гонарам гаспадара і культурнай скарбніцай палаца.

Частка кніг належала яшчэ Войцеху Пуслоўскаму, бацьку Вандаліна (ён меў шырокія сувязі ў Пецярбургу, Вільні, Варшаве, яго прымаў імператар Аляксандр І; не раз гасцяваў у Войцеха нацыянальны паэт Польшчы Юльян Нямцэвіч, былы ад'ютант Тадэвуша Касцюшкі), аднак асноўны фонд сабраў Вандалін Пуслоўскі, малодшы сын Войцеха.

Вандалін быў надзвычай рознабаковай асобай. Цікавіўся археалогіяй, фатаграфіяй, архітэктурай... Пастаянна ладзіў музычныя вечары і канцэрты, запрашаў славутых выканаўцаў. Залы і галерэі палаца з цягам часу напаўняліся ўражальным зборам карцін і прадметаў мастацтва. Хутка Вандалін Пуслоўскі стаў адным з найбуйнейшых калекцыянераў на Літве, прычым больш увагі ўдзяляў жывапісу і рэдкім кнігам. Калекцыя мела сапраўдныя рарытэты. У 1869 годзе Вандалін Пуслоўскі падарыў 29 тамоў старажытных рукапісаў Кракаўскай акадэміі. Гэта былі працы гісторыкаў і філосафаў ХVІІ—ХVІІІ стст., прычым большасць — аўтарскія арыгіналы. Сярод падоранага — помнік беларускай літаратуры «Запавет Івана Мялешкі» (з подпісам Іпація Пацея), унікальны сярэдневяковы рукапіс «Vаtісіnіum Mаrсhісurn» і іншыя рэдкасці. Лічыцца, што многія экзэмпляры Вандалін Пуслоўскі набываў непасрэдна ў выдаўцоў. Не абмінаў таксама распродажаў і аўкцыёнаў, дзе можна было купіць каштоўныя кнігі з чужых калекцый. У асабістую бібліятэку Пуслоўскіх паступала перыёдыка, што выходзіла ў Вільні, Варшаве, Кракаве, Санкт-Пецярбургу...

На кнігах бібліятэкі прастаўляліся штампы: «Wаnd. Рuslоwskі», «Z bіblіоtеkі Wаndаlіnа Рuslоwskіеgо». Па некаторых пазнаках можна было расшыфраваць цікавасць і кола зносін гаспадара.

Так, захаваліся «косаўскія» выданні з пячаткамі і аўтографамі пісьменніка, дэпутата сейма і былога каралеўскага камергера Войцеха Нарбута, а таксама яго брата, брэсцкага каноніка Станіслава Нарбута. Частку сваіх прац Пуслоўскаму падарыў славуты археолаг і гісторык Яўстафій Тышкевіч, заснавальнік Віленскай археалагічнай камісіі і Музея старажытнасцяў у Вільні, калекцыянер, этнограф. Плацыд Янкоўскі, пісьменнік і паэт, доктар тэалогіі, прысвяціў уладальніку Косаўскага палаца свой твор «Некалькі ўніверсітэцкіх успамінаў». Эліза Ажэшка была сябрам сям'і Пуслоўскіх, гасцявала ў палацы і прысвяціла гаспадарам адзін са сваіх твораў — аповесць «Пампалінскія», дзе адлюстравала складаныя адносіны Вандаліна Пуслоўскага з сынам Леонам.

Частку сваёй бібліятэкі Пуслоўскі перадаў дачцэ Марце, якая жыла ў Свіслачы. Потым, на рубяжы ХІХ—ХХ ст. ад маёмасці Пуслоўскіх у Беларусі застанецца толькі яе маёнтак. Там знаходзілася і бібліятэка, якую пасля, у 1927 годзе, Марта перадала ў Гродзенскі музей — сёння Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Мастацкая галерэя, бібліятэка Палаца Пуслоўскіх былі разрабаваны падчас Першай сусветнай вайны, часткова разбураны сам палац. Пацярпеў ён і ў Другую сусветную, цудам падчас пажару ў 1944 годзе аднаму з мясцовых жыхароў удалося выратаваць Біблію з бібліятэкі Палаца Пуслоўскіх. Выданне з карціннымі літаграфіямі Г. Дарэ ў ХІХ ст. мела вялікі поспех і лічылася творам мастацтва. Сёння копія Бібліі прадстаўлена ў экспазіцыі палаца.

Біб­лія (ко­пія) з біб­лі­я­тэ­кі Па­ла­ца Пус­лоў­скіх, вы­ра­та­ва­ная пад­час па­жа­ру.

Чароўная музычная сцяна — міф?

У асноўных памяшканнях палаца была выдатная акустыка. У цэнтральнай частцы, расказваюць, знаходзілася незвычайная музычная сцяна. Калі дзяўчына ў пышнай сукенцы ўзнімалася па лесвіцы і выпадкова дакраналася да сцяны, ва ўсіх пакоях пачынала гучаць музыка. Дзіва? «У сцяну былі ўмацаваны галаснікі — гліняныя гаршчочкі, якія звычайна выкарыстоўваліся для паляпшэння акустыкі ў старажытных цэрквах. У гэтыя гаршчочкі былі насыпаны косткі жывёл. І калі хтосьці праходзіў і дакранаўся да сцяны, косткі пачыналі варушыцца. Такім чынам атрымліваўся гук», — расказала Паліна Савуціна, навуковы супрацоўнік Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея.

Палац быў не толькі раскошным звонку, але і зручным і камфортным унутры: працавала паветранае ацяпленне, падлога падагравалася ад паравых катлоў. Існавала вельмі прадуманая сістэма вентыляцыі. Па ўсім перыметры палаца было вялікае сутарэнне, дзе знаходзіліся яе элементы інжынернага абсталявання, гаспадарчыя памяшканні.

Стэнды экспазіцыі вельмі інфарматыўныя, і нават самы патрабавальны наведвальнік задаволіцца новымі ведамі.

— Зрушылася нарэшце гэтая доўгачаканая рэстаўрацыя, — выказаўся Юрый Зялевіч, дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык». — Хай пакуль экспазіцыя часовая, але будзем мець надзею, што з'явіцца пастаянная, хаця экспанаты таго часу знайсці цяжка. Многае залежыць ад фінансавых сродкаў, экспанаты знойдуцца. Выдатна ўсё зроблена для часовай экспазіцыі. Адзіная заўвага, што няма інфармацыі на беларускай мове (ёсць руская, англійская). Шкада.

Косаўскі гігант марыць пра балі і ўрачыстасці, высокія прыёмы і новыя знаёмствы. Хочацца верыць, што ён будзе ў цэнтры ўвагі, будзе радаваць і прыносіць карысць.

Наталля СВЯТЛОВА

Загаловак у газеце: Унікаты пуслоўскіх палатаў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.