Вы тут

Памёр паэт Алесь Каско


Але застаецца народжанае ім святло слоў і вобразаў, сімвалаў і фарбаў. Такая ўжо доля сапраўднай паэзіі — хваляваць і абуджаць.


Надзвычай сціплы чалавек, родам з легендарнага, вядомага ўсім этнографам Чудзіна, што на Ганцавіччыне (успомніце даследчыцкі лёс Аляксандра Сержпутоўскага і яго фальклорныя запісы), ён і жыў на Берасцейшчыне, і вучыўся тут, у Брэсце, і пайшоў з жыцця ў роднай сваёй старонцы.

Паэт Божай ласкі, ён пакінуў пасля сябе няшмат кніг. Але ўсе яны — і першы зборнік «Вестка» ў калектыўнай кнізе «Нашчадкі», і наступныя «Скразная лінія», «Набліжэнне», «Час прысутнасці», «Сорак пяць», «Трохкроп'е», «Прыадхінуты небасхіл», «Межавыя знакі» — вызначаюцца высокай культурай верша, гранічнай шчырасцю, бязмежнасцю сімвалаў і вобразаў, якія вылучаюць кожны верш, кожную страфу. Паэт добра ведаў еўрапейскую, сусветную паэзію. Ажыццявіў сур'ёзныя захады да перакладчыцкай справы. Здолеў паэтаў іншых славянскіх народаў узяць у палон беларускай мовы. І зрабіў гэта шчыра, сардэчна, на высокім мастацкім узроўні.

Алесь Каско прыналежны да той кагорты сапраўдных паэтаў, у якіх быў і застанецца чытач. Максім Танк, Пімен Панчанка, Аляксей Пысін, Міхась Рудкоўскі, Яўгенія Янішчыц, Міхась Стральцоў... Вось тая гвардыя, якой ён роўны, з якой ён знітаваны ў чытацкіх уяўленнях. Пералік усіх, хто прыналежны да паэтычнага сузор'я, багаты і шматпланавы. Алесь Каско ў гэтым радзе мае сваё адмысловае месца. Чытанне яго вершаў — асаблівая асалода, размова з крыніцамі і лясамі, рэкамі і сінім небам, размова з Часам і Прасторай. «Дол спапялёны, і ў чэзлай траве / конік зялёны і той не жыве. / Неба пустое — без жаўрукоў, / жыта сухое — без васількоў...» Гэтыя радкі — з вершаў нядаўніх, з падборкі, якую надрукаваў колькі гадоў назад «Дзеяслоў». А пачатак быў з публікацыі верша «Пралескі» ў 1968 годзе ў ганцавіцкай раённай газеце. Нейкі час Алесь Каско працаваў і ў нашай «Звяздзе». Вызначыўшы сваім паэтычным веравызнаннем клопат «служыць Радзіме і красе», паэт рабіў гэта годна. А далей службу працягнуць яго вершы. Яны — бы тыя салдаты, быццам самая што ні ёсць зброя ў арсенале беларускага прыгожага пісьменства.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Загаловак у газеце: Набліжэнне да вечнасці

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.