Вы тут

Павялічыць пенсію могуць і дзяржаўныя ўзнагароды


Узнагароды або ганаровыя званні за поспехі ў працы часам могуць паслужыць падставай для атрымання дадатковай прыбаўкі да пенсіі. Але якія менавіта ўзнагароды? І з якімі дасягненнямі можна разлічваць на павышаную пенсію? Разбіраемся з гэтымі пытаннямі разам са спецыялістамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.


Згодна з адпаведнымі заканадаўчымі актамі, гэтая пенсія можа быць прызначана:

  • Героям Беларусі, Героям Савецкага Саюза, Героям Сацыялістычнай Працы;
  • грамадзянам, узнагароджаным ордэнамі Айчыны трох ступеняў, ордэнамі «За службу Радзіме» трох ступеняў, ордэнамі Славы трох ступеняў, ордэнамі Працоўнай Славы трох ступеняў, ордэнамі «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» трох ступеняў;
  • грамадзянам, узнагароджаным трыма і больш ордэнамі Рэспублікі Беларусь і (або) СССР;
  • жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей і ўзнагароджаны адной з наступных дзяржаўных узнагарод СССР ці Рэспублікі Беларусь: ордэнам Маці, медалём «Медаль мацярынства», ордэнам «Мацярынская слава», ордэнам «Маці-гераіня»;
  • грамадзянам, удастоеным ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь, БССР або СССР (народны, заслужаны);
  • лаўрэатам Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь, БССР, Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР;
  • грамадзянам, што займалі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, членам Урада Рэспублікі Беларусь, старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама — пасля спынення імі працы ў названых пасадах;
  • пераможцам і прызёрам Алімпійскіх, Параалімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіёнам свету і Еўропы.

Але калі вы ўваходзіце ў гэты пералік — гэта не значыць, што вам аўтаматычна гарантавана прызначэнне пенсіі за асаблівыя заслугі. Такая пенсія вызначаецца персанальна спецыяльнай камісіяй пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Прычым толькі пасля папярэдняга хадайніцтва, якое можа быць распачата рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамамі (Мінскаму гарвыканкаму), кіруючымі органамі рэспубліканскіх грамадскіх і рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў (саюзаў) з улікам меркавання працоўнага калектыву, у якім вы працавалі.

Да хадайніцтва прыкладаюцца заява, дакументы, якія пацвярджаюць асаблівыя заслугі, уліковы лісток з аддзела кадраў, аўтабіяграфія, характарыстыка, даведка аб памеры пенсіі.

Пенсія за асаблівыя заслугі ўстанаўліваецца ў памеры пенсіі па ўзросце, па інваліднасці або за выслугу гадоў, прызначанай у адпаведнасці з пенсійным заканадаўствам або заканадаўствам аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь, і павышэння за асаблівыя заслугі.

Канкрэтныя памеры павышэння вызначае Камісія па прызначэнні пенсіі за асаблівыя заслугі. Пры гэтым памер павышэння за асаблівыя заслугі не можа перавышаць 250% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Памер пенсіі за асаблівыя заслугі можа быць перагледжаны Камісіяй у частцы павелічэння памеру павышэння за асаблівыя заслугі пры з'яўленні новых (дадатковых) звестак аб асаблівых заслугах грамадзяніна, а таксама пры ўзнагароджанні грамадзяніна ордэнам ці медалём Рэспублікі Беларусь (за выключэннем юбілейнага).

Пры гэтым варта мець на ўвазе, што пенсія за асаблівыя заслугі не ўстанаўліваецца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола, кавалерам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, грамадзянам, якія маюць медалі, ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета ці Савета Міністраў.

Акрамя таго, права на такую пенсію не маюць тыя, у каго ёсць судзімасць.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».