У Бруселі ў мінулую пятніцу завяршыўся саміт «Усходняга партнёрства» з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, Арменіі, Украіны, Малдовы, Грузіі і Азербайджана. Галоўным вынікам падзеі стала пацвярджэнне таго факта, што «Усходняе партнёрства» будзе існаваць і развівацца. Гэта важна на фоне тых гучных заяў як палітыкаў, так і аналітыкаў, якія яшчэ паўтара года таму прадвяшчалі поўны крах праграмы або адкрыта казалі, што яна ўжо мёртвая. Нічога падобнага, ініцыятыва 2009 года прадэманстравала і ў 2017-м поўную жыццяздольнасць.
Самай важнай для Беларусі стала паступовая трансфармацыя «Усходняга партнёрства» менавіта ў тым кірунку, які нас у найбольшай ступені задавальняе. У першапачатковым фармаце ініцыятывы 2009 года было занадта шмат геапалітыкі, што аб'ектыўна перашкаджала паспяхова развіваць партнёрства. Такія ўдзельнікі, як Украіна, Малдова і Грузія, разглядалі праграму як крок на шляху ў інтэграцыю ў Еўрапейскі саюз і спрабавалі рэалізоўваць свае знешнепалітычныя інтарэсы праз яго мерапрыемствы. Краіны ЕС, не ставячыся ўсур'ёз да перспектыў еўраінтэграцыі гэтых трох краін, у той жа час разглядалі партнёрства галоўным чынам з пункту гледжання новага фармату адносін з Расіяй. Беларусь, Арменія і Азербайджан, у сваю чаргу, не думаючы аб уступленні ў Еўрасаюз, спрабавалі дабіцца больш прагматычнага парадку дня, які ўлічвае перш за ўсё іх эканамічныя інтарэсы. Такое супярэчлівае разуменне мэт удзелу ва «Усходнім партнёрстве» непазбежна цягнула за сабой рознагалоссі і блытаніну.
Час ідзе, і ўсе гэтыя гады Беларусь настойліва прасоўвала сваё разуменне патрэбнага ёй парадку дня. Мянялася і геапалітычная сітуацыя — у ЕС усё больш спее разуменне таго, што ў Еўропе складваецца занадта напружаная атмасфера і пара рабіць крокі па яе разрадцы, а не далейшай эскалацыі. Таму што Еўрасаюз прадстаўляе сабой паў-Еўропы і хоча спакойнага жыцця, а не ўсё новых і новых праблем на сваёй тэрыторыі і ў бліжнім замежжы. У гэтай сітуацыі вынікі саміту 2017 года па сутнасці фіксуюць беларускія прапановы яшчэ 2009 года — «Усходняе партнёрства» павінна быць аб прагматычным узаемадзеянні суседзяў, а не аб стварэнні новых пунктаў напружання ў Еўропе. Таму выніковая дэкларацыя саміту прынятая ў дастаткова спакойнай атмасферы і не змяшчае асуджэння і павучанняў у адрас Расіі, як хацелася тым удзельнікам саміту, якія на гэты раз апынуліся ў меншасці.
«Усходняе партнёрства» ў выніку сапраўды становіцца асаблівым вымярэннем Еўрапейскай палітыкі суседства, праграмай, у рамках якой суседзі вырашаюць важныя для іх пытанні на аснове супрацоўніцтва. Першараднай становіцца важнасць умацавання дзяржаўнай, эканамічнай і сацыяльнай устойлівасці ў ЕС і краінах-партнёрах і ролі «Усходняга партнёрства» ў суседстве ЕС. На саміце была дасягнута згода, што ўзмоцненае супрацоўніцтва, дальнабачны і ўсебаковы палітычны дыялог маюць ключавое значэнне для пераадолення агульных выклікаў і дасягнення агульных мэт. У выніковай дэкларацыі адкрыта падкрэсліваецца, што «Усходняе партнёрства» мае на мэце развіццё агульнай прасторы сумеснай дэмакратыі, росквіту, стабільнасці і ўзмоцненага супрацоўніцтва і не накіравана супраць каго-небудзь. Пры гэтым адзначаецца, што, калі сувязі з іншымі партнёрамі запатрабуюць больш шырокага прыцягнення і будуць спрыяць выніковасці канкрэтных мерапрыемстваў і агульных мэт «Усходняга партнёрства», супрацоўніцтва ў кожным канкрэтным выпадку можа быць адкрытым для трэціх краін. Пацвярджаецца суверэннае права кожнага партнёра выбіраць узровень амбіцый і мэт, да якіх ён імкнецца ў сваіх адносінах з Еўрапейскім саюзам. Адкрыта прызнаецца, што аб'ём і глыбіня супрацоўніцтва вызначаюцца амбіцыямі і патрэбамі ЕС і партнёраў, а таксама тэмпам і якасцю рэформаў. Гэта важна на фоне таго факта, што пры старце ініцыятывы ў 2009 годзе Еўрасаюз быў схільны да ментарскага тону ў дачыненні да шасці краін былога СССР, запрошаных да ўдзелу.
Такім чынам, «Усходняе партнёрства» становіцца ўсё больш важным фарматам зносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам, з дапамогай якога Беларусь імкнецца рэфармаваць сваю эканоміку, зрабіць яе больш магутнай і інавацыйнай, балазе ЕС валодае велізарнымі фінансавымі сродкамі і сучаснымі тэхналогіямі. Як гаворыцца ў фінальнай дэкларацыі саміту, для такога супрацоўніцтва, акрамя традыцыйных інструментаў, з'явіцца і новы. Мяркуецца стварэнне Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця, закліканага эфектыўна мабілізаваць значныя аб'ёмы інвеставання. Важную ролю ў прагматычным супрацоўніцтве ЕС і Беларусі адыграе праграмны дакумент «20 дасягненняў да 2020 года», прыняты ў снежні 2016-га і накіраваны на дасягненне адчувальных вынікаў празрыстым і інклюзіўным спосабам. У перагледжанай шматбаковай структуры «Усходняга партнёрства» будзе распрацаваны больш інтэграваны, калегіяльны, міжгаліновы падыход да супрацоўніцтва, арыентаваны на вынікі.
Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».