Вы тут

Сям’я рабоце не перашкаджае?


Дэмаграфічная палітыка ў краіне становіцца усё больш навукова абгрунтаванай, пачынае ўлічваць навейшыя тэндэнцыі, выяўленыя даследчыкамі.  


Фота: jufmaike.nl

На прысвечанай Году навукі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі маладых вучоных “Сацыяльна-працоўная сфера і дэмаграфічнае развіццё Рэспублікі Беларусь” сёння абмяркоўваюцца актуальныя праблемы працоўных стасункаў, сацыяльнай абароны, дэмаграфічнай бяспекі. Удзельнікамі форуму сталі вучоныя з Азербайджана, Расіі, Украіны і Беларусі. Гэта выкладчыкі сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, дактаранты, аспіранты, магістранты ва ўзросце да 35 гадоў. У рабоце канферэнцыі прымалі ўдзел і аўтарытэтныя вучоныя-дэмографы.

— Нягледзячы на больш высокі ўзровень жыцця ў заходніх краінах, праблема дзетанараджэння там яшчэ больш вострая, чым у нас. Патрабуецца сур’ёзны аналіз таго, як спрацоўваюць меры дзяржаўнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Маладыя вучоныя павінны дапамагчы нам выпрацаваць тыя падыходы, якія неабходна ўлічваць у дзяржаўнай палітыцы, каб згладзіць негатыўныя дэмаграфічныя выклікі. Сёння ў краіне праводзіцца актыўная дэмаграфічная палітыка, скіраваная на стабілізацыю колькасці насельніцтва, рост нараджальнасці, забеспячэнне неабходных перадумоў для ўмацавання працоўнага патэнцыялу і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, — адзначыў на адкрыцці намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр РУМАК.

Арганізатарам канферэнцыі выступіў Навукова-даследчы інстытут працы сумесна з Праектам “Падтрымка рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”, які фінансуецца Урадам Расійскай федэрацыі, Фондам ААН у галіне народанасельніцтва і ЮНІСЕФ.

Паводле слоў намесніка прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі Алены КАСЬКО, акадэмічная супольнасць, а дакладней НДІ працы, з'яўляючыся структурным падраздзяленнем Міністэрства працы і сацабароны, аказвае сур’ёзны ўплыў на палітыку, якая імі распрацоўваецца. Міністэрства заказвае даследаванне, і на падставе яго вынікаў прымае тыя ці іншыя рашэнні. Аднак у ідэале шэраг навукова-даследчых інстытутаў краіны маглі б праводзіць свае даследаванні ў галіне сацыяльна-працоўнай сферы і дэмаграфічнага развіцця, што таксама магло быць улічана ўрадам. 

Фота: cefi.ca

Канферэнцыя стала дапаўненнем да шэрагу мерапрыемстваў, праведзеных ЮНФПА ў папярэднія два гады, сярод якіх публікацыя манаграфій “Шлюбы і разводы ў Рэспубліцы Беларусь”, вучэбнага дадатку “Практычная дэмаграфія”, маштабнага сацыялагічнага апытання па фарміраванні сям’і, стабільнасці сямейных стасункаў і нараджальнасці ў зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах.

У галіне дэмаграфіі можна абмяркоўваць незлічоную колькасць пытанняў, напрыклад, існуючы ў суседніх краінах вопыт выкарыстання шматлікіх падыходаў, якія дазваляюць збалансаваць жыццё працоўнае і сямейнае. Дзесьці прадугледжаны больш гібкія графікі работы для жанчын, а дзесьці — скарачэнне дэкрэтнага водпуску з амаль стопрацэнтнай аплатай на працягу толькі аднаго года. Больш актыўна ўцягваюцца ў сямейныя пытанні мужчыны, развіццё дыстанцыйнай формы працоўных стасункаў.

— Адно з пытанняў, якое мы будзем абмяркоўваць на канферэнцыі — замяшчальныя або прыёмныя сем’і для пажылых, — кажа загадчыца аддзела развіцця інавацыйных форм сацыяльнага абслугоўвання НДІ працы Мінпрацы і сацабароны, кандыдат філасофскіх навук Наталля МІЛЬКОТА. — Жыць у сям’і лепш не толькі для дзяцей. Калі ты ў гадах ды пражываеш адзін, ды ў сельскай мясцовасці, то чаму б не атрымаць падтрымку з боку нейкай іншай сям’і з дваіх чалавек, куды цябе могуць узяць на пражыванне і вядзенне сумеснай гаспадаркі? Сям’я можа забяспечыць адзінокаму чалавеку дадатковы догляд. З другога боку, чаму нельга ўзяць бабулю ў маладую сям’ю, якая можа прыгледзець і за дзецьмі, калі яе прыёмная сям’я на працы? А пажылым з цяжкімі захворваннямі можа дапамагчы іншы пажылы-валанцёр, які ў свой час працаваў медыкам і, вядома, не разгубіў гэты вопыт. Нам неабходны самыя розныя формы абслугоўвання сям’і. Дзяржава магла б падтрымаць фінансаваннем і грамадскія арганізацыі, якія прапануюць паслугі, яшчэ не адпрацаваныя дзяржаўнымі структурамі.

Удзельніца форуму, аспірант Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова Святлана БАГУСЛАЎСКАЯ, завяршае зараз работу, звязаную з адаптацыяй сельскіх мігрантаў да гарадскога ладу жыцця. “Прычыны пераезду ўсім зразумелыя, а вось тое, як людзі падладжваюцца пад новыя ўмовы, як адаптуюцца, варта высветліць. Вядома, што здольнасць да адаптацыі абумоўлена культурай. У некаторых культурах ад пачатку закладзена выхаванне большай гібкасці, адаптатыўнасці, а ў іншых гэта не вітаецца. Неабходна ўстанавіць, што і як у гэтым сэнсе ў нашай краіне”.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.