Вы тут

Жыхары вёскі Лескавічы хвалююцца, што на зіму застануцца без крамы


Калі жыхары буйных гарадоў збіраюцца па пакупкі, яны звычайна не ведаюць, куды пайсці: столькі крам побач з домам! У вёсках сітуацыя зусім іншая. Гандлёвых аб'ектаў на сяле адзінкі, і калі які-небудзь з іх закрываюць, для мясцовых гэта — сапраўдная трагедыя. Нядаўна ў рэдакцыю звярнуліся жыхары вёскі Лескавічы Шумілінскага раёна. Пад лістом з просьбай выратаваць краму падпісаліся 50 чалавек.


Рамонт доўга адкладалі

Сяльчанін Мікалай Рыгоравіч Макаранка расказвае: магазін спажыўтаварыства закрылі ў пачатку кастрычніка. У тыпавым цагляным будынку пацёк дах. Але замест таго, каб памяшканне адрамантаваць, тавары вывезлі, а сам гандлёвы аб'ект закрылі.

— У нашай вёсцы пражываюць 175 чалавек. Акрамя карэнных жыхароў, паслугамі крамы карысталіся навучэнцы гімназіі, а ў летні час — дачнікі і тыя, хто адпачываў на мясцовым возеры, — кажа Мікалай Рыгоравіч.

Магазін у выніку перадалі ў карыстанне Бешанковіцкага райспажыўтаварыства. Ходзяць чуткі, што, магчыма, яго ў арэнду возьме прыватная асоба. Але, па словах Мікалая Макаранкі, вяскоўцам розніцы няма: абы аб'ект працаваў. Вось толькі рамонт доўга адкладалі і распачалі літаральна тыдзень таму.

— Хутка зіма, — хвалюецца суразмоўнік. — Як быць жыхарам вёскі? Прыйдзе канец лістапада, краму не адрамантуюць, а мы пачуем у адказ, што цяпер гэта і немагчыма з-за ўмоў надвор'я.

Найбліжэйшы магазін — у Шуміліне, за сем кіламетраў. Але ж у Лескавічах шмат пенсіянераў, хіба яны находзяцца ў райцэнтр? Пакуль што прадукты прывозіць аўталаўка. «Але яна, ведаеце, як ходзіць? Напішуць, што будзе ў абед, — прыедзе ў дзесяць гадзін раніцы. Людзі ж не могуць увесь дзень сядзець на лаўцы і чакаць», — абураецца наш чытач.

Мікалай Макаранка ўспамінае: 7—8 гадоў таму ў вёсцы хацелі закрываць пошту. Жыхары тады ў «Звязду» звярнуліся, і пытанне вырашылася на іх карысць — аддзяленне пакінулі. Яно і сёння працуе, заўважае Мікалай Рыгоравіч, людзі задаволены. А калі і пошту, і краму закрыць, што ж ад вёскі застанецца?

Магазін адкрыюць першага снежня

У Шумілінскім райвыканкаме тлумачаць, што краму закрылі з-за аварыйнага стану. Чаму яе своечасова не адрамантавалі? «На гэта пытанне я спрабавала атрымаць адказ у райспажыўтаварыстве. Яны спасылаюцца на цяжкае фінансавае становішча», — каментуе сітуацыю намеснік старшыні выканкама па эканоміцы Таццяна ВАРАБ'ЁВА.

Шумілінскае спажыўтаварыства цяпер знаходзіцца ў стадыі банкруцтва. Усе гандлёвыя аб'екты, якія ўваходзілі ў яго склад, было вырашана перадаць у арэнду Бешанковіцкай кааперацыі. Прадаўцы таксама пераводзяцца ў гэту арганізацыю. Што да крамы ў Лескавічах, то новы арандатар спачатку не надта хацеў яе браць — з-за дрэннага стану. Але пытанне ўдалося вырашыць. Адкрыць ужо адрамантаваны магазін павінны 1 снежня.

У тым, што аб'ект у будучыні, магчыма, перададуць прыватнай асобе, Таццяна Вараб'ёва не бачыць нічога страшнага.

— Асартыментны пералік будзе захоўвацца і прыватнікам, і кааперацыяй. Патрабаванні адны і тыя ж, — запэўнівае яна. — Для нас галоўнае — каб у насельніцтва не было нараканняў.

Іншая рэч, што сярод мясцовых прадпрымальнікаў ахвотных трымаць краму на вёсцы няма. Па словах старшыні Светласельскага сельвыканкама Віктара ШЧАРБАКОВА, падобныя прапановы ўспрымаюцца без энтузіязму — бізнесменам цікавей адкрывацца ў больш людных месцах. Так, на тэрыторыі сельсавета ёсць толькі адна прыватная кавярня — у вёсцы Язвіна.

Чаму Шумілінская кааперацыя збанкрутавала?

— Прычына — дрэнная гаспадарчая дзейнасць. Канкурэнцыя там не настолькі значная, — упэўнены старшыня праўлення Віцебскага аблспажыўсаюза Аляксандр ПУЦЯТА.

Ён дадае, што па сацыяльных стандартах, калі ў населеным пункце пражывае менш за 200 чалавек, краму могуць закрыць. Але кааперацыя звычайна звяртаецца да гэтых мер толькі тады, калі ў вёсцы застаецца менш за 50 чалавек.

— Ёсць вёскі, дзе і па 20—30 жыхароў, але мы трымаем магазін. Бо ёсць у наяўнасці прадаўцы: пенсіянеркі два-тры разы на тыдзень выходзяць на змену, і ўсіх гэта задавальняе, — расказвае Аляксандр Пуцята. — А ўвогуле, складана знайсці работніка, які будзе прыязджаць у вясковую краму, калі разумее, што таваразварот невялікі, а значыць, і заробак невысокі. Таму працоўныя рэсурсы ў сельскай мясцовасці — адна з асноўных нашых праблем.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Дах пацёк, тавары вывезлі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.