Вы тут

Ці можа райпо быць прыбытковым?


У найбліжэйшы час члены Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі збіраюцца абмяркоўваць пытанні функцыянавання спажывецкай кааперацыі. Удзельнікаў выязнога пасяджэння азнаёмяць з дзейнасцю Пастаўскага райспажыўтаварыства. Напярэдадні наш карэспандэнт пацікавіўся, што ўяўляе сабой сістэма спажывецкай кааперацыі Віцебскай вобласці ў цэлым і канкрэтна ўзятага раёна — у прыватнасці.


Накормяць і нарыхтуюць

Паводле слоў старшыні праўлення Віцебскага аблспажыўсаюза Аляксандра Пуцяты, у сістэму спажывецкай кааперацыі ўваходзяць 18 раённых спажывецкіх таварыстваў і 11 унітарных прадпрыемстваў аблспажыўсаюза.

— У асноўным займаемся гандлем: усяго ў нас каля 1,3 тысячы крам, 63% іх — у сельскай мясцовасці. Больш за 4 тысячы населеных пунктаў абслугоўваюць 160 аўтакрам.

Гандаль «з колаў», як і аб'екты ў невялікіх населеных пунктах, з-за нізкіх аб'ёмаў тавараабароту істотных выдаткаў на ўтрыманне — стратныя. Але калі ў вёсцы жыве нават толькі адзін чалавек, яго трэба забяспечваць таварамі і паслугамі.

Вядома, што ў Беларусі спажывецкая кааперацыя традыцыйна лідар у нарыхтоўчай дзейнасці. На Віцебшчыне яе ажыццяўляюць у 101 пункце. Таксама гэтым займаюцца рознічныя гандлёвыя прадпрыемствы. Купляюць больш за 20 відаў сельскагаспадарчай, дзікарослай сыравіны. І не толькі ў грамадзян. У спісе здатчыкаў — фермерскія гаспадаркі, садаводчыя таварыствы і сельскагаспадарчыя кааператывы. Спажывецкая кааперацыя — асноўны нарыхтоўшчык бульбы, агародніны, садавіны, ягад, грыбоў і іншага. За 9 месяцаў года толькі ў грамадзян закуплена сельскагаспадарчай прадукцыі больш чым 13,2 мільёна рублёў.

Каб рэалізоўваць айчынныя бульбу і плодаагароднінную прадукцыю ў міжсезонны перыяд, функцыянуе 21 сховішча. Там адначасова можна захоўваць больш за 7,6 тысячы тон.

Па заказах і ў крэдыт

Пастаўская раённая спажыўкааперацыя на працягу 20 гадоў займае лідзіруючае месца не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй рэспубліцы. Тройчы назва калектыву была занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару. Двойчы працоўны калектыў за ўклад ва ўмацаванне эканомікі краіны
і стабільнае развіццё атрымліваў падзячны ліст ад Прэзідэнта.

Як адзначыў Рыгор Леўкавец, старшыня праўлення Пастаўскага раённага спажывецкага таварыства, у яго больш за 800 падначаленых. Яны працуюць для 36 тысяч землякоў, у тым ліку 12,1 тысячы вяскоўцаў.

— Маем каля 90 крам, больш чым палова якіх — у вёсках. Туды, дзе мала жыхароў, прыязджаюць 10 аўтакрам, — расказвае ён.

У раёне адкрываюцца крамы, не горшыя, чым у абласным цэнтры. Напрыклад, крама №24 «Родны кут». Яе гандлёвая плошча перавышае 500 «квадратаў». Сярод іншага ёсць нават акварыум для рэалізацыі жывой рыбы. Для пастаянных пакупнікоў укаранілі сістэму зніжак (выдаюць дысконтныя карты). Сярэднямесячны тавараабарот — 250,4 тысячы рублёў.

Ва ўсіх крамах арганізаваны продаж па папярэдніх заказах насельніцтва. Актыўна развіваецца гандаль прамысловымі і харчовымі таварамі ў крэдыт.

Залатыя і сярэбраныя

Летась на Сусветнай кулінарнай алімпіядзе ў Германіі майстар-кандытар Святлана Карандашава заваявала сярэбраны медаль, а майстар-повар Галіна Зямчонак — бронзавы. Яна ж сёлета на рэспубліканскім міжгаліновым конкурсе прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар — 2017» сярод кухараў-кулінараў узяла Гран-пры.

Эксперты далі высокую ацэнку і прадукцыі райпо. У прыватнасці, у мінулым годзе на рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката-2016» хлябы «Мурамскі аматарскі» і «Манастырскі» заваявалі сярэбраныя медалі. А хлеб «Царскі з сухафруктамі» — Гран-пры. Былі і іншыя ўзнагароды...

— Неаднаразова на рэспубліканскіх конкурсах «Найлепшыя тавары года Рэспублікі Беларусь» («Ласунак») прадукцыя мяснога і кандытарскіх цэхаў узнагароджвалася дыпломамі і ганаравалася званнем лаўрэата, — працягвае Рыгор Леўкавец.

І турызмам займаюцца

Пастаўскае райспажыўтаварыства аказвае насельніцтву больш за 20 відаў паслуг. Сюды ўваходзяць, напрыклад, апрацоўка драўніны, забой жывёлы, камплектаванне падарункаў, рытуальныя паслугі, пракат і іншае...

Займаюцца і, на першы погляд, нестандартнай для такой арганізацыі дзейнасцю. Пазалетась у вёсцы Шыркі ўведзены ў эксплуатацыю комплекс для ажыццяўлення сельскага турызму. База адпачынку знаходзіцца ў маляўнічым кутку. Там ёсць магчымасць адпачыць на прыродзе, правесці карпарацыйныя мерапрыемствы (дзіцячыя і дарослыя дні нараджэння, юбілеі і вяселлі). І ўсё гэта, заўважце, па даступных цэнах...

Шмат гадоў райпо рэнтабельны ва ўсіх кірунках.

У Пастаўскім раёне нават ёсць музей спажывецкай кааперацыі. Ужо каля 13 гадоў ён функцыянуе ў галоўным адміністрацыйным будынку. Там можна ўбачыць каля 800 экспанатаў, звязаных з гісторыяй стварэння і развіцця мясцовай кааперацыі: з 1939 года па цяперашні час.

Сёлета па ўсёй вобласці адрамантавалі і рэканструявалі больш за 100 крам.

Удзельная вага спажывецкай кааперацыі ў рознічным тавараабароце Прыдзвіння — 8,7%.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».