Вы тут

Сапраўдная гісторыя першага падраздзялення крымінальнага вышуку


Сёлетні юбілейны год беларускай міліцыі азнаменаваны таксама і знакавай датай у гісторыі яе вядучай аператыўнай службы — крымінальнага вышуку. Як вядома, ён вядзе свой адлік ад 5 кастрычніка 1918-га, калі калегія НКУС РСФСР зацвердзіла адпаведнае палажэнне. Але дакументы, якія мне апошнім часам удалось адшукаць у архівах, сведчаць, што крымінальны вышук як спецыялізаваны дзяржаўны орган з дадзенай назвай упершыню з'явіўся на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў 1917-м.


Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў былой Расійскай імперыі, у склад якой уваходзіла тэрыторыя Беларусі, пачаўся працэс арганізацыі новых органаў аховы грамадскага парадку — «народнай міліцыі з выбарным начальствам, падначаленым органам мясцовага самакіравання». Структуры міліцыі зазвычай фарміраваліся са структур і кадраў паліцыі, часцей шляхам простага перайменавання. Вялікая ўвага ўдзялялася аднаўленню дзейнасці на месцах вышуковых аддзяленняў, якія раней знаходзіліся ў падпарадкаванні 8-га справаводства Дэпартамента паліцыі МУС. У Мінску вышуковае аддзяленне было перайменавана ў крымінальнае аддзяленне гарадской міліцыі. А вось у Віцебску пераўтворанаму вышуковаму органу прысвоілі назву — «Упраўленне крымінальнага вышуку ў горадзе Віцебску». Пра гісторыю яго ўзнікнення і пойдзе гаворка.

Працэс стварэння ў старажытным беларускім Віцебску новага вышуковага органа быў фактычна запачаткаваны тэлеграмай таварыша (цяпер — намесніка) міністра ўнутраных спраў Часовага ўрада Расіі князя Сяргея Урусава, накіраванай 8 красавіка 1917 года віцебскаму губернскаму камісару. Падаём яе тэкст з захаваннем арыгінальнай лексікі: «Существовавшие в некоторых местностях сыскные отделения, ведающие уголовным розыском, предположено не упразднять, а передать в ближайшем будущем Министерству Юстиции. Поэтому Вам надлежит озаботиться, чтобы учреждения эти, столь необходимые для обеспечения гражданам безопасности, возобновили свою деятельность как можно скорее». З грыфам «спешно» копія тэлеграмы з канцылярыі губернскага камісара дасылаецца прокурору Віцебскага акруговага суда Б. С. Рэпнінскаму з просьбай «не адмовіць у арганізацыі крымінальнага вышуку з абноўленым складам служачых» і паведаміць «аб далейшым».

6 мая 1917 года Б. С. Рэпнінскі накіроўвае ліст у зацікаўленыя мясцовыя органы, у якім абгрунтоўвае неабходнасць рэарганізацыі міліцыі і прапаноўвае «выбраць прадстаўніка для ўдзелу ў пасяджэннях па выпрацоўцы палажэння аб Упраўленні крымінальнага вышуку». У дадзеным лісце, у прыватнасці, адзначалася, што агульная міліцыя, да якой перайшлі «абавязкі» вышуковых аддзяленняў, не валодае ў гэтым дачыненні спецыяльнымі ведамі і дастатковым вопытам і не ў сілах змагацца з усё большым ростам злачыннасці, і яе «нежыццяздольнасць як судовай паліцыі стала, відаць, агульнапрызнанай». 23 і 26 мая 1917-га адбыліся пасяджэнні асобай нарады, на якіх і былі разгледжаны пытанні арганізацыі Упраўлення крымінальнага вышуку. Асобая нарада «определила» прысвоіць навастворанаму вышуковаму органу назву «Упраўленне крымінальнага вышуку ў горадзе Віцебску» і накіравала віцебскаму губернскаму камісару А. А. Валковічу праекты адпаведнай пастановы, палажэння аб гэтым упраўленні і яго штатным раскладзе, якія і зацвердзіў губернскі камісар 3 чэрвеня 1917 года.

Начальнікам Упраўлення крымінальнага вышуку ў Віцебску стаў Фіёгній Афінагенавіч Дунаеў, былы начальнік вышуковага аддзялення Дзвінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення, а яго памочнікам — Георгій Францавіч Шыманоўскі.

На думку вядомага беларускага навукоўца доктара гістарычных навук, прафесара права, прафесара Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Аляксея Вішнеўскага, вышэйпададзеныя архіўныя звесткі фактычна сведчаць пра новую дату заснавання крымінальнага вышуку — 3 чэрвеня 1917 года, якая знаходзіцца ў лагічнай адпаведнасці з часам заснавання беларускай міліцыі 4 сакавіка 1917-га.

Юрый КУР'ЯНОВІЧ

Загаловак у газеце: ГОД ЗАСНАВАННЯ — 1917, МЕСЦА — ВІЦЕБСК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».