Вы тут

Як вырасціць карысную зеляніну да навагодняга стала ў сябе дома


Непасрэдна ў аўтара гэтых радкоў смачная і карысная агародніна расце ў гарадской кватэры амаль круглы год. Але здзівіць мяне сапраўды ўдалося старшыні праўлення экалагічнай установы «Агра-Эка-Культура» Лане Сяменас. Яна пакрокава растлумачыла, як хутка і беспраблемна наладзіць зімовы агарод у сябе дома на падаконніку. Паводле яе слоў, цяпер у Еўропе папулярныя два новыя напрамкі хатняй зеляніны. Гэта праросткі і «хуткія лісточкі», якія спецыялісты завуць мікра-зелянінай. Усё гэта любы з нас паспее вырасціць да навагодняга свята.


Цуда-ежа праз 10 гадзін

Са старажытных часоў лічыцца, што праросткі — самая багатая на ферменты ежа на ўсёй планеце. Асобныя спецыялісты кажуць, што харчаванне ёй спрыяе амаладжэнню ўсяго арганізма, аднаўленню абмену рэчываў і зніжэнню вагі, паляпшэнню стану валасоў, зубоў, пазногцяў. Праросткі не маюць абмежаванняў у сумяшчальнасці з іншымі прадуктамі, іх карысна ўжываць з садавіной і ягадамі, агароднінай, дадаваць у дэсерты, салаты. З «жывога» зерня рыхтуюць гаючы напой раджывелак, і не менш папулярную страву спраўтс — зялёныя праросткі зернебабовых і злакавых культур. Штодзённая норма спажывання іх 20—70 грамаў.

Зараз пяройдзем да практыкі. Насенне трэба перабраць і насыпаць у шкляны слоік, запоўніўшы яго на 1/4 аб'ёму. Заліць яго падрыхтаваным у асобнай ёмістасці ружовым растворам марганцоўкі, змяшаць і пакінуць на 3—5 хвілін. Дэзынфекцыя — абавязковая працэдура. Потым раствор марганцоўкі зліць, тройчы прамыць насенне вадой.

Прамытае насенне заліць вадой да 2/3 аб'ёму слоіка і пакінуць пры пакаёвай тэмпературы, але не на прамым сонечным святле. Ваду выкарыстоўваць фільтраваную альбо крынічную. Праз 10—12 гадзін, калі насенне набухне, ваду зліць, слоік прыкрыць накрыўкай, каб не было актыўнага выпарэння.

Усё, цуда-ежа гатовая да ўжывання. Выкарыстоўваць яе рэкамендуюць на працягу пяці дзён, захоўваць пры тэмпературы 2—5 °С цяпла. Ёмістасць, у якой яна захоўваецца, не трэба закрываць занадта шчыльна (праросткі павінны дыхаць). Кожную раніцу ўсю атрыманую порцыю трэба дэзынфікаваць і прамываць, а потым выкарыстоўваць.

Любое прарослае насенне лепш з'ядаць на сняданак. Вы можаце ўжываць яго сырым, старанна жуючы, а можаце ўводзіць у склад салаты. Праросткі можна класці цэлымі, а можна здрабніць у мясасечцы і злучыць з цёртай морквай, мёдам, арэхамі, сухафруктамі, сокам лімона, свежай зелянінай.

Прасцей за ўсё займацца праросткамі пшаніцы і жыта, але ёсць чатыры расліны, на якія варта асобна звярнуць увагу. Насенне зялёнай грэчкі, сланечніку, фасолі «маша» і «адзука» ды гароху.

«Хуткія лісточкі» для вашай салаты

Калі хочаце зрабіць ежу па-сапраўднаму пікантнай і, вядома ж, карыснай, — тады мікра-зеляніна — гэта выдатны спосаб. Тым больш яна вельмі хутка вырошчваецца! Для атрымання «хуткіх лісточкаў» можна выкарыстоўваць практычна ўсе зялёныя культуры — гэта і буракі, і крэс-салата, і рукала, і кінза, і радыска... Дадзеная тэхналогія прадугледжвае вырошчванне з насення. Выключэнне складаюць хіба што цыбулькавыя культуры, такія як шалот ці духмяная цыбуля, у якіх вельмі тонкае «пяро», што цалкам адпавядае тэрміну «мікра-зеляніна».

«Хуткія лісточкі» ў асноўным прынята вырошчваць у монакультуры, аднак дапушчальна і змешванне некалькіх відаў. Самастойна падабраць патрэбную камбінацыю раслін, якія прарастаюць у адзін і той жа час, даволі складана, таму лепш звярнуцца ў спецыялізаваныя крамы, дзе прадаюцца ўжо гатовыя сумесі.

У якасці кантэйнераў для вырошчвання падыдуць абсалютна любыя ёмістасці, галоўнае, каб яны былі шырокія, і даволі глыбокія. Грунт мэтазгодна выкарыстоўваць пакупны, прызначаны для расады.

Насенне трэба высейваць раўнамерна па ўсёй паверхні кантэйнера. Да з'яўлення першых парасткаў ёмістасць неабходна паставіць у цёмнае месца. Але са з'яўленнем першых расточкаў яе трэба пераставіць на падаконнік. У далейшым расліна не патрабуе адмысловага і складанага догляду — трэба толькі своечасова ўвільгатняць глебу і, калі неабходна, усталёўваць дадатковыя крыніцы святла.

Да збору ўраджаю можна прыступаць па дасягненні парасткамі вышыні ў 7—10 сантыметраў. Можна зрэзаць усю зеляніну, але тады спатрэбіцца закладка новага міні-парнічка. Найбольш рацыянальна праводзіць выбарачную ўборку, рэгулюючы гушчыню стаяння раслін. Прарэджванне забяспечвае пакінутыя экзэмпляры большай плошчай харчавання і стварае спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця. Можна выкарыстоўваць у ежу асобныя лісточкі, абрываючы больш развітыя. Так можна значна падоўжыць тэрмін эксплуатацыі міні-агарода.

Хіт-парад для хатніх «градак»

Для вырошчвання цыбулі не патрабуецца нават зямля. Пасадзіце яе на слоічак з вадой, каб яе ніжняя частка заўсёды была ўвільготнена, і праз два тыдні здымайце першы ўраджай. Кроп можна сеяць у глебу без замочвання, галоўнае — забяспечыць рэгулярны паліў. Насенне пятрушкі лепш на суткі заліць цёплай вадой, затым высушыць і нацерці сухім пяском — дзякуючы гэтаму насенне загартуецца, узбагаціцца мінеральнымі рэчывамі і ўзыдзе хутчэй. Пятрушка любіць вільгаць, таму палівайце яе часцей, не дапускайце перасыхання зямлі.

Сельдэрэй не любіць вільгаць і ўсходзіць вельмі павольна — на працягу 2—3 тыдняў, калі вы будзеце вырошчваць яго з насення. Ёсць больш просты спосаб атрымаць смачную і карысную зеляніну. Трэба адрэзаць ад набытага ў краме сельдэрэя частку храпкі, паставіць яе ў ваду, дачакацца карэньчыкаў і першых лісцікаў, а потым пасадзіць у гаршчок. Праз два тыдні лісця стане больш і вы зможаце прыгатаваць салату для ўсёй сям'і.

Набытыя ў краме галінкі мяты трэба паставіць у шклянку з вадой, дачакацца карэньчыкаў і пасадзіць у гаршчок. Маяран выдатна расце з насення, можа зімаваць на ўцепленым балконе і лёгка перанесці недахоп святла.

Цуд хатняга агарода, дэкаратыўныя ампельныя клубніцы пладаносяць круглы год ва ўмовах дрэннай асветленасці, таму яны ідэальна падыходзяць для пакаёвых умоў. Для пачатку высадзіце кусцікі ў гаршчкі, патрымайце два тыдні ў халодным месцы, а потым перамясціце клубніцы ў спецыяльны грунт. Пасля гэтага вам давядзецца іх паліваць, а пасля цвіцення «папрацаваць» пчалой, апыляючы суквецці з дапамогай ватных палачак.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Карысная зеляніна да навагодняга стала

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.