Гэтымі днямі ў Смілавічах распачала сваю работу Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі. Цяпер сюды можна завітаць, каб наведаць утульную камерную залу і паслухаць музыку вялікага кампазітара, каб вывучыць прадметы музейнага пакоя, прысвечанага славутаму ўраджэнцу гэтай мясцовасці.
Гасцёўня адкрылася ў межах праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які рэалізуецца дзякуючы фінансаванню Еўрапейскага саюза і Праграме развіцця ААН, а таксама пры падтрымцы мясцовых улад.
— Наведвальнікі, якія прыедуць да нас, змогуць не толькі пазнаёміцца з жыццём і творчасцю выдатнага кампазітара Манюшкі па экспанатах на выстаўцы, але і папрысутнічаць на музычных вечарынах, пачуць музыку ўраджэнца гэтай зямлі ў выкананні цудоўных музыкаў. Мы супрацоўнічаем з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй, — расказала дырэктар Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Алена Забаронак. — Выконваць творы будуць і нашы народныя калектывы, якія працуюць пры чэрвеньскай і смілавіцкай школах мастацтваў. Таму фармат атрымаецца нашмат цікавейшы, чым проста экскурсія.
Пакуль працуе толькі адна зала, у якой прадстаўлена творчасць кампазітара берлінскага і варшаўскага перыядаў жыцця. Наведвальнікі могуць убачыць касцюмы з Познаньскага і Варшаўскага оперных тэатраў, на сцэнах якіх ставіліся творы Станіслава Манюшкі, афішы, грампласцінкі, нотныя зборнікі, здымкі. З цягам часу калекцыя будзе папаўняцца.
У будынку, дзе цяпер знаходзіцца гасцёўня, раней была дзіцячая мастацкая школа. Вонкава фасад плануецца стылізаваць пад колішні маёнтак Манюшкаў. Дарэчы, само памяшканне не надта вялікае — адначасова ў ім можа змясціцца хіба што група турыстаў з аднаго аўтобуса.
Намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы Ала Шахоцька расказала:
— Удзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў праекта «Садзейнічанне развіццю...» надзвычай важны. Ён дазволіў нам аб'яднацца і распрацаваць ідэі, пра якія даўно думалася. У межах конкурсу рэалізавана тры ініцыятывы. Літаральна нядаўна мы адкрылі майстэрню па дрэваапрацоўцы, дзе дзеці і дарослыя пачалі далучацца да гэтага цікавага старажытнага рамяства. Яшчэ два праекты ажыццявілі ў Смілавічах. Першы — гэта павышэнне турыстычнага патэнцыялу мястэчка. Другі — адкрыццё Музычнай гасцёўні...
На ім прысутнічала шмат шаноўных гасцей. Сярод іх, напрыклад, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб і пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, якая таксама наведала музей «Прастора Хаіма Суціна», падзялілася з прысутнымі сваімі думкамі:
— Я вельмі ўражана тым, што ў Смілавічах нарадзілася так шмат сусветна вядомых людзей, творцаў, такіх як Хаім Суцін, Шрага Царфін. Кампазітар Манюшка — стваральнік польскай і беларускай опер — таксама нарадзіўся тут... Я сама гісторык па адукацыі, таму мне надзвычай цікава бачыць усё, што ёсць, што адбываецца ў Смілавічах. Прыемна, што вы шануеце сваю спадчыну. Культура іграе важную ролю ў жыцці любога грамадства: яна стварае працоўныя месцы, дазваляе адчуць нацыянальную ідэнтычнасць — і гэта патрэбна кожнаму.
Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха лічыць, што ў Беларусі адбываецца шмат пазітыўных змяненняў у сферы развіцця турызму. Пяцідзённы бязвізавы ўезд для замежных грамадзян, якія прыбываюць паветраным шляхам, — адзін з такіх станоўчых момантаў. Таксама ён уражаны тым, што згодна з рэйтынгам часопіса «Natіonal geographіc traveler» Беларусь знаходзіцца на першым месцы як найлепшая краіна для аграэкатурызму — такім чынам абыходзячы нават Францыю і Італію. У той жа час краіна прызнана досыць бяспечнай для вандроўнікаў — прыблізна на адным узроўні з Германіяй (у гэтым рэйтынгу мы далёка апярэджваем суседнія краіны).
У той жа час Санака Самарасінха дадаў, што застаюцца моманты, над якімі трэба працаваць. Як прыклад, ён згадаў родную Шры-Ланку і адзначыў, што там гнутка рэагуюць на інтарэсы тых турыстаў, якія пачынаюць прыязджаць, і вывучаюць іх мовы. Таму ён параіў і нашым супрацоўнікам культуры, іншых устаноў вывучаць мовы, запатрабаваныя вандроўнікамі. Таксама спецыяліст параіў распрацоўваць канкрэтныя маршруты, рабіць брэндзіраванне. Брэнд можа быць агульным — напрыклад, гістарычным ці ландшафтным — ці можна распрацаваць некалькі брэндаў, цікавых для людзей, якіх прывабліваюць розныя віды турыстычных паслуг.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Чэрвеньскі раён
Узрасце хуткасць узвядзення жылля.
Легендарны мастак, беларускі патрыёт, ён помніцца ўсім.
Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.