Трасу М7 Мінск — мяжа Літвы могуць пачаць рэканструяваць ужо ў наступным годзе. Праект падрыхтаваны Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог — начальнік аддзела ўтрымання аўтамабільных дарог Мінтранса Сяргей Лявончык.
Дарога да мяжы з Літвой уваходзіць у склад еўрамаршруту Е28 і пан'еўрапейскага калідора. Яе рэканструкцыя праводзілася ўжо некалькі разоў, аднак цалкам зрабіць узорную трасу пакуль не атрымалася.
«Праект па мадэрнізацыі трасы быў прапанаваны намі ў ходзе работы з фінансавымі міжнароднымі інстытутамі. Цікавасць да праекта праявіў Еўрапейскі інвестыцыйны банк, асноўная фінансава-крэдытная ўстанова Еўрапейскага саюза», — адзначыў Сяргей Лявончык.
Паводле яго слоў, прадстаўнікі банка ўжо прыязджалі ў Беларусь, азнаёміліся з самой дарогай, падыходамі, інтэнсіўнасцю, мытнай і памежнай інфраструктурамі. Імі прапрацоўваліся і вырашаліся пытанні, як і што можна палепшыць у рамках праекта, паколькі траса М7 з'яўляецца важнай з пункту гледжання транзітных магчымасцяў. Па сутнасці, яна — асноўны калідор для руху грузавога транспарту ў бок Еўрасаюза.
«Мы спадзяёмся і плануем, што ў пачатку наступнага года зможам выйсці на практычную рэалізацыю гэтага праекта. Ужо ёсць папярэднія напрацоўкі па кошце, таксама распрацавана праектная дакументацыя, — адзначыў ён. — Але ўсе разумеюць, што гэта досыць дарагі праект, да таго ж мы паспрабавалі аб'яднаць яго з мытнай інфраструктурай, бо развіваць толькі дарогу без мытнага пункта пропуску немэтазгодна, — на хуткасць перамяшчэння грузаў і тавараў уплывае ў першую чаргу прапускны пункт».
Сяргей Лявончык звярнуў увагу на тое, што еўрапейскія банкі, як і ўсе іншыя, шукаюць найперш эканамічны эфект ад праекта, ім важна зразумець, наколькі эфектыўнае рашэнне будзе прынята, наколькі укладзеныя грошы сапраўды пойдуць на паляпшэнне транзітнай прывабнасці. Да таго ж у ходзе работы над праектам павінен быць рэалізаваны шэраг абавязковых патрабаванняў да сацыяльнай інфраструктуры і да бяспекі дарожнага руху.
«Эксперты, якія працуюць у рамках праекта, будуць даваць свае рэкамендацыі, як правільна рэканструяваць дарогу, колькі там павінна быць палос, які хуткасны рэжым, як гарантаваць бяспеку пешаходаў, як павінна весціся будаўніцтва з пункту гледжання ўздзеяння на экалогію, прыроду», — заўважыў ён. — Гэта значыць, праект прадугледжвае вырашэнне цэлага шэрагу пытанняў, але мы спадзяёмся, што з улікам багатага вопыту нашых міжнародных партнёраў будуць прыцягнутыя пэўныя фінансавыя сродкі на выгадных для Беларусі ўмовах».
Як паведамлялася, сёлета ў маі Беларусь і Еўрапейскі інвестыцыйны банк падпісалі рамачнае пагадненне аб супрацоўніцтве. Банк агучыў намер укласці ў 2017 годзе ў фінансаванне беларускіх праектаў да 200 млн еўра. У канцы жніўня банк ужо паведаміў, што разглядае магчымасць фінансавання рэканструкцыі дарогі М7, а таксама інфраструктуры пункта пропуску «Каменны Лог». Крэдыт на рэалізацыю гэтага праекта можа скласці 110 млн еўра.
Да канца 2018 года плануецца завяршыць праект па рэканструкцыі аўтадарогі М-6 Мінск — Гродна. Урадам прынята дзяржаўная праграма па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог на 2017—2020 гады. Згодна з ёй прадугледжана рэканструкцыя ўчастка дарогі Р-23 Мінск — Мікашэвічы і ўчастка дарогі Р53 ад Кургана Славы ў бок Смалявіч у цэментава-бетонным выкананні.
«Будуецца таксама зусім новая дарога ад трасы Р-15 у бок мультымадальнага комплексу Балбасава. Яна таксама будзе цэментава-бетоннай і акажа ўплыў на развіццё лагістычнай інфраструктуры, бо будзе звязваць дадзены комплекс з чыгуначнымі пуцямі, з міжнародным калідорам Е30», — паведаміў Сяргей Лявончык.
Усяго ў наступным годзе будзе адрамантавана 155 кіламетраў дарог. Для будаўніцтва і рамонту задзейнічаюць і сродкі, сабраныя ў якасці дзяржаўнай пошліны за допуск да руху. З пачатку года ў бюджэт іх паступіла больш за 25 мільёнаў рублёў.
Сяргей КУРКАЧ
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.