Вы тут

Прэзідэнт Казахстана з афіцыйным візітам наведвае Беларусь


Сёлета беларуска-казахстанскія кантакты вызначаюцца інтэнсіўнасцю. Лідары абедзвюх краін, Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, сустракаліся ў рамках саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў чэрвені, адбыўся шэраг візітаў найвышэйшых службовых асоб. Наша дзяржава прыняла актыўны ўдзел у міжнароднай выстаўцы «ЭКСПА-2017», якая ў гэтым годзе праходзіла ў Казахстане. Насычанасць дыялогу лепш, чым любыя лічбы, падкрэслівае стратэгічны характар супрацоўніцтва.


Тэндэнцыі росту

На яго развіццё значны ўплыў аказвае і сяброўства паміж кіраўнікамі абедзвюх дзяржаў. Як слушна заўважыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пачатку сустрэчы ў вузкім фармаце, беларуская зямля ўжо стала роднай для Прэзідэнта Казахстана. Гэтак жа, як казахстанская — для беларусаў:

— Вы заўсёды душэўна адгукаліся пра наш народ, пра нашу дзяржаву. Вы заўсёды аддаяце даніну павагі беларусам за тое, што яны зрабілі, калі мы жылі ў адной дзяржаве. Зараз мы незалежныя суверэнныя дзяржавы, і наша любоў і павага да казахстанцаў меншымі не сталі. Мы заўсёды рады таму, як развіваецца Казахстан.

Апошнія гады гандлёва-эканамічныя адносіны паміж нашымі краінамі — па аб'ектыўных прычынах — перажывалі спад. Але сёлета назіраецца станоўчая дынаміка.

— Нарэшце мы пачынаем пераадольваць спад у нашых гандлёва-эканамічных адносінах. Думаю, што ваш сённяшні візіт якраз паслужыць таму, каб мы змаглі нарасціць тавараабарот. І ў нас для гэтага ёсць усё. Нашы спецыялісты, члены ўрада, якія тут прысутнічаюць, прапануюць нам варыянты, добрыя напрацоўкі. Калі мы пагодзімся з гэтымі прапановамі, гэта будзе значны крок наперад у стварэнні больш магутнай гандлёва-эканамічнай базы нашых адносін, — адзначыў беларускі лідар.

Нурсултан Назарбаеў канстатаваў, што Беларусь сёння — сапраўдная еўрапейская краіна. Асабліва ён адзначыў развітасць сельскай гаспадаркі: нашы тавары прадаюцца па ўсім свеце. У тым ліку — і на казахстанскіх прылаўках.

І «лічба», і космас

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з казахстанскім калегам у пашыраным складзе, важным крокам да далейшага ўмацавання двухбаковых адносін стане міждзяржаўны дагавор з Праграмай сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва да 2026 года. Дакумент быў падпісаны ўчора ў Палацы Незалежнасці.

На думку кіраўніка нашай дзяржавы, найважнейшыя кірункі для ўзаемадзеяння — актывізацыя ўзаемных інвестыцый у вытворчасць і пашырэнне рынкаў збыту прадукцыі і паслуг. А для паспяховай работы на сусветных пляцоўках неабходна ствараць уласныя транснацыянальныя карпарацыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.

— Мы сёння разам з Нурсултанам Абішавічам адобрылі прапановы нашых урадаў па стварэнні такіх карпарацый у сферах ад адукацыі да лагістыкі, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Стратэгічная задача любой дзяржавы — падтрыманне канкурэнтаздольнасці эканомікі — залежыць ад аператыўнасці ўкаранення найноўшых вытворчых і фінансавых тэхналогій і інструментаў. Абедзве краіны ідуць у нагу з часам.

Эпоха «лічбавай будучыні» імкліва наступае, і нашай краіне тут ёсць што прапанаваць партнёрам з Казахстана. За кароткі прамежак часу айчынныя праграмісты забяспечылі якасны рывок краіны ў ІТ-сферы і выйшлі на глабальны ўзровень. Прадстаўнікі Казахстана ўжо пабывалі ў Парку высокіх тэхналогій і змаглі пазнаёміцца з беларускім праграмным забеспячэннем.

Гатова наша краіна супрацоўнічаць і ў касмічнай сферы:

— Мы недастаткова выкарыстоўваем патэнцыял навукова-тэхнічных сувязяў, — мяркуе Аляксандр Лукашэнка. — Лічу важным развіццё партнёрства з Казахстанам у касмічнай сферы, напрыклад, па такіх кірунках, як дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі, навукова-касмічныя даследаванні, касмічная сувязь.

Можам мы прапанаваць і ўласныя інавацыйныя дасягненні ў аграрнай галіне.

Пераход на новы ўзровень

У той жа час рухавіком двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва застаецца прамысловая кааперацыя. Пры належнай падтрымцы з боку абедзвюх дзяржаў можна павысіць эфектыўнасць беларуска-казахстанскіх вытворчасцяў камунальнай і пасажырскай тэхнікі МАЗ, сельскагаспадарчых машын.

Транзітнае супрацоўніцтва таксама абмяркоўвалася на сустрэчы лідараў. Беларусь збіраецца і надалей заставацца надзейным транзітным патнёрам Казахстана, адзначыў кіраўнік нашай краіны:

— Нашы кампаніі, прадпрыемствы ўжо маюць станоўчы вопыт у галіне жыллёвага і дарожнага будаўніцтва ў Казахстане. Выхаду на новы ўзровень супрацоўніцтва ў гэтых сферах будзе садзейнічаць узаемнае прызнанне адміністрацыйных працэдур допуску арганізацый на рынак праектных і будаўнічых работ у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. На думку Прэзідэнта нашай дзяржавы, неабходна актывізаваць дыялог дзяржаў ЕАЭС для больш хуткай выпрацоўкі рашэння па дадзеным пытанні.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што нашы краіны па праве могуць ганарыцца вынікамі ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы. Гэта і навука, і адукацыя, і ахова здароўя, і культура, і сродкі масавай інфармацыі...

Рэзервы ёсць

Цяперашні візіт казахстанскага лідара ў Мінск — сімвалічны. Сёлета спаўняецца 25 гадоў з дня ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. Па выніках перагавораў з Нурсултанам Назарбаевым кіраўнік нашай дзяржавы сказаў журналістам, што за гэты час мы сталі не проста сябрамі, але і сур'ёзнымі партнёрамі. Развіваючы наша супрацоўніцтва, мы павінны арыентавацца на паказчыкі
2014 года, калі аб'ём узаемнага гандлю перавысіў мільярд долараў. Гэта задача — выканальная. Істотны ўнёсак тут можа зрабіць супрацоўніцтва нашых краін у плане імпартазамяшчэння:

— Я абсалютна падтрымліваю яго (Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. — Аўт.) прапанову прааналізаваць канкрэтныя групы тавараў, паглядзець, адкуль ідзе ў Казахстан, Беларусь імпарт, ці зможам мы замясціць гэты імпарт у дзвюх краінах.

Беларуска-казахстанскі бізнес-форум, які ўчора праходзіў у Мінску, таксама павінен паспрыяць вырашэнню гэтай задачы, аказаць станоўчы ўплыў і на лічбавыя паказчыкі нашых адносін, і на кантакты. Акрамя гэтага, Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванне, што гэта мерапрыемства дапаможа знайсці новыя кірункі для супрацоўніцтва.

Нурсултан Назарбаеў дадаў, што паміж Беларуссю і Казахстанам створана велізарная дагаворная база і наша партнёрства будзе пашырацца — у інтарэсах абедзвюх дзяржаў і народаў. Дарэчы, учора, акрамя названага Дагавора аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Казахстана да 2026 года, былі падпісаны дакументы па супрацоўніцтве ў сферах вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі абаронных галін прамысловасці; сродкаў масавай інфармацыі; навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва акадэмій навук дзвюх дзяржаў; спорту, культуры і міжнародных адносін.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: І сябры, і партнёры

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.