Вы тут

Трое з чатырох беларусаў зведалі дамашні гвалт


Псіхалагічны, эканамічны, сексуальны, фізічны — у гвалту шмат твараў. Апытанні, праведзеныя па гэтай тэме ў 2008 і 2014 гадах, паказваюць, што з 14 да 25 працэнтаў вырас працэнт мужчын, якія дапускаюць у дачыненні да партнёра-жанчыны такую праяву эканамічнага гвалту, як адмова ў грашах на набыццё жыццёва неабходных рэчаў. З 8 да 18 працэнтаў вырасла і колькасць мужчын, якія лічаць дапушчальным сексуальны гвалт — прымушэнне да палавой сувязі.


Праблема гвалту лічыцца настолькі сур'ёзнай ва ўсім свеце, што, бадай, кожная краіна не спыняе спробы адшукаць спосабы яе выкарчоўвання. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Юханесан кажа, што ў Швецыі назіраецца хоць і нязначны, але рост выпадкаў прычынення пашкоджанняў жанчынам. З пачатку года ўрад гэтай краіны прыняў нацыянальную стратэгію па барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын і дзяцей. Увогуле, на гендарныя пытанні дзяржава зараз выдаткоўвае значныя сродкі.

У Беларусі пакуль няма закона аб прафілактыцы гвалту ў сям'і, яго падрыхтоўка працягваецца, як і інфармацыйная кампанія па фарміраванні нулявой талерантнасці да гвалту ў сям'і і павышэнні ведаў аб паслугах, даступных пацярпелым. Што да паслуг, то кожны чалавек, незалежна ад узросту і полу, павінен запомніць крыніцы дапамогі. Гэта тэлефонны нумар органаў унутраных спраў — 102, кругласутачная агульнанацыянальная лінія для пацярпелых ад гвалту ў сям'і 8 801 108 8 801 (за 5 гадоў работы сюды дазваніліся 10 тысяч чалавек, у абсалютнай большасці выпадкаў ад гвалту пацярпелі жанчыны) і сайт ostanovіnasіlіe.org. Інфармацыйная кампанія атрымала назву «Не маўчы! Спыні гвалт у сям'і!». Яна рэалізуецца Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) пры міжнароднай тэхнічнай падтрымцы і фінансавай падтрымцы ўрада Вялікабрытаніі.

Калі вы абанент «Мабільных ТэлеСістэм», то ў хуткім часе атрымаеце рассылку з нумарам агульнанацыянальнай гарачай лініі. Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» вырашыў правесці 6 снежня тэматычны матч, прысвечаны процідзеянню гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчатак. Кандытарская фабрыка «Слодыч» і гандлёвая сетка «Белмаркет» выдзяляюць для размяшчэння інфармацыі гардэробныя шафы і камеры захоўвання. Грамадскія аб'яднанні «Гендарныя перспектывы», «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын», «Радзіслава» нагадваюць аб гатоўнасці падтрымаць усіх, хто да іх будзе звяртацца.

— Сёлета ў галіне бытавых стасункаў ад рук блізкіх людзей загінулі 96 чалавек, — адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Раман МЕЛЬНІК. — Мы маем звыш 42 тысяч фактаў прыцягнення вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці. Але гэту лічбу можна смела памнажаць мінімум на 5, паколькі дамашні гвалт — з'ява латэнтная.

Даследаванні паказваюць, што трэць пацярпелых жанчын — гэта тыя, каму ад 27 да 40 гадоў, яны замужам, маюць адно, дваіх або нават траіх непаўналетніх дзяцей, з вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Як правіла, яны не вераць, што ім дапамогуць, ім страшна гаварыць і прасіць аб дапамозе. А тыя, хто становіцца сведкам, разважаюць звычайна на ўзроўні «няёмка ўмешвацца ў чужыя справы», «паклічаш на дапамогу — застанешся ворагам на ўсё жыццё». Таму вобразам інфармацыйнай кампаніі стала маска маўчання.

У 2014 годзе ў краіне пачалася работа і з агрэсарамі, у першую чаргу мужчынамі. З'явіліся забароны: на кантакт з ахвярай, на ўстанаўленне яе месцазнаходжання, на сумеснае пражыванне тэрмінам да 30 дзён. На той час у краіне было вынесена каля 200 абарончых прадпісанняў, а сёння іх ужо звыш 4,5 тысячы.

Ахвярам гвалту закліканы дапамагаць у 146 цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе аказваецца комплексная падтрымка розным катэгорыям. Створаны крызісныя цэнтры — іх ужо 128. Працуюць і два прытулкі, дзе жанчына можа знаходзіцца разам з дзецьмі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чаму маўчаць жанчыны?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.