Вы тут

Беларуская драматургія: найлепшыя спектаклі вызначалі ў Бабруйску


Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі — свята не частае. Асноўная яго задача — даваць штуршок айчынным аўтарам пісаць пра тое, што актуальна для нашага грамадства. Але і для тэатраў задаецца тон: ставіць пра сваё, весці з гледачом размову пра той свет, у якім ён існуе, які можа ствараць вакол сябе. Выбіраць было з чаго ў дзвюх намінацыях. Але рашэнне журы на чале з драматургам і старшынёй Саюза тэатральных дзеячаў Аляксеем Дударавым шмат у чым падаецца нечаканым. І ў першую чаргу вынікам па асноўных узнагародах: фактычна іх сабраў адзін спектакль.


Сцэ­на са спек­так­ля «Кроп­кі на ча­са­вай во­сі».

Яго паказалі на фестывалі гаспадары з Магілёўскага абласнога тэатра імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску. Можна было б сказаць тут пра дом і сцены, якія дапамагаюць. Але Бабруйскаму тэатру сапраўды дапамаглі — драматург Дзмітрый Багаслаўскі і запрошаны з Мінска рэжысёр Таццяна Траяновіч, якая паставіла спектакль «Кропкі на часавай восі», што ў выніку быў прызнаны найлепшым спектаклем Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі.

Бабруйчане паспелі падрыхтаваць гэтую прэм'еру літаральна напярэдадні фестывалю. Рыхтаваліся адмыслова. Разумелі, што трэба. Тым больш што гэтую п'есу Дзмітрый Багаслаўскі прадставіў ужо на славутай «Лібімаўцы», атрымаў добрыя водгукі...

Тут дакументальная аснова: разглядаючы старыя фота (прызнаныя найлепшымі за апошнія 100 гадоў), можна паспрабаваць аднавіць (прыдумаць) гісторыі герояў, адлюстраваных на іх. Героі — родам з розных мясцін (прастораў, зямель, краін), іх звязвае хіба што час, у які глядач назірае за імі. І яшчэ тое, што ўсе мы — людзі — аднолькава адчуваем, разумеем, перажываем, незалежна ад таго, дзе і ў які час жывём. Тэма, актуальная ў перыяд, адзначаны глабальнымі тэндэнцыямі, адгукнулася нават у беларускім Бабруйску — дабрыня і чалавечнасць вышэй за ўсё...

Таму п'еса Дзмітрыя Багаслаўскага «Кропкі на часавай восі» перамагла ў сваёй намінацыі. А рэжысёра Таццяну Траяновіч назвалі найлепшым рэжысёрам сярод пастаноўшчыкаў у намінацыі тэатра драмы. Сярод мастакоў-пастаноўшчыкаў таксама адзначана сцэнограф гэтага спектакля Валянціна Праўдзіна.

На што маглі разлічваць у такіх умовах іншыя тэатры, што разглядаліся ў конкурснай праграме «Спектакль тэатра драмы»? Напрыклад, на выдатную акцёрскую ігру. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага атрымаў узнагароду за найлепшую мужчынскую ролю ў спектаклі «Пясняр» паводле п'есы Васіля Дранько-Майсюка: адзначаны артыст Сяргей Жбанкоў. У спектаклі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Сіндром Медэі» паводле Юліі Чарняўскай былі адзначаны адразу дзве актрысы: Людміла Сідаркевіч — у намінацыі «Найлепшая жаночая роля», Гражына Быкава — у намінацыі «Найлепшая жаночая роля другога плана».

Сцэ­на са спек­так­ля «Сі­няя-сі­няя».

Больш намінацый і больш конкурсных праграм — больш тэатраў, што атрымліваюць узнагароды, адпаведна. У праграме «Эксперымент» усё аказалася не так адназначна. Тут, на дзіва, была адчувальная перавага лялечнікаў нават па колькасці ўдзельнікаў. І сапраўды, беларускія лялечнікі здольныя здзіўляць не толькі айчынную публіку, а яшчэ і журы...

Рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігар Казакоў, які ўмее ўражваць, на гэты раз здзівіў зваротам да Уладзіміра Караткевіча: яго спектакль «Сіняя-сіняя» прызнаны найлепшым сярод эксперыментальных пастановак. Зрабіла сваю справу ў гэтым і сцэнаграфія Таццяны Нерсісян, якая атрымала сваю ўзнагароду. У гэтым жа спектаклі звярнулі ўвагу на працу акцёра Мікалая Сцешыца — гэта «Найлепшая мужчынская роля».

Гродзенскі абласны тэатр лялек з «Камедыяй Юдзіфі» Сяргея Кавалёва не застаўся без узнагарод у эксперыментальным конкурсе дзякуючы выдатнай актрысе Ларысе Мікуліч — за ёй «Найлепшая жаночая роля».

Дзіўна, што скарынаўская тэма на фестывалі адзначана вельмі сціпла. «Скарына» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра ў пастаноўцы Мікалая Рудкоўскага і Саўлюса Варнаса адзначаны за мужчынскую ролю другога плана — Майстра, якога іграе акцёр Васіль Галец. Але слава Скарыны, відаць, патрабуе часу і ў тэатры, як не адразу даходзіў да людзей сэнс яго спраў і слоў.

Класікі больш блізкія і больш зразумелыя. Як Уладзімір Караткевіч: ён пакінуў багатую спадчыну, што можа быць запатрабаванай у наш час у тэатры. Тым больш з такой вечнай тэмай, што гучыць у «Ладдзі роспачы». Рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі знайшоў сучасны падыход да інтэрпрэтацыі, за што быў адзначаны ў намінацыі «Найлепшая рэжысура». Фактычна класік у эксперыментальным конкурсе.

Наогул, звяртае на сябе ўвагу цікавасць да класікі на сучасным фестывалі: да Скарыны, Купалы, Караткевіча... Магчыма, таму, што мы дагэтуль не ўсе іх ідэі зразумелі? І ёсць яшчэ што асэнсоўваць з тых, былых эпох? Можа, таму наш новы сучасны тэатр так складана адваёўвае сваё месца ў сэрцах і розумах людзей? І патрэбны яшчэ не адзін тэатральны фестываль, каб людзі — не толькі ў Бабруйску — зразумелі: гэты час і гэты пункт на карце варты даследаванняў і эксперыментаў зараз. Яны дапамагаюць намацваць шлях да наступнага пункта, які стане важным у будучыні.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кропкавы ўдар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?