Вы тут

Калі за кіно выдаецца тое, што кіно не з'яўляецца


У пытанні арганізацыі паказаў беларускага кіно ў Мінску ёсць адзін, можна сказаць, беспрэцэдэнтны праект — «Сваё кіно», што ў Арткінатэатры перыядычна арганізуе паказы фільмаў беларускіх рэжысёраў і іх абмеркаванне з аўтарамі. На шчасце, паказваць нам ёсць што, і «Сваё кіно» гэта часта пацвярджае. Нават дыскусіі сапраўды адбываюцца — прага гледача да абмеркавання ўбачанага, асабліва калі гэта тэрытарыяльна яго датычыцца, відавочная, што ёсць адной з прычын, чаму названы праект прыцягвае да сябе ўвагу. Але часам, калі ты прыходзіш на паказ і бачыш не фільм, а толькі на яго прэтэнзію, раптам успамінаеш, што беларускі кінематограф — у зацяжным крызісе. І калі амаль што адзіны ў своеасаблівай канцэпцыі праект паказвае нават не дылетанцкае кіно, а проста відэа, гэта шмат пра што кажа.


Гэтым разам, 29 лістапада, у Арткінатэатры мы глядзелі паўгадзінную карціну «Коля едзе», якая чамусьці называецца яшчэ і «антыпакемонным фільмам». Гледзячы на назву, адразу ўспамінаецца больш прыстойны праект — кніга кругасветнага падарожніка Рамана Свечнікава «Рома едзе», што можа быць наўмыснай адсылкай. Адзін з прадзюсараў Леанід Каліценя (яго калега і спадарожніца па жыцці — Наталля Бружнік) перад паказам распавёў, што карціна стала вынікам імпэту стварыць фільм на сярэдзіне паміж глядацкім кіно і артхаусам, то-бок у цікавай форме, але і з думкай. Сцэнарый напісаў Сяргей Анцалевіч. Рэжысёрам стаў дзеяч барысаўскай тэатральнай сферы Сяргей Сергіенка, для якога, дарэчы, работа «Коля едзе» стала амаль што дэбютнай. Фільм аказаўся заснаваным на рэальным здарэнні (але ж ці кожнае рэальнае здарэнне вартае экрана? — зразумела, не). У выніку ў рамках праекта «Сваё кіно» адбылася прэм'ера стужкі.

Фільм ахоплівае падзеі аднаго дня. Бацькі святкуюць гадаўшчыну; хлопец Жэня — іх сын — са сваёй дзяўчынай тусуецца ў тату-майстэрні; у аднаго з сяброў Жэні дзень нараджэння, але Коля, малодшы брат Жэні, «падлетак з ментальнай інваліднасцю», губляецца ў вялікім горадзе. Уласна на працягу амаль усяго фільма мы глядзім, як персанажы нервова шукаюць Колю, а ён гэтым часам едзе ў аўтобусе альбо сядзіць на прыпынку і ў цэлым адчувае сябе нармальна.

У стужцы няма ні ўцямнай ідэі, ні канфлікту, ні кінематаграфічнага «соку», затое тут дастаткова непатрэбных дэталяў. Гэта незразумелыя праявы эмоцый Жэні, пачуцці паміж парамі, праява дабрыні з боку інспектара ДАІ альбо напружанасць рабочага дня ў аддзяленні міліцыі, сунічнае мыла, якое муж дорыць жонцы на гадаўшчыну, крыжаванкі, якімі займаецца супрацоўніца сацыяльнага цэнтра і якія спешна хавае перад прыходам заклапочаных бацькоў Колі. Кожны персанаж нясе з сабой непатрэбную інфармацыю, якая не толькі нічога не дадае галоўнай канве фільма, але і сама па сабе не складваецца ў нейкую лагічную карціну.

Падчас абмеркавання было агучана, што стваральнікі карціны «Коля едзе» хацелі паказаць, як праз пошук зніклага хлопца і эмацыянальнае ўзрушэнне падлеткі становяцца дарослымі, а з дарослымі, магчыма, таксама нешта адбываецца, але нічога такога ў фільме заўважана не было. Падлеткі застаюцца такімі ж і ў канцы фільма — гэта такі камедыйны момант, — не заўважаюць, як Коля садзіцца ў сацыяльнае таксі і з'язджае. Калі аўтары сапраўды імкнуліся паказаць эвалюцыю герояў, то апошні эпізод гэта імкненне перакрэслівае. Драматургіі фільма дапамагло б знаходжанне ў няведанні, што з Колем і дзе ён знаходзіцца. Уключэнне ў карціну эпізодаў, дзе хлопец катаецца на аўтобусах і прапануе выпадковым людзям яблыкі, пазбаўляе карціну магчымасці хоць у нечым зачапіць гледача. Улічваючы відавочныя і невідавочныя «касякі», карціна «Коля едзе» атрымалася зусім няўдалай. Што казаць — кіно тут няма. Затое мы памятаем адзін з найлепшых фільмаў апошняга часу «Душы мёртвыя», прадзюсарамі якога таксама сталі Леанід Каліценя і Наталля Бружнік.

Што найбольш сумна ў гэтай гісторыі — гэта не няўдалы фільм, ой, колькі іх ствараецца кожны год. Сумна тое, што праект, які павінен выхоўваць давер да беларускага кіно і паказваць яго найлепшыя ўзоры, паказаў карціну «Коля едзе». Ва ўмовах, што склаліся ў беларускім кінематографе, мы не можам сабе дазволіць дрэнны адбор.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хлопец едзе — ну і што?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.