Вы тут

Маргарыта Фефілава: Нервовым людзям не месца за більярдным сталом


Як беларуская дзяўчына ўпершыню ў гісторыі ўзначаліла еўрапейскі рэйтынг у адной з самых папулярных разнавіднасцяў більярда — пуле.

Калі Маргарыта Фефілава пачала выступленні ў Еўратуры, то ўваходзіла толькі ў другую сотню гульцоў кантынента, але паступова дабралася да вяршыні і на гэтым не спыняецца. Як 20-гадовая мінчанка абыгрывае мужчын, хто стаіць за яе поспехамі і чаму азіяты — гэта робаты ў многіх відах спорту, Маргарыта расказала ў сваім інтэрв'ю «Звяздзе».


У нас на лецішчы заўсёды стаяў більярдны стол

Таму гулялі ўсе — бацькі, бабуля з дзядулем. Калі я была маленькая, увесь час поўзала па стале і рукамі заганяла шарыкі ў лузы, а потым неяк абыграла дзядулю, які быў у нас самы дасведчаны аматар більярда. Цяпер мне 20, сур'ёзна я займаюся гэтым відам спорту ўжо гадоў шэсць. У 2012-м упершыню паехала на юніёрскі чэмпіянат Еўропы, убачыла, які там узровень, зразумела, да чаго трэба імкнуцца, усвядоміла, што яшчэ трэба патрэніравацца, папрацаваць, і магчымасць паказаць добры вынік у мяне з'явіцца.

Потым у більярд прыйшлі і мае бацькі, яны ўзначалілі кірункі пула ў беларускай асацыяцыі більярда, пачалі развіваць гэты кірунак. Хоць да гэтага тата цікавіўся гэтым відам спорту толькі на аматарскім узроўні, а мама была педагогам-псіхолагам. У выніку ў нас утварылася вось такая каманда.

Цяпер мой трэнер — тата

Да таго як прыняць такое рашэнне, спрабавалі шмат трэнераў, але не знайшлі спецыяліста для таго ўзроўню, на якім я выступаю. Вядома, гэта складана, калі тата не толькі твой бацька, але і трэнер. Спачатку ў нас было шмат канфліктаў, я не магла знайсці грань паміж гэтымі двума паняццямі. Але два гады таму мы вырашылі памяняць усю сістэму і выбудаваць дакладны падзел: дом — гэта дом, трэніроўка — гэта трэніроўка. Цяпер паняцці «тата» і «трэнер» не перасякаюцца. Недзе і яму хочацца пашкадаваць мяне, даць адпачыць дачцэ, але з пункту гледжання трэнера ён разумее, каб дасягнуць выніку, трэба шмат працаваць.

Звычайна я трэніруюся тры гадзіны ў дзень, 5—6 разоў на тыдзень, калі гэта напярэдадні буйных спаборніцтваў, то можа быць і па дзве трэніроўкі ў дзень. Раз у тыдзень гуляю са спарынг-партнёрам, там ужо адпрацоўваю атрыманыя навыкі.

Складана вылучыць самы галоўны кампанент

Як і любы спорт, гэта комплекс, што складаецца з фізічных нагрузак, псіхалогіі і іншых ведаў. З боку здаецца, нібыта ў більярдзе няма асаблівых фізічных намаганняў, на самай справе ў нас вельмі важна быць вынослівым. Адзін матч можа доўжыцца да трох гадзін, падчас яго ты ходзіш вакол стала, чакаеш, пакуль сапернік скончыць свой падыход, а за дзень можна згуляць 4—5 матчаў, пры гэтым на працягу ўсяго часу неабходна захоўваць канцэнтрацыю. Вядома, у мяне няма неабходнасці цяжкай работы ў трэнажорнай зале, але агульная фізічная падрыхтоўка павінна быць. Я, напрыклад, каб пастаянна трымаць сябе ў тонусе, бегаю раніцай. Перыядычна здараюцца такія марафоны, як чэмпіянат Еўропы, што доўжыцца два тыдні, да гэтага трэба быць гатовым.

З псіхалагічнага пункту гледжання самае складанае — захоўваць канцэнтрацыю і верыць у сябе, нават калі ты прайграеш 0:4 у матчы да пяці перамог.

Да таго ж у нашым відзе спорту пастаянна трэба думаць, пралічваць варыянты, пры тым не на адзін крок наперад, а бачыць усю пазіцыю ў комплексе, нездарма кажуць, што більярд — гэта шахматы ў руху. Свае дзеянні трэба пралічыць на 6—8 крокаў.

Більярд — адзін з самых інтэлігентных відаў спорту

Тут заўсёды трэба захоўваць спакой, для мяне гэта не складана, бо па характары я спакойны чалавек, можа быць, таму і дасягнула такіх поспехаў. Нервовым людзям не месца за більярдным сталом, тут патрэбен «покерфейс» і поўны кантроль эмоцый, ад гэтага залежыць вынік. Сустракаюцца нервовыя гульцы, але ў більярдзе недапушчальна стукаць кіем па стале ці ў гневе рабіць рэзкія рухі. Суддзя робіць два папярэджанні, а пасля трэцяга гулец атрымлівае дыскваліфікацыю.

Більярдысты заўсёды акуратна апранутыя: аднатонная майка пола альбо кашуля, штаны чорнага колеру і класічныя чорныя туфлі. Дзяўчыне не павінны перашкаджаць валасы, таму што, напрыклад, калі яны ўпалі на шар, гэта лічыцца парушэннем.

Сітуацыя сёння мяняецца

З'яўляецца шмат школ, якія выхоўваюць моладзь, на спаборніцтвах унутры краіны стала ўдзельнічаць па 100 чалавек — гэта неверагоднае дасягненне для беларускага більярда. Калі я толькі пачынала займацца, на чэмпіянаце Беларусі выступала па 10—12 чалавек. Цяпер з'яўляецца не толькі масавасць, але і ўзровень гульцоў расце, канкурэнцыя павялічваецца.

Я нядаўна перайшла ў дарослы спорт, прызнаюся, было страшна, бо часта маладыя гульцы губляюцца, не вытрымліваюць канкурэнцыі. У мяне ўсё склалася добра, як толькі я перайшла на дарослы ўзровень, пачала паказваць добрыя вынікі. У 20 гадоў прыйшла стабільнасць, з'явіліся дарослыя думкі, дзякуючы якім стала лягчэй трэніравацца.

Адным більярдам не заробіш

Таму ўсе гульцы маюць іншую працу. Я не разглядаю іншую сферу дзейнасці, мне падабаецца быць спартсменам і паралельна трэніраваць дзяцей. У нас з бацькамі ёсць свая школа більярда, я працую там, вучуся на 3-м курсе БДУФК, таму ёсць магчымасць усё гэта сумяшчаць. Вельмі падабаецца тое, чым я займаюся. Калі пачала працаваць з маладымі спартсменамі, на свае трэніроўкі стала глядзець па-іншаму.

Гэта від спорту, які дазваляе спаборнічаць дзяўчатам з мужчынамі

Я выйграла два мужчынскія чэмпіянаты краіны, пасля гэтага прадстаўнікі моцнага полу пачалі казаць пра тое, што трэба было б забараніць жанчынам удзел у мужчынскіх спаборніцтвах. Хоць, калі мне было 12—13 гадоў, мужчыны не хавалі задавальнення і радасці ад перамогі нада мной.

Але ж мне падабаецца гуляць з мужчынамі, у іх іншыя стыль, мысленне. Жанчыны ў прынцыпе непрадказальныя, так і ў гульні: ад іх не ведаеш чаго чакаць, а мужчыны больш дзейнічаюць па шаблонах, па класіцы.

Яшчэ більярд цікавы тым, што ў нас няма ўзроставых абмежаванняў, можна гуляць і дзіцяці ў 10 гадоў і чалавеку ў 60. Таксама ў нас праходзяць турніры для інвалідаў-калясачнікаў. Адзначу, што мала хто ведае, але більярд з'яўляецца алімпійскім відам спорту, проста ён пакуль не ўключаны ў алімпійскую праграму.

Для мяне самае значнае дасягненне

Гэта перамога на двух Еўратурах і першае месца ў еўрапейскім жаночым рэйтынгу па выніках года. Я доўга да гэтага ішла, з 2015 года пачала ездзіць на спаборніцтвы Кубка Еўропы, спачатку абсалютна беспаспяхова. Тады была ў рэйтынгу дзесьці на 136-м месцы, праз год на 34-м, потым на 17-м, 9-м, доўгі час трымалася на 5-м радку. У жніўні выйграла Еўратур у Галандыі (гэта быў самы шматлікі Еўратур за апошні час), потым атрымала перамогу ў Партугаліі і паднялася на 1-е месца ў рэйтынгу.

Думала, што зведаю нейкія асаблівыя пачуцці ад першай перамогі на такім турніры, а аказалася, што ўспрыняла гэта досыць спакойна. У жыцці наогул нічога не змянілася, хоць гэтая перамога — сапраўды высокае дасягненне. Можа быць, калі б такое здарылася са мной у 16, усё было б па-іншаму, а цяпер я разумею, што гэта не тое дасягненне, на якім трэба спыняцца. Гэта толькі прамежкавы этап і яшчэ адна прыступка ў дасягненні сваёй мэты.

Першае месца ў рэйтынгу дало мне некаторыя дывідэнды. Першая чацвёрка еўрапейскага рэйтынгу запрашаецца на асноўныя этапы ўсіх чэмпіянатаў свету і рэйтынгавых сусветных спаборніцтваў. Гэта значыць, мне не трэба праходзіць кваліфікацыю. Арганізатары пачалі запрашаць на міжнародныя спаборніцтвы ў Кітай і Тайвань на добрых умовах, беручы на сябе частковую аплату пералётаў, гасцініц, узносаў, а раней усё трэба было аплачваць самім.

Самы прэстыжны турнір

Гэта чэмпіянат свету. Паміж узроўнем Еўропы і свету вельмі вялікая розніца, таму што азіяты ў більярдзе сёння знаходзяцца на неверагодным узроўні. У кастрычніку я гуляла з адной з самых тытулаваных кітаянак, яна проста робат. У іх працаздольнасць неверагодная. Да таго ж вельмі важна, што ў кожнай сярэдняй школе ў іх стаіць більярдны стол, гэта як урок фізкультуры, ён уключаны ў школьную праграму. Зразумела, што хоць бы адно дзіця са школы працягне кар'еру ў більярдзе і даб'ецца добрых вынікаў.

У будучыні, мне, вядома, хацелася б выйграць чэмпіянат Еўропы, але канчатковая мэта — Кубак свету і сусветны рэйтынг. Ведаю, што будзе складана, але галоўнае — пачаць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.