Вы тут

На кім трымаецца свет?


Усё вялікае пачынаецца з малога — я ў гэтым цвёрда пераканана. І, як бы пафасна гэта ні гучала, звычайныя школьныя настаўнікі закладваюць падмурак будучыні нашага грамадства. Наколькі яны здольныя любіць сваіх вучняў і верыць у іх сілы? З якой увагай і цярплівасцю даносяць свой прадмет? Урокі беларускай мовы і літаратуры, напрыклад, можна любіць ці ненавідзець толькі праз тое, які настаўнік табе гэтыя прадметы выкладаў. Тое ж і з гісторыяй Беларусі. Пасеяць зерне сапраўднай любові да сваёй краіны, ашчадна пеставаць маладыя парасткі будучага патрыятызму... У прыватнасці, так было са мной. Любоў да гэтых прадметаў, закладзеная яшчэ ў падлеткавым узросце, жывая і сёння. Школа была домам, у якім расказвалі прапісныя ісціны, чаго не скажаш пра ўніверсітэт — туды, зрабіўшы асэнсаваны выбар, трапляеш як у вялікі дарослы свет, дзе ўжо вучышся жыць сам.


Цэнтральная плошча ў Маладзечне. Фотапараўнанне Уладзіміра Садоўскага, зробленае на аснове асабістага архіва Валерыя Трацяка.

Маю школьную настаўніцу гісторыі завуць Жанна Мечаславаўна Цімчанка. Яна выкладала і прадмет «Чалавек. Грамадства. Дзяржава».
На ўроках настаўніца прыгадвала гістарычных асоб, якія насамрэч любілі свой край, ахвяравалі дзеля яго жыццём. Яна расказвала, што любіць Радзіму, рабіць нешта добрае дзеля яе росквіту — гэта наш непасрэдны абавязак — і сумненняў у гэтым не было ніякіх.

З урокаў ЧГД я дагэтуль памятаю, што такое прэзумпцыя невінаватасці — гэта права чалавека лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не даказана ў судзе... Як жа важна памятаць пра гэтую самую прэзумпцыю ў сучасным грамадстве, дзе людзі так часта абвінавачваюць адзін аднаго, з лёгкасцю прад'яўляюць прэтэнзіі, свабодна кідаюць камяні ў агарод іншага, не заўважаючы бервяна ва ўласным воку... Але ж у кожнага чалавека ёсць права лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не даказана ў судзе!.. Падаецца, у гэтым, цалкам юрыдычным прынцыпе, пра які можна даведацца яшчэ ў школе, закладзена і найвышэйшая чалавечая мараль, і евангельская ісціна — «не судзі»...

Дзякуючы настаўніцы гісторыі наша паралель пастаянна ездзіла ў цікавыя экскурсіі па Беларусі. Памятаю, з якой цікавасцю мы аглядалі руіны Крэўскага замка, як спыняліся каля помніка Мацею Бурачку (Францішку Багушэвічу) — заможнаму юрысту, які бараніў інтарэсы бедных сялян, аўтару слоў «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Прыгадваюцца і неймавернай прыгажосці вітражы ў касцёле з чырвонай цэглы, назва якога не засталася ў памяці... Але найбольш уразіла вандроўка ў Гальшанскі замак. А дакладней, у манастыр, што знаходзіцца паблізу. Там можна было пачуць шчымліва-трагічную гісторыю пра будаўніцтва манастыра. Пры ўзвядзенні адна з яго сцен увесь час рушылася. Будаўнікі палічылі патрэбным прынесці ахвяру і вырашылі: чыя жонка першай прынясе мужу на будоўлю абед, тую і замуруюць унутр. Як жа ў думках хваляваўся, моўчкі звяртаючыся да сваёй каханай, самы малады мужчына, які толькі ажаніўся, каб не яна першай прынесла абед... Але акурат яго жонка, шчаслівая і ўзрадаваная, несла мужу полудзень... Пасля зробленай ахвяры сцяна больш не трэскалася, і дабудаваны манастыр здалі ў належны тэрмін. Толькі прывід прыгожай маладой паненкі пачаў блукаць у новазбудаваным муры. Але гэта яшчэ не канец жахлівай гісторыі! Ужо ў наш час — у сярэдзіне 90-х — у манастыры ладзілі перабудову. У адной са сцен знайшлі чалавечы шкілет. Яго вывезлі і перазахавалі на могілках. А сцяна тая... зноў пачала развальвацца — па ёй пайшла глыбокая трэшчына. Хацелі спешна вярнуць косткі на месца, аднак і будаўнік той, і кіроўца машыны, як высветлілася, ужо памерлі. Таму ні кутоў завязаць, ні кропак паставіць у гэтай гісторыі не ўдалося.

Дагэтуль памятаю, як расказвалі пра таямнічы пакойчык у тым жа манастыры. Кажуць, уночы наведвальнікаў, якія спыняліся ў ім, апаноўваў страх. Яны пачыналі шукаць выключальнік, каб запаліць святло, ці дзверы, каб пакінуць памяшканне, аднак, як ні стараліся, знайсці выйсце ці нейкі паратунак у гэтай келлі так і не ўдавалася... Яшчэ прыгадваюцца велізарныя драўляныя галовы, што стаялі непадалёк у калідоры, каля печы, пафарбаванай у сярэбраны колер. А ў сутарэннях, у музеі, былі надзвычай прыгожыя металічныя фігуркі.

Мне было гадоў чатырнаццаць, калі мы ездзілі ў тую экскурсію, якая так моцна запомнілася. Я добра ўсвядоміла, што вось такое яно, загадкавае, прывабнае, у нечым чароўнае наша мінулае. З вялікім жалем некалькі гадоў таму я даведалася, што філіял музея ў Гальшанскім кляштары ўжо не дзейнічае. А як жа драўляныя галовы? А што з патрэсканай сцяной? І ці не страціў, адсырэўшы, сваіх таямнічых уласцівасцяў той містычны пакойчык?..

Экскурсіі, арганізаваныя школьнай настаўніцай гісторыі, назаўсёды стварылі ў маім уяўленні вобраз цікавай, прыгодніцкай краіны... Але хто здольны адкрыць гэту таямніцу даросламу, ужо сфарміраванаму чалавеку? Мне падаецца, не перавяліся яшчэ такія чараўнікі. І называюцца яны экскурсаводамі.

Вядома, цяпер мы не ўсё прымаем на веру, пачутыя звесткі прапускаем праз сіта ўласнага досведу. Але ж істотна пашырыць наша бачанне навакольнага свету знаўцы мінулага дакладна здольныя.

З таго што ўбачана апошнім часам, прыгадваецца экскурсія з Антонам Астаповічам у Слонім. Цікава было паблукаць там, збіраючы аскепкі яўрэйскай спадчыны і шматкультурнасці аднаго месца. Тады стала зразумелым, што нават невялічкія, асобна ўзятыя беларускія гарады могуць быць надзвычай цікавымі! Іншае пытанне, ці ёсць у Слоніме кавярні, дзе можна было б выпіць кавы ці павячэраць, гатэлі ці хостэлы, у якіх можна было б спыніцца? Бо, ходзячы вуліцамі горада ў той час, ніводнай кавярні самастойна адшукаць мне не ўдалося.

Яскравым і запамінальным быў і «велашпацыр» з Раманам Абрамчуком, калі мы, едучы на веласіпедах, глядзелі «нефармальны Мінск». Памятаю сур'ёзныя і засяроджаныя твары ўдзельнікаў экскурсіі на пачатку вандроўкі і тыя выбухі смеху, якія пасля выклікалі ў іх дасціпныя расказы Рамана Абрамчука.

Не забываецца таксама экскурсія Уладзіміра Садоўскага па Маладзечне, праведзеная ў межах «Фэсту экскурсаводаў». Я сама родам з гэтага горада і, натуральна ж, раней ведала, што ў свой час была Маладзечанская вобласць. Аднак Уладзімір Садоўскі на канкрэтных прыкладах паказаў, што архітэктурная планіроўка горада сведчыць пра яго абласны ўзровень. Гэта і Цэнтральная плошча, з аднаго боку да якой прымыкае пешаходная вуліца, што цяпер даходзіць аж да чыгуначнага вакзала, а з другога — прыгожы парк Перамогі. Гэта і будынак Політэхнічнага каледжа, які ў свой час узводзіўся як памяшканне для аблвыканкама. Вось так і жывеш сабе ў раённым гарадку, унутрана адчуваючы яго веліч, і толькі выпадкова даведваешся, што горад насамрэч збудаваны па ўсіх канонах абласнога цэнтра.

Думаю, важная і тая мова, на якой вядзецца экскурсія, і агульны пасыл, настрой экскурсавода... Варта дадаць, што 9 снежня ў Мінску ў канферэнц-зале Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбудзецца другі з'езд экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Беларусі. Усе зацікаўленыя могуць далучацца, каб разам паразважаць пра тое, які вобраз краіны мы сёння маем і якім ён павінен быць. Каб знайсці сцежкі-дарожкі да сэрцаў тых, хто не прывык ездзіць на экскурсіі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».