Вы тут

У вёсцы аднавілі гістарычны цэнтр і святыні


Старшыня Цімкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Капыльскага раёна Алена Вострыкава даўно марыла адрадзіць у вёсцы гістарычны цэнтр. Але для гэтага, вядома, патрабаваліся значныя сродкі. І вось нарэшце мары сталі рэальнасцю.


Будынак праваслаўнай царквы — прыгожы штрых цімкавіцкага пейзажу.

— Пазалетась мы падавалі заяўку на конкурс мясцовых ініцыятыў, які праводзіцца ў межах міжнароднага праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», — кажа Алена Мечыславаўна. — Але, на жаль, наша заяўка тады не прайшла.

Ды работнікі сельвыканкама не засмуціліся і вырашылі паспрабаваць паўдзельнічаць у конкурсе яшчэ раз. І перамаглі.

Вядома, проста так грошы ніхто не дасць. Каб іх атрымаць, неабходна было дэталёва абгрунтаваць, што прынясе рэалізацыя праекта, для чаго ён неабходны, як будуць развіваць ініцыятыву далей.

— Мы склалі прыблізны бюджэт. Падлікі паказалі, што на ажыццяўленне задуманага патрэбна каля 18 тыс. долараў. Але нам выдзелілі крыху больш за палову ад неабходнай сумы, — адзначае Алена Мечыславаўна.

Да 1830 года ў Цімкавічах існавала Ільінская царква, у 1879-м згадваецца Георгіеўская царква, з 1886 года — царква свяціцеля Мікалая Цудатворца. Яна была разбурана ў 30-я гады ХХ стагоддзя. Прыход аднавіўдзейнасць у 1999-м. Набажэнствы праходзілі ў адным з памяшканняў пажарнага дэпо. Вядома, такое суседства перашкаджала як пажарнікам, так і вернікам. Затым службу перанеслі ў былы магазін, які не быў для гэтага прыстасаваны... На пасяджэнні сельвыканкама, сходах жыхароў прынялі рашэнне аб будаўніцтве новай святыні. Узводзілі яе доўга — дзесьці каля васьмі гадоў за кошт ахвяраванняў прыхаджан. І вось жыхары аграгарадка дачакаліся радаснай падзеі: 27 лістапада 2017-га храм асвяціў епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній.

Побач з царквой знаходзяцца два гістарычныя будынкі — капліца 1861 года, узведзеная ў гонар адмены прыгоннага права, і званіца 1888 года. З цягам часу святыні рабіліся непрыгоднымі і мелі даволі непрэзентабельны выгляд. Неаднойчы ўзнімалася пытанне аб прывядзенні іх у нармальны стан, паколькі на фоне новага храма яны глядзеліся непрывабна, не ўпісваліся ў агульны пейзаж...

— Складана было вырашыць, з чаго пачаць, — згадвае Алена Мечыславаўна. — Звярталіся і да індывідуальных прадпрымальнікаў, і ў арганізацыі, і на прадпрыемствы, і да былых жыхароў, якія цяпер маюць сваю справу, каб аказалі спонсарскую дапамогу.

Многія адгукнуліся: хтосьці дапамог будаўнічымі матэрыяламі, нехта грашыма. Мясцовы лясгас выдзеліў дрэўцы туі, сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «БетонБокс» забяспечыла пяском. Накрыла дах і атынкавала сцены прыватная фірма з Капыля, якая прапанавала найбольш прымальныя ўмовы разліку. Для гэтых работ было прызначана каля 7 тыс. рублёў — сума больш чым сціплая. Таму і не наймалі буйную арганізацыю, якая ўзяла б за свае паслугі намнога больш.

— Нам пашанцавала, што гэтыя помнікі не занесены ў дзяржаўны спіс матэрыяльных каштоўнасцей, таму ад нас не патрабавалася ніякіх узгадненняў з Міністэрствам культуры, — лічыць Алена Вострыкава. — Мы і самі імкнуліся захаваць першапачатковы выгляд будынкаў, архітэктурных элементаў даўніны.

Самы непасрэдны ўдзел у справе прыняў айцец Міхаіл. Ён, можна сказаць, быў і кансультантам, і прарабам, і нароўні з іншымі працаваў на будоўлі. А дырэктар музея імя Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч паехала ў Маскву і прывезла званы цягніком.

Старшыня Цімкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Алена Вострыкава і настаяцель мясцовай царквы айцец Міхаіл.

Дарэчы, айцец Міхаіл служыць у прыходзе каля 20 гадоў. Розныя цуды здараліся за гэты час. Святар паказаў нам ікону Божай Маці з дзіцем на руках і расказаў такую гісторыю. Захварэла ў вёсцы маладая жанчына, урачы вынеслі вердыкт, што жыць ёй засталося лічаныя месяцы, а можа і дні. Куды толькі не ездзіла яна па дапамогу, але цуда не здарылася. І тады яна штодзень пачала прыходзіць да гэтай іконы і маліцца. І Божая Маці пачула яе просьбу. Якім жа было здзіўленне медыкаў, калі праз нейкі час аналізы паказалі, што нават і следу ад той хваробы не засталося...

Адначасова з рамонтам святынь у Цімкавічах запланавалі добраўпарадкаванне тэрыторыі. Справа ў тым, што насупраць царквы стаялі два пустуючыя старыя дамы, якія псавалі агульны пейзаж. Па рашэнні суда іх знеслі, высеклі кусты, выкарчавалі дрэвы на ўчастках, падрыхтавалі зямлю пад сквер з пешаходнай дарожкай. Тут жа ўладкавалі стаянку для аўтатранспарту. Побач з капліцай пралягала непрыгожая, няроўная дарога. Калі вялі падрыхтоўчыя работы, высветлілася, што пад слоем зямлі яна выкладзена камянямі. Расчысцілі, раскапалі, а каб не засыпала пакрыццё грунтам, зрабілі бутавыя бардзюры.

Дадам, што ў сельвыканкаме працуюць пяць чалавек, але цяпер тут можна застаць толькі дзяжурнага работніка, які вядзе прыём наведвальнікаў, адказвае на званкі. Астатнія разам са старшынёй шчыруюць на «ўсенароднай» будоўлі. Выдзяляюць сваіх людзей і ўстановы сацыяльнай сферы. Вядома, нялёгка працаваць на холадзе, тым больш што работы вядуцца ўручную: раўняюць пясок, грунт, шчэбень. Але сагравае душу думка, што гістарычны цэнтр стане камфортным для жыцця і адпачынку. Ужо цяпер, можна сказаць, вымалёўваецца культурна-гістарычны комплекс, які, спадзяюцца мясцовыя жыхары, будзе ўключаны ў раённы турыстычны маршрут Міжрэчча — Мажа. Тым больш што побач знаходзіцца музей Кузьмы Чорнага.

Тэрыторыю каля царквы добраўпарадкоўваюць Надзея Сакалоўская і Галіна Маруковіч.

Не сорамна будзе тут ладзіць і масавыя мерапрыемствы, святы. У Цімкавічах заўсёды жылі таленавітыя творчыя людзі. У ансамблі мастацкай самадзейнасці ўдзельнічае і сама старшыня сельвыканкама. Пры музеі працуе тэатральная студыя. Побач знаходзіцца буйная сельская бібліятэка, пры якой мяркуецца ўладкаваць дзіцячую нядзельную школу.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Сярэбраны звон над Цімкавічамі

Каментары

Рэд. Дзякуй, выправілі!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.