Вы тут

Як зрабіць даступным жыллёвае заканадаўства?


Асацыяцыя «Эфектыўнае домаўладанне» аб'ядноўвае таварыствы ўласнікаў і арганізацыі забудоўшчыкаў сталіцы. Апошнім часам у асацыяцыю паступаюць шматлікія звароты з просьбай дапамагчы разабрацца ў дзейным заканадаўстве, якое датычыцца кіравання агульнай маёмасцю шматкватэрных жылых дамоў. Як аказалася, адны існуючыя ўказы супярэчаць іншым, а ў дачыненні да тэрмінаў дапушчальныя розначытанні. Члены асацыяцыі прааналізавалі сітуацыю, засяродзіўшы ўвагу на пытаннях, якія ўзнікаюць найбольш часта, і падрыхтавалі сваю рэдакцыю праектаў Жыллёвага кодэкса і Указа №538, што датычыцца гэтай сферы.


Непрымірымае «супраць»

Як расказаў прадстаўнік асацыяцыі Юрый ВАДЗЯНІЦКІ, адна з найбольш балючых тэм — прыняцце агульных рашэнняў. На сходы жыхары прыходзіць не хочуць: маўляў, і сваіх праблем хапае. А калі ўсё ж такі прыходзяць, то ўжо ў загадзя дрэнным настроі, таму галасуюць «супраць» у адказ на любую прапанову. Калі нават на сходзе прысутнічае больш за палову жыхароў дома і яны ўдумліва падышлі да праблемы, гэта яшчэ не значыць, што ўдасца «афіцыйна» дамовіцца. Між тым у мінулым годзе ўступіў у сілу ўказ Прэзідэнта, згодна з якім прагаласаваць за прыняцце якога-небудзь рашэння павінны не менш чым 51% ад усіх уласнікаў — замест простай большасці з ліку прысутных, як было раней.

Адной з «ахвяр» новага ўказа стаў дом па адрасе Бурдзейнага, 37 у Мінску. Тут выбраць органы праўлення не могуць ужо два гады. Сход праводзілі неаднойчы, прычым не раз была дасягнута явачная мяжа, але, як кажуць, воз і цяпер там. Змучаныя нявызначанасцю, жыхары вырашылі правесці галасаванне шляхам пісьмовага апытання. У выніку за раней дзеючага кіраўніка таварыства прагаласавала практычна 70% — гэтага дастаткова згодна з заканадаўствам. Аднак 2% жыхароў заявілі, што ім неадпаведным чынам паведамілі аб правядзенні апытання, хоць самі падпісалі адмову ад уручэння паведамлення. Раённая адміністрацыя ўстала на бок незадаволеных жыхароў.

Тым часам, калі таварыства не можа вызначыцца самастойна, кіраванне жылым домам пераходзіць да ўпаўнаважанай асобы ад дзяржаўнага заказчыка ў сферы аказання жыллёва-камунальных паслуг. Так адбылося і ў названым доме па вуліцы Бурдзейнага ў студзені гэтага года. Аднак узнікла чарговае пытанне: упаўнаважаная асоба кіруе агульнай маёмасцю, але не таварыствам уласнікаў. Гэта значыць яна не мае доступу да асабовага рахунку, таму не можа выплачваць зарплату іншым супрацоўнікам. На гэтыя патрэбы ідуць шматгадовыя назапашванні таварыства. Іх атрымліваюць, напрыклад, здаючы ў арэнду памяшканні на першым паверсе дома пад крамы, цырульні ці офісы або змяшчаючы рэкламу на сценах дома.

Аднак і гэтыя назапашванні маюць уласцівасць заканчвацца. На пытанне, як дзейнічаць у такой сітуацыі, асацыяцыя спрабуе знайсці адказ у розных інстанцыях: ад раённага кіраўніцтва, профільных Міністэрстваў да Савета міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта. Пакуль не вельмі паспяхова, але барацьба, як называюць яе самі ініцыятыўныя гараджане, працягваецца.

Сарафаннае радыё як пагроза

Аб'ём напрацаванага асацыяцыяй «Эфектыўнае домаўладанне» матэрыялу вымяраецца сотнямі старонак. Толькі да Указа №538 яны падрыхтавалі 70 лістоў каментарыяў і прапаноў па яго паляпшэнні. Сам Юрый Вадзяніцкі марыць аб больш радыкальных спосабах вырашэння праблемы: утапічным горадзе, дзе б дамы засялялі ў адпаведнасці з жаданнем уладальнікаў кватэр удзельнічаць у добраўпарадкаванні агульнай тэрыторыі. Маўляў, хочаш жыць добра — будзь гатовы плаціць і не быць абыякавым, не хочаш — тваё права.

Пакуль жа таварыствам уласнікаў існаваць няпроста: запазычанасці па плацяжах даводзіцца аплачваць самім, без дзяржаўных субсідый. Адсюль і шматлікія пытанні да старшынь таварыстваў: куды ідуць нашы грошы? Юрый Вадзяніцкі прыводзіць прыклад дзеяння сарафаннага радыё: сястра і брат жывуць у аднолькавых дамах, толькі адным кіруе таварыства ўласнікаў, а другім — упаўнаважаная асоба ад ЖРЭА. Сваякі параўноўваюць жыроўкі і выяўляюць «нядобрае»: адзін з іх істотна пераплачвае, скажам, за карыстанне ліфтам.

— Прэтэнзіі да каго? Да старшыні таварыства. А павінны быць — да нядобрасумленных суседзяў. Бо менавіта іх запазычанасці раскідваюць на астатніх членаў таварыства, у той час як у іншых выпадках гэтыя сумы пакрывае дзяржава, — тлумачыць прадстаўнік асацыяцыі.

Яшчэ адна распаўсюджаная прэтэнзія — немэтазгоднае расходаванне грашовых сродкаў, прызначаных на капітальны рамонт, на які, дарэчы, усе мы робім штомесячныя выплаты. Гэтыя грошы ідуць спачатку на дэпазітны рахунак. Але справа ў тым, што тэрмін дзеяння ўкладаў — ад 3 да 12 месяцаў, пасля чаго іх можна перавесці на разліковы рахунак таварыства, адтуль іх ужо аўтаматычна спісваюць на заработную плату або на аплату паслуг пастаўшчыкоў. Атрымліваецца, што на капітальны рамонт людзі адкладваюць гадамі, а калі справа да яго ўсё ж такі даходзіць, даводзіцца зноў адкрываць свае кашалькі.

— Неабходна, каб нарматыўна-прававыя акты былі адназначнымі, не дапускалі розначытанні і, самае галоўнае, не супярэчылі адзін аднаму, — падкрэсліў Юрый Вадзяніцкі. — Гэтае пытанне зараз стаіць даволі востра. Мне здаецца, што, калі людзі самі хочуць займацца сваім жыллём, гэтую ініцыятыву трэба заахвочваць, тым больш што такі падыход выгадны для дзяржавы. Так, мы бяром на сябе частку работ ЖРЭА, але ў той жа час, як я ўжо падкрэсліваў раней, аплачваем запазычанасці за камунальныя паслугі без дапамогі, што ўсё ж больш значна для бюджэту.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота Ліны МАЛІНІНАЙ

Загаловак у газеце: У нас рэмарка... на 70 старонках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».