Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» выправілася ў рэйд з участковымі


— А вы ведаеце свайго ўчастковага? — пытаецца ў мяне Мікалай ЗЕЛЯНОЎСКІ, старшы лейтэнант міліцыі, намеснік начальніка аддзела правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. — Не? Відаць, пашанцавала з суседзямі. Бо бываюць дамы, куды нас выклікаюць па некалькі разоў на дзень, каб уціхамірыць буйных грамадзян за сцяной.

Так, «узброіўшыся» фотаапаратам і дыктафонам, карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай Змены» выправілася ў рэйд з участковымі інспектарамі міліцыі, спрабуючы бліжэй пазнаёміцца з гэтай прафесіяй.


— Калі ласка, адпусціце нас. Гэта першы раз, мы больш так не будзем, — рыдаючы, амаль хорам просяць тры дзяўчынкі-падлеткі.

— Калі я вас адпушчу сёння, дык заўтра сустрэну ў іншай кампаніі з чым-небудзь мацнейшым па градусах, — кажа Мікалай.

У той вечар 15-гадовыя прыгажуні ў адным са сталічных двароў «ласаваліся» чатырма літрамі моцнага піва.

— Мы абяцаем, што больш такога не паўторыцца, — не супакойваюцца школьніцы. — А бацькам раскажаце, што мы рабілі?

— Дзяўчаты, не трэба плакаць. Зараз адвядзём вас у апорны пункт, прыедзе інспектар па справах непаўналетніх, і вы яму ўсё растлумачыце, — уступае ў гутарку Ганна МАКАРЭВІЧ, старшы лейтэнант міліцыі, участковы інспектар.

Праваахоўнікі кажуць, што інцыдэнты з дзецьмі і падлеткамі заўсёды вылучаюцца сярод іншых сваёй эмацыянальнасцю. Пры гэтым няважна, пацярпелыя яны або правапарушальнікі.

— Вы павінны нас зразумець, — працягваюць ціснуць на жаль дзяўчаты. — Вы ж самі нядаўна ў такім узросце былі!

— Былі, але так сябе дакладна не паводзілі, — адказвае Мікалай.

Мае «калегі» прызнаюцца, што на малады ўзрост людзей у форме ўвага звяртаецца часта.

— Нярэдка даводзіцца разбірацца ў сямейных канфліктах людзей, якім за 40. Але мала хто абураецца, маўляў, маладая, зялёная, чаго жыццю вучыш, — тлумачыць Ганна. — Калі грамадзяне звяртаюцца ў міліцыю, значыць, вырашыць самастойна праблемы яны ўжо не могуць. Нават са сваім жыццёвым досведам.

— Адказнасці на пасадзе, асабліва калі ў цябе ёсць падначаленыя, шмат. Тым больш у 28 гадоў, — кажа Мікалай. — Я, прынамсі, так лічу. Разумею, ёсць моманты, дзе мне не хапае вопыту, але ўсё ведаць таксама немагчыма. Ніхто мне ніколі не казаў: «Ты начальнік, ты і вырашай». Старэйшыя калегі заўсёды дапамогуць: справай ці словам.

* * *

Мікалай у міліцыі з 2010 года. Хлопец працаваў у патрульна-паставой службе, быў участковым інспектарам.

— Пачыналася ўсё з добраахвотнай дружыны па ахове грамадскага парадку. Уступаць у шэрагі дружыннікаў можна было толькі паўналетнім, таму ў свае 16 гадоў я хадзіў побач з міліцыянерамі і глядзеў, што з сябе ўяўляе служба ўчастковага, — дзеліцца Мікалай. — А ў 18 гадоў працягнуў працаваць афіцыйна. Скончыў Інстытут упраўлення і прадпрымальніцтва па спецыяльнасці «прававое забеспячэнне прадпрымальніцкай дзейнасці».

Мікалай кажа, што бацькі заўсёды ведалі пра яго жаданне служыць у органах, падтрымлівалі.

— Сёння, праўда, рэакцыя ў іх на службу крыху іншая, чым была спачатку. Справа ў маім працоўным графіку, з-за якога не ўдаецца шмат часу праводзіць з сям'ёй. Матуля зразумела ступень небяспекі, з якой яе сын сутыкаецца кожны дзень. Зараз ужо, на гэтай пасадзе, рызыка меншая, — усміхаецца Мікалай. — А вось Ганна заўсёды на «перадавой».

Дзяўчыне 25 гадоў, яна працуе ў міліцыі два з паловай гады.

— Да службы ў міліцыі каля двух месяцаў выкладала ў школе беларускую мову. — Скончыла педагагічны ўніверсітэт. Падчас вучобы вырашыла атрымаць другую вышэйшую адукацыю, паступіла ў Акадэмію МУС, — расказвае Ганна.

Служба, як прызналася сама дзяўчына, «зацягнула».

— У мяне тата раней ва ўнутраных войсках служыў. Не раз папярэджваў, што хлеб гэта нялёгкі, але ніколі не адгаворваў. Ды і ўвогуле адразу пра ўсе падводныя камяні не раскажаш, — лічыць суразмоўца. — Толькі ўласны досвед можа расставіць нейкія акцэнты.

— Дзе жывяце? У гэтым раёне? — пераключаецца на «затрыманых» Ганна.

— Так, — амаль шэптам адказваюць дзяўчаты, неахвотна ідучы да апорнага пункта міліцыі.

— Бацькі ведаюць, дзе вы зараз знаходзіцеся? Што вы ім сказалі?

— Мы не думалі, што так атрымаецца... Што зараз будзе?

— Разумееце, у мяне бацька п'е, мама заўсёды плача. Яна ўвогуле шмат працуе, каб нас пракарміць, — разгаварылася адна з дзяўчат. — Тата нам усё жыццё сапсаваў! Не кажыце матулі, што я так, як ён, раблю. Яна гэтага не перажыве.

Прызнаюся, прыгожых дагледжаных дзяўчат было шкада.

— Лічыце нас занадта строгімі? — звяртаецца да мяне Мікалай. — Я не першы год працую і магу з упэўненасцю сказаць, што такія «банкеты» яны арганізуюць перыядычна. Як думаеце, падзякуюць бацькі ўчастковым, што тыя іх дзяцей затрымалі? Сумняваюся. Хутчэй за ўсё будуць казаць, што дочкі — святыя.

* * *

— Маё першае дзяжурства ў патрульна-паставой службе прайшло адносна спакойна: раніцай заўсёды цішэй. «Пагуляў» восем гадзін на свежым паветры і пайшоў дадому. Памятаю, як «даставаў» старэйшага калегу пытаннямі. Ён, праўда, усё цярпеў. Тут яшчэ невядома, для каго гэты дзень быў экзаменам, — успамінае Мікалай. — У працы ўчастковага шмат залежыць ад спецыфікі раёна.Там, дзе размешчаны розныя арганізацыі і гандлёвыя цэнтры, цішэй. А вось спальныя раёны — Малінаўка, Паўднёвы Захад — «схільныя» да правапарушэнняў, якія часцей за ўсё здзяйсняюць нецвярозыя людзі.

Увогуле, ні для каго не сакрэт, што большая частка злачынстваў адбываецца ў стане алкагольнага ап'янення. Таму мае суразмоўнікі раяць заўсёды праяўляць актыўную грамадскую пазіцыю. «Бачыце падазроную кампанію — паведаміце пра гэта ў міліцыю. А мы ўжо праверым», — дадае Мікалай.

— Як прыйшла ў міліцыю, стала часцей заўважаць, што людзі парушаюць грамадскі парадак. Часам можна было б і міма прайсці: калі не на службе і не ў форме. Але нешта ўнутры спрацоўвае, і ты робіш заўвагу, — дадае Ганна.

Дарэчы, пра форму. Суразмоўніца кажа, што да дзяўчат у «мужчынскай прафесіі» прыглядаюцца больш. Маўляў, ці сапраўды гэтае «дзіця» зможа справіцца са сваімі функцыямі?

— У першую чаргу форма абавязвае да акуратнасці, прычым ва ўсім: у вонкавым выглядзе, словах, паводзінах, — лічыць Ганна. — Але жаноцкасці ў дзяўчат-міліцыянераў хапае, не хвалюйцеся! Яна нават набывае нейкую адмысловую афарбоўку!

Ганна і Мікалай кажуць, што для маладога супрацоўніка вельмі важна трапіць у такі апорны пункт, дзе добры старшы ўчастковы.

— Калі ёсць каманда, прасцей выконваць усе задачы. Але пры гэтым ніколі не ўзнікае нейкіх пытанняў наконт асабістага. Служба ёсць служба. На рабоце мы — калегі, па-за сценамі міліцыі — сябры, — тлумачыць Мікалай. — Ходзім адзін да аднаго ў госці, разам адзначаем святы.

Але, адразу папярэджваюць мае суразмоўнікі, працу дадому яны «не носяць».

* * *

— У вас тут чыста і неяк нават утульна стала, — кажа Ганна, заходзячы ў адну з кватэр, якая мае рэпутацыю прытона.

— Ну, зразумела, я ж кінуў піць, — ганарліва адказвае 50-гадовы гаспадар жылля.

— А хто ў тым пакоі «адпачывае»? — заўважае ў зале постаць Мікалай.

— Дык гэта ж брат мой! — падхопліваецца мужчына.

— А брат не перастаў піць? — удакладняе Ганна.

— Не, але ён стаў цішэйшы ў «гэтых справах». Я ў асноўным сплю, калі ён прыходзіць...

— Калі брат лячыцца пачне?

— Зараз групу па інваліднасці яму працягваць будуць, можа, тады і пакладуць лячыцца, — з сумам кажа гаспадар кватэры.

У Ганны пад кантролем 11 дамоў. Дзяўчына кажа, што свой «падсправаздачны кантынгент» яна ведае добра. Але паасобку «такіх грамадзян» участковыя ўсё роўна не наведваюць.

— Падчас службы ў міліцыі я навучылася кантактаваць з людзьмі і больш кантраляваць сябе эмацыянальна. А кантынгент тут, паверце, розны, — кажа Ганна.

— Праца вучыць нават свае невялікія сямейныя канфлікты спускаць на тармазах. Псіхалогія! У міліцыі без гэтага ніяк, — усміхаючыся, дадае Мікалай. — Увогуле, жонкам супрацоўнікаў трэба аддаць належнае. Яны з намі «сваю службу» нясуць!

Падзяку, як прызнаюцца ўчастковыя, яны чуюць рэдка. У асноўным — ад людзей, якія ў міліцыі «госці» нячастыя.

— Працавалі на Дні Перамогі. Сям'я пайшла ў кінатэатр і пакінула адчыненым акно ў аўтамабілі. На сеанс мабільныя тэлефоны грамадзяне не ўзялі. Каля гадзіны мы «ахоўвалі» маёмасць, а месца было ажыўленае. Сям'я за пільнасць нам была вельмі ўдзячная, — прыгадваюць мае суразмоўнікі.

Мікалай прызнаецца, што вельмі не хоча, каб да міліцыі ставіліся як да нейкага карнага органа:

— Не падабаецца, калі бацькі кажуць дзецям: «Вось будзеш няправільна сябе паводзіць — цябе забярэ дзядзька міліцыянер, пакарае». Малых, наадварот, павінны вучыць, што супрацоўнік міліцыі — гэта той чалавек, да якога неабходна звяртацца па дапамогу!

Кацярына АСМЫКОВІЧ

аsmуkоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Калі абавязак — дапамагаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.