Вы тут

Яўген Хвалей: «Сучасныя школьнікі задаюць усё тыя ж пытанні...»


У выдавецтве «Мастацкая літаратура» (серыя «Пазакласнае чытанне») выйшла кніга Яўгена Хвалея «Прынцэса тусоўкі». «Прынцэса тусоўкі» — твор незвычайны, бо перавыдаецца ўжо пяты раз: адлік ідзе яшчэ з 1991 года, калі першую частку аповесці надрукавалі ў выдавецтве «Юнацтва». Утрымліваць цікавасць школьнікаў на працягу больш як 25 гадоў — справа складаная, нездарма кніга Яўгена Хвалея заваявала ў свой час літаратурную прэмію «Залаты купідон» у намінацыі «Дзіцячая літаратура». Як стваралася «Прынцэса тусоўкі», адкуль бяруцца сюжэты для аповесцей і ў чым сакрэт запатрабаванасці падлеткавай кнігі, распавёў сам аўтар — Яўген Хвалей.


 — Ёсць рэчы, пра якія не пішуць, і іх можна знайсці ў маіх кнігах. У савецкі час не прынята было казаць уголас пра таксікаманію і наркаманію сярод школьнікаў, пра так званыя падлеткавыя тусоўкі. Праблема ўзнялася толькі калі пачаўся працэс перабудовы. Пачалі пісаць і ў газетах, і ў часопісах, і нават у кнігах расійскіх аўтараў. У Беларусі я быў першы, хто выказаўся на гэтую тэму. На той момант працаваў у выдавецтве «Юнацтва» і бачыў, што нашыя сучасныя пісьменнікі пакуль не падышлі да агучвання праблемы падлеткавай наркаманіі. А калі пра яе кажуць паўсюль, чаму б і не напісаць кніжку? Задаўся мэтай, пачаў сам збіраць матэрыял.

Сюжэт «Прынцэсы тусоўкі» разгортваўся амаль што ў нашым доме. Цесць мой працаваў у міліцыі і многа расказваў пра тое, што зараз робіцца сярод моладзі. Ён нават пазнаёміў мяне з чалавекам, які займаўся справамі падлеткавай наркаманіі, і той паказаў патрэбныя дакументы. Тады я зразумеў, што адбываецца ў Мінску. Персанажы «Прынцэсы тусоўкі», вядома, тыпізаваныя, але маюць рэальныя прататыпы: мае дочкі вучыліся ў школе, таму я часта хадзіў на бацькоўскія сходы, сачыў за жыццём школы. Кніга засяроджваецца не толькі на тэме наркаманіі ды трыкутніку кахання галоўных герояў. У «Прынцэсе тусоўкі» паказана, чаму героі дайшлі да трагедыі, хто вінаваты ў іх падзенні; адлюстраваная школа, якой яна была ў 90-я гады, вулічнае асяроддзе моладзі, тыя ж тусоўкі.

Упершыню «Прынцэсу тусоўкі» надрукавалі ў 1991 годзе ў выдавецтве «Юнацтва». Там з’явілася першая частка кнігі пад назвай «Пацукі», і пачалася мая адысея. Куды мяне толькі не запрашалі! За пяць гадоў аб’ездзіў школы амаль па ўсёй Беларусі. Ужо пачалі запытвацца, чаму не пішу працяг. Спакваля нарадзіліся другая і трэцяя часткі аповесці. З улікам папулярнасці, якой карысталася кніга, Міністэрства інфармацыі праз 9 год яшчэ раз выдала яе ўжо пад рубрыкай «Школьная бібліятэка». І зноў я вандраваў з «Прынцэсай тусоўкі» па школах. Вострыя дыскусіі атрымліваліся са старшакласнікамі! Мы нават спрачаліся, і гэта было цікава. Кнігу чыталі ды абмяркоўвалі, а бібліятэкары фіксавалі запатрабаванасць твора. У 2008 годзе бібліятэкі падалі заяўку, каб «Прынцэсу тусоўкі» надрукавалі трэці раз. Яна выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», куды мяне выклікалі праз чатыры гады, каб паведаміць, што маюць намер зноў выдаць кнігу ў 2012 годзе, бо на яе прыйшоў чарговы запыт. Чацвёртае выданне! А яшчэ праз пяць год свет пабачыла пятае выданне. Зараз, у 2017 годзе, яно мае новае афармленне, стыльную вокладку. Неверагодна, але «Прынцэса тусоўкі» дайшла да пятага выдання нават без майго непасрэднага ўдзелу!..

У перавыданні кнігі я пастаянна дадаваў новыя творы. Так, трэцім разам побач са знаёмай чытачу «Прынцэсай тусоўкі» стаяла аповесць «Анжэла з Былькаў», дзе падзеі адбываюцца ўжо не ў школьным, а ў студэнцкім асяроддзі. Новы тыраж узбагаціўся на апавяданне «Апошняя хата Цялянкі», напісанае ў 2016 годзе. Яно таксама на тэму падлеткавай наркаманіі. У аснове — па-мастацку апрацаваны дакументальны факт, бо выпадак насамрэч адбыўся каля майго лецішча.

Мяркую, «Прынцэса тусоўкі» яшчэ доўга будзе зразумелая падлеткам. Дарэчы, падчас нашых сустрэч сучасныя школьнікі задаюць тыя ж пытанні, што і іх равеснікі 10 — 15 год назад. Цяпер ужо не выкарыстоўваецца паняцце «тусоўка», але сама з’ява дасюль жыве.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?