Вы тут

Гісторыя Дрыбіншчыны, як тэрытарыяльнай адзінкі, нагадвае арэлі


Гісторыя Дрыбіншчыны, як тэрытарыяльнай адзінкі, нагадвае арэлі. Раён, як адміністрацыйную адзінку, тут утваралі і расфарміроўвалі некалькі разоў. Старшыня Дрыбінскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Васілеўскі лічыць, што кожны рэгіён адметны. Трэба толькі прыкмячаць асаблівасці і ўмець іх выкарыстоўваць.


— Апошні раз Дрыбінскі раён быў асобна створаны пасля Чарнобыльскай аварыі. У той час сюды перасялялі людзей з забруджаных радыяцыяй мясцін. Ці ўплывае гэта акалічнасць на цяперашняе жыццё раёна?

— Пасля адсялення людзі мелі патрэбу ў жыллі і працоўных месцах. І сёння мы назіраем цікавую карціну: у самім Дрыбіне жыве каля 3 тысяч чалавек, а ў перыферыйных вёсках яшчэ 7 тысяч, прычым маем шэсць буйных паселішчаў, дзе пражывае больш за тысячу людзей — гэта такія, як Міхееўка, Расна, Кароўчына... Там створана моцная і камфортная інфраструктура, што, безумоўна, станоўчы фактар. У той жа час ёсць і цяжкасці. Напрыклад, застаюцца незапатрабаванымі значныя плошчы памяшканняў у дзіцячых садах, школах — пры Савецкім Саюзе разлічвалі на вялікую колькасць перасяленцаў, а пасля стала зразумела, што спраектаваныя будынкі выкарыстаць поўнасцю не атрымліваецца. Мы аб'ядноўваем установы, напрыклад, школу і дзіцячы садок, а вызваленае памяшканне пераходзіць пад іншыя патрэбы. Так, у Кароўчыне памяшканне дзіцячага садка цяпер займае Дом рамёстваў, дзе майстры
прадстаўляюць сёння каля 20 відаў старажытных промыслаў, у тым ліку — пляценне лапцяў. Гэта паспрыяла таму, што цяпер Кароўчына ўключана ў турыстычны маршрут.

— Традыцыйна многія раёны Беларусі займаюцца сельскай гаспадаркай як асноўнай дзейнасцю. Раскажыце, дзе працуюць сёння жыхары, якія перспектывы ў тых, хто хоча мець занятак на Дрыбіншчыне?

— Сапраўды, буйных прамысловых аб'ектаў у нас няма. З працаздольнага насельніцтва, якога ў нас каля 5,5 тысячы, значная частка спецыялістаў занятыя ў сферы адукацыі, аховы здароўя, камунальнай гаспадаркі. Абслугоўваннем займаецца спажыўкааперацыя, на якую кладзецца каля 75 працэнтаў работы, і прыватны сектар. З прадпрымальнікаў значная частка занята будаўніцтвам і дрэваапрацоўкай, а таксама гандлем. З найбольш удалых інвестыцыйных праектаў магу назваць прадпрыемства «Суражы». Дзве дзяўчыны з Мінска вырашылі арганізаваць тут швейную майстэрню і прапануюць дастаткова выгадныя вакансіі для мясцовых жыхароў. Існуе верагоднасць, што фермер з суседняга Шклоўскага раёна набудзе ў нас участак зямлі — яму патрэбны плошчы пад вырошчванне бульбы.

Што датычыцца маладых спецыялістаў, то апошнім часам да нас прыйшло многа медыкаў — менавіта людзей з вышэйшай адукацыяй, якія павінны адпрацаваць пяцігадовы кантракт. Мы з імі займаемся, прапануем жыллё, дапамагаем набыць мэблю. Зразумела, заўсёды існуе частка маладых людзей, якія затрымаюцца тут толькі на час адпрацоўкі, але з гэтым даводзіцца мірыцца. Хочацца сказаць, што хлопцы і дзяўчаты правільна матываваныя, яны разумеюць, што ніхто, акрамя іх саміх, не стане зарабляць грошы. Пакуль заробак невялікі, шукаюць пабочны даход: трымаюць гаспадарку, падпрацоўваюць, бяруць дадатковыя змены. Хоць мая пазіцыя — калі чалавек робіць сумленна, заробак у яго павінен быць такі, каб на яго можна было ўсё купіць.

— Дрыбінскія вырабы з воўны ператварыліся ў сімвал раёна, які пазнаюць нават за мяжой. Якую ролю адыгрывае рамесніцтва ў развіцці раёна?

— Трэба адрозніваць рамесніцтва ад народных промыслаў. Для мясцовых работнікаў культуры самае галоўнае — захаваць традыцыю, перадаць тое, чым знакамітая Дрыбінская зямля ў культурным плане, наступным пакаленням. На гэтай ніве вялікая работа пачалася адразу пасля ўтварэння раёна. У нас не самая лепшая для земляробаў глеба, многа пяскоў, таму сяляне здаўна не маглі мець добрыя ўраджаі і займаліся адыходным шапавальствам — гэта калі майстар восенню пасля палявых работ выпраўляўся ў дарогу з інструментамі і вандраваў так па навакольных селішчах. Некаторыя заходзілі вельмі далёка, існуюць звесткі, што адзін шапавал дабраўся нават да Амерыкі. Работнікі гісторыка-этнаграфічнага музея захоўваюць традыцыю вырабу і папулярызуюць яе, аднак у іх дзейнасці няма камерцыйнага пачатку. Сакрэты валення захавалася ў некаторых сем'ях, там, сапраўды, майстры могуць працаваць дзеля продажу. Некаторыя жыхары арганізуюць аграсядзібы. У любым выпадку народныя промыслы становяцца для турыстаў апазнавальным знакам раёна.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

urgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Апазнавальныя знакі Дрыбіншчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.