Вы тут

Рынак першаснага жылля: актуальныя трэнды Мінска


Пяты месяц на першасным рынку нерухомасці сталіцы пануе ажыўленне. Патаннелыя крэдыты і малыя цэны падштурхнулі насельніцтва вырашаць жыллёвае пытанне сёння. Аб тым, што цяпер выбіраюць пакупнікі, якія праекты найбольш запатрабаваныя і якія канкурэнтныя перавагі ў барацьбе за пакупніка забудоўшчыкі выкарыстоўваюць, расказала Юлія Шаброва, памочнік па маркетынгу кіраўніка групы кампаній «Твая сталіца».


Узровень попыту на новабудоўлі за апошнія паўгода вырас на трэць. Пры гэтым пакупніцкая цікавасць размяркоўваецца нераўнамерна — гэта мы бачым, аналізуючы статыстыку даведніка па новабудоўлях (партал РrоMеtr.bу): асобныя праекты істотна выйграюць у канкурэнтаў. Так, скажам, аб'ектам на Дзяржынскага, 15 цікавяцца ў паўтара—два разы часцей, чым іншымі ў гэтым жа раёне. І прычына нават не ў цане квадратнага метра, а ў высокай ступені гатоўнасці аб'екта, невялікіх плошчах кватэр і, што немалаважна, надзейнай рэпутацыі забудоўшчыка.

Гігантызм сыходзіць у мінулае

Разумеючы пажаданні пакупнікоў і іх фінансавыя складанасці, забудоўшчыкі ідуць насустрач попыту і імкнуцца зрабіць свае аб'екты больш канкурэнтаздольнымі за кошт памяншэння выніковай цаны кватэр і стварэння ў жылых комплексах адзінага сучаснага сацыяльнага асяроддзя.

Спробы паменшыць плошчы кватэр назіраліся і ў мінулыя гады, але тады гэта адбывалася ў асноўным за кошт адмовы ад шырокіх і доўгіх калідораў. У вачах пераважнай часткі пакупнікоў ідэальная кватэра працягвае выглядаць як мінімальная па плошчы, але з максімальнай колькасцю пакояў. Гэтыя асаблівасці попыту ўжо знайшлі сваё выражэнне ў з'яўленні кватэр так званага еўрафармата — «еўрадвушак» і «еўратрошак». Напрыклад, тое жыллё, якое лічылася яшчэ гады два таму аднапакаёвай кватэрай плошчай 42—44 квадратныя метры, цяпер носіць гордую назву «еўрадвушка» і досыць паспяхова прадаецца. Акрамя таго, «еўрадвушкамі» называюць яшчэ і аднапакаёвыя кватэры-студыі, у якіх дзякуючы наяўнасці двух вокнаў стала магчыма самастойна зрабіць яшчэ адзін пакой.

Цяпер атрымалі шырокае распаўсюджванне і папулярнасць сучасныя планіроўкі, калі кухонная зона аб'ядноўваецца з гасцінай. Але пры гэтым «ізаляванымі» застаюцца адна-дзве невялікія спальні. У выніку, трохпакаёвую кватэру «еўрафармату» плошчай 63 «квадраты» можна набыць за 60,5 тысячы долараў, што супастаўна з коштам стандартнай «двушкі».

Зусім без аздаблення...

Да гэтага года многія пакупнікі новабудоўляў адрознівалі стан кватэр «з чыставым аздабленнем» і без яго. Але аказваецца, што ёсць яшчэ і «чарнавое» аздабленне, якое, як правіла, уключае тынкоўку сцен і столі, сцяжку падлогі і электрамантажныя работы. І адмова ад яго — гэта яшчэ адзін спосаб зрабіць таннейшым канчатковы прадукт для пакупніка за кошт зніжэння выдаткаў забудоўшчыка. У гэтым выпадку пакупнікам прапануюць заплаціць за голыя сцены ў літаральным сэнсе — ніякага ўнутранага аздаблення, усё — на густ будучых жыхароў.

Не кропкавая забудова, а кам'юніці

Другая ж частка забудоўшчыкаў ідзе іншым шляхам — не зніжаючы цэн, яны фарміруюць імідж забудовы, прапаноўваючы новы падыход да фарміравання жылой прасторы ў доме і па-за яго межамі. Вам прапануюць унікальнае афармленне фасадаў, вялікія дзіцячыя пляцоўкі, двары без машын і нават фантаны. Гэты падыход выкарыстоўваецца для вялікіх жылых комплексаў і патрабуе велізарных выдаткаў на прасоўванне праекта.

— Сёння часта выбар робіцца не на карысць самага таннага жылля, але такога, якое апраўдвае сваю цану месцазнаходжаннем, тэхналогіямі будаўніцтва, планіровачнымі рашэннямі, — працягвае Юлія Шаброва. — Пакупнікі па-ранейшаму аддаюць перавагу аб'ектам у развітых мікрараёнах: станцыя метро паблізу або перспектыва яе з'яўлення, сацыяльныя аб'екты ў пешай даступнасці, экалогія, рэпутацыя раёна — для нерухомасці гэтыя параметры нязменна важныя. У той жа час людзі перасталі баяцца пераезду ў найбліжэйшы прыгарад, чаму спрыяе актыўнае развіццё маштабных жылых комплексаў. Больш за тое, у такіх раёнах фарміруецца адзінае сацыяльнае асяроддзе, так званае кам'юніці. Гэта і прыцягвае цяперашніх пакупнікоў. І ні адна кропкавая забудова не зможа канкураваць па гэтым параметры. Папулярнасць такіх жылых комплексаў, як «Новая Баравая», «Уручская», «Вясёлка», «Азярцо» пацвярджае гэтыя высновы.

Гульня ў фінансавыя інструменты

Большасць дэвелапераў імкнуцца выкарыстоўваць актыўнасць на рынку: практычна ўсе буйныя жылыя комплексы прапануюць спецыяльныя праграмы крэдытавання, лізінг і працяглыя растэрміноўкі. Самыя «смачныя» стаўкі па крэдытах на сёння пачынаюцца ад 11%, па лізінгу — ад 5,9%. Максімальная растэрміноўка, прапанаваная забудоўшчыкамі, складае пяць гадоў. Наяўнасць усіх гэтых інструментаў дае вынік: больш за 50% здзелак, якія праводзяцца сёння на рынку новабудоўляў, — заключаюцца з прыцягненнем крэдытных сродкаў. А прад'яўлены попыт яшчэ вышэйшы.

Топ-3 даступных прапаноў кватэр

Па інфармацыі партала рrоmеtr.bу, самыя маленькія па плошчы кватэры прапануюцца ў жылым комплексе «Парк Чалюскінцаў» — аднапакаёвая кватэра плошчай 25 квадратных метраў (у залежнасці ад паверха) ад 35 тысяч долараў. На першы погляд, цана кватэры цалкам дэмакратычная, асабліва з улікам заяўленых характарыстык комплексу, якія адпавядаюць патрабаванням трэцяга класа якасці — «Камфорт». Але калі супаставіць кошт з плошчай, то атрымаем не вельмі прывабную лічбу ў 1400 долараў за квадратны метр, што нават з улікам «прапіскі» аб'екта досыць дорага. Прытым, што гэтая цана актуальная пры аплаце ўсяго кошту кватэры наперад, а ключы ад яе, у лепшым выпадку, можна будзе атрымаць праз тры з лішнім гады — у 2021 годзе. А калі скарыстацца растэрміноўкай, чый максімальны тэрмін абмежаваны двума гадамі, то цана будзе павялічана. Наколькі? Па заяве аддзела продажаў забудоўшчыка канчатковы кошт пры растэрміноўцы абмяркоўваецца ў кожным выпадку індывідуальна, але мінімальнае павелічэнне кошту «квадрата» складае 100 долараў.

На другім месцы рэйтынгу мінімальных плошчаў аднапакаёвых кватэр знаходзіцца дом «Марына-2» (клас «Эканом») у жылым комплексе «Мінск-Мір». Там прапануюцца аднапакаёўкі плошчай 29,5 квадратнага метра. Пры 100-працэнтнай перадаплаце кватэра абыдзецца ў 34 800 долараў, а растэрміноўка павялічвае кошт «квадрата» на 7% гадавых. І радуе тое, што заканчэнне будаўніцтва «Марыны-2» намечана на 2018-ы, а не 2021 год.

Практычна аналагічныя па плошчы кватэры (29,7 квадратнага метра) прапануюцца ў жылым комплексе каля метро «Міхалова» (клас «Эканом»). Выніковая цана кватэры складае 39 500 долараў, а атрымаць ключы ад яе, па заяве забудоўшчыка, можна будзе да канца 2018 года.

На першым месцы рэйтынгу мінімальных плошчаў двухпакаёвых кватэр знаходзіцца жыллё плошчай 32,6 квадратнага метра ў жылым комплексе «Парк Чалюскінцаў». Цана падобных кватэр пачынаецца ад 44 825 долараў пры ўмове 100-працэнтнай аплаты. Гэта — тая самая «еўрадвушка», іншымі словамі, паўнавартасная аднапакаёвая кватэра, якая дазваляе за кошт двух вокнаў і выцягнутай формы кватэры аформіць яшчэ адзін пакой. У выніку атрымаецца адзін прахадны пакой і адзін ізаляваны. Пры гэтым кухня будзе размяшчацца ў «складзе» першага прахаднога пакоя.

Крыху вышэй па кошце знаходзяцца двухпакаёвыя кватэры ў панэльным доме класа «Эканом» ад упраўлення капітальнага будаўніцтва «Захад», які будуецца ў раёне вуліц Міхалова—Алібегава. Плошча двухпакаёвых кватэр, якія маюць паўнавартасную выдзеленую кухню, тут складае 57,7 «квадрата», а іх цана 57 720 долараў. Заканчэнне будаўніцтва намечана на трэці квартал 2018 года.

Замыкае тройку рэйтынгу прапанова двухпакаёвых кватэр у доме па 2-й вуліцы Шчорса класа «Камфорт». Там ёсць 49-метровыя «двушкі» коштам 57 820 долараў. Мінімізаваць плошчы кватэр атрымалася за кошт сумяшчэння кухоннай зоны з адным з пакояў. Заканчэнне будаўніцтва дома запланавана на 4-ы квартал 2018 года.

Мінімальная па кошце прапанова з Топ-3 трохпакаёвых кватэр прапануецца ў жылым комплексе «Парк Чалюскінцаў» — плошча кватэры 56,8 квадратнага метра, цана 69 520 долараў (каля 1225 долараў за «квадрат»).

Другое месца займае дом у раёне вуліц Міхалова—Алібегава — па кошце «трохпакаёўкі» ад 72 990 долараў пры мінімальнай плошчы 76,8 «квадрата».

У доме па 2-й вуліцы Шчорса трохпакаёвая кватэра плошчай 64,6 квадратнага метра каштуе 73 600 долараў пры 100-працэнтнай аплаце і 75 520 долараў пры аплаце ў растэрміноўку да ліпеня 2018 года.

Ужо па-за рэйтынгам, для тых пакупнікоў, хто хоча набыць кватэру з паўнавартаснай кухняй, па даступнай цане з наяўных у продажы 1-, 2- і 3-пакаёвых кватэр ёсць прапановы ў дамах №5 і №6 жылога комплексу «Ліпень». Арыенціровачны кошт аднапакаёвай кватэры плошчай 45 «квадратаў» без чыставога аздаблення складае крыху больш за 47 тысяч долараў, двухпакаёвай плошчай 61 квадратны метр — каля 62 800 долараў, трохпакаёвай плошчай 79 «квадратаў» — каля 76 600 долараў. Заканчэнне будаўніцтва заяўлена на пачатак 2018 года. Прапанова ў «Ліпені» цікавая яшчэ і тым, што па ёй даступна атрыманне крэдыту пачатковай стаўкай 7% гадавых, што з'яўляецца мінімальнай прапановай сярод новабудоўляў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Каб выбар быў па кішэні...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».