Вы тут

Як дапамагчы іншым, не аддаючы вялікіх грошай


Чую слова «дабрачыннасць» — і першая думка, што прыходзіць у галаву: «Ахвяраваць грошы». Беднаму, што стаіць на вуліцы з працягнутай рукой, ці хвораму дзіцяці, на лячэнне якога не хапае сродкаў... Вікторыя Крут, якая арганізавала валанцёрскі рух «Патрэбныя людзі», лічыць інакш: «Не трэба мець еўравыя рахункі, каб ладзіць святы ў дзіцячых дамах ці ў дамах састарэлых. Калі мы едзем, то кожны набывае па торціку і ўпакоўку соку — і ў добрым настроі прыязджаем у госці. Нічога нерэальнага. Атрымліваецца незатратна, але душэўна».


Каштоўнасці сучаснага свету часта — на жаль! — матэрыяльныя: мець машыну, кватэру, стройную фігуру, моднае адзенне, шыкоўныя ўпрыгажэнні, самыя сучасныя гаджэты... Але ці можна каго-небудзь з тых, хто імкнецца да іх, папракнуць за жаданне жыць прыгожа? І як жа штосьці па-за межамі ўласных інтарэсаў? Вікторыя, эфектная маладая жанчына з прэстыжнай работай (дызайнер інтэр'ера), даказвае, што пры любым матэрыяльным становішчы можна заставацца чалавекам з вялікай літары: глядзець далей за ўласныя патрэбы, дбаючы аб тых, чые жыццёвыя абставіны склаліся інакш.

Для Вікторыі дапамога іншым ужо даўно стала часткай жыцця: «Для мяне немагчыма штодзень круціцца толькі вакол сваіх інтарэсаў: работа, сям'я, сябры. Ёсць такое паняцце, як сацыяльнае жыццё — дапамога тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Калі бачыш вынік ад таго, што робіш, то атрымліваеш задавальненне не меншае, чым ад добра выкананай работы ці шчаслівых вачэй мужа. Толькі трэба ўзняцца над уласнымі інтарэсамі і прыкласці намаганні, каб зладзіць свята не толькі для сябе, але і для раней незнаёмых, а цяпер не чужых нам людзей».

Ёсць яшчэ адзін стэрэатып: найлепшае, чым мы можам падзяліцца з іншымі, мае грашова-матэрыяльнае вымярэнне. Але ў кожнага з нас ёсць рэсурс, куды больш унікальны: навыкі, прафесія, здольнасці, майстэрства. «Аднойчы прыдумалі правесці ў доме-інтэрнаце конкурс прыгажосці: адшукалі дзяўчын, якія робяць прычоскі і макіяж. Зразумела, бясплатна. Чатыры месяцы падрыхтоўкі не прайшлі дарэмна, — усміхаецца Вікторыя. — Напрыклад, у мяне ёсць сябар, які выразае любыя ўзоры па дрэве. Трэба адшукаць усяго адну фанеру, каб ён змог выразаць навагоднія цацкі, якія пасля мы будзем размалёўваць з выхаванцамі дома-інтэрната. У кагосьці знойдуцца непатрэбныя фарбы, хтосьці возьме скотч — так усё і пачынаецца».

Музыка, мыльныя бурбалкі, надзіманыя шарыкі — стварыць свята для дзяцей прасцей, чым здаецца на першы погляд.

Вікторыя расказвае, што аднойчы ў адной з удзельніц руху да зарплаты не было лішніх грошай, і яна «паабяцала назбіраць на цукеркі». «Я кажу: не трэба такіх ахвяр! Паедзь зараз як ёсць, а калі будзе магчымасць і жаданне, то пасля можна і цукеркі набыць. Не ў тым сутнасць. І гэта правільная пастаноўка пытання, калі ўлічыць сённяшнюю эканамічную сітуацыю ў сем'ях. Па сто долараў укладаць штораз — балюча. А калі кожны па магчымасці штосьці набыў ці зрабіў — гэта ўжо вялікая справа. Напрыклад, з намі заўжды ездзіць фатограф і грошы за здымкі ніколі не бярэ. Пры гэтым важныя не толькі нашы эмоцыі, але і водгук у дзяцей. Нас чакаюць і яны, і выхавацельніцы. За такія невялікія ўкладанні гэта выдатны вынік!»

Цяпер каля 20 чалавек дапамагае Вікторыі рэгулярна. На што хопіць фантазіі, тое і арганізоўваецца: выхаванцы дамоў-інтэрнатаў, з якімі супрацоўнічаюць «Патрэбныя людзі», мелі магчымасць схадзіць на хакей ці на футбол, у планетарый, у кіно, кавярню. А на Новы год валанцёры падрыхтавалі новую акцыю: хлопцы і дзяўчаты напісалі лісты пра тое, як іх завуць, колькі ім гадоў і чым цікавяцца. Валанцёры ўжо атрымалі і прачыталі першыя з пасланняў і
цяпер збіраюць кожнаму адпаведныя святочныя падарункі. «Бывае так, што ў дзяцей фарміруецца спажывецкае стаўленне да валанцёраў, якія іх наведваюць. У лістах яны могуць папрасіць айфон ці планшэт, але не кожны можа дазволіць сабе такі дарагі падарунак. Каб выправіць гэта, мы папрасілі расказаць пра сябе, а нашы людзі пастараюцца зрабіць сапраўды патрэбныя для душы падарункі», — дзеліцца Вікторыя Крут.

Валанцёры дапамагаюць не толькі дзецям, але і дарослым. Напрыклад, на сёлетні Дзень маці хлопцы і дзяўчаты наведалі Лагойскі дом састарэлых.

Валанцёрка Наталля Шлома атрымала адзін такі ліст ад дзяўчыны, якая вучыцца ў трэцім класе.

У некалькіх радках яна напісала, што ездзіць на вакацыі ў Ірландыю і мае сям'ю. «Я перш за ўсё збірала рэчы для школы, але крыху незвычайныя. Каляровы сшытак, аловак з казачным героем замест гумкі, тачылка ў выглядзе кубіка, як можна кідаць, альбом для малявання. Дзяўчынка напісала пра сям'ю, таму я прыдумала падарыць ёй рукадзелку з дрэва — чатыры невялікія фотарамкі, якія можна размаляваць і пасля паставіць у іх здымкі кожнага члена сям'і. Таксама набыла набор, з дапамогай якога можна самой сабе зрабіць бранзалет, а яшчэ байку з паеткамі. У мяне ў самой асаблівае дзіця, і мы не раз атрымлівалі гуманітарную дапамогу з недарагімі дробнымі рэчамі, але як гэта было прыемна! Не магу сказаць, што гэты падарунак запатрабаваў шмат грошай. Так, магчыма і давялося сабе адмовіць у кавалачку чагосьці смачнага, але затое гэта такая радасць — рабіць іншаму прыемнае. Яно таго вартае!»

Далучыцца да «Патрэбных людзей» можна праз сацыяльныя сеткі — старонкі Вікторыі Крут ва УКантакце і  ў Instagram. Хоць ніхто не перашкаджае вам самастойна сабраць сяброў і зладзіць свята не толькі для сябе, але і для дзяцей з дома-інтэрната ці старых з дома састарэлых.

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Патрэбныя людзі! Сагрэць душу...

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент