Вы тут

Дзе і як рыхтуюць кадры для Беларускай атамнай электрастанцыі?


Прадстаўнікі БелАЭС, вядучых ВНУ краіны і дзяржкарпарацыі «Расатам» расказалі, дзе і як рыхтуюць кадры для Беларускай атамнай электрастанцыі, якія спецыялісты запатрабаваныя, як выкарыстоўваюцца магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва ў пытаннях падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для атамнай галіны. Гэтыя і іншыя пытанні былі ўзняты на анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.


Першы блок укамплектаваны на 90%

Намеснік начальніка вучэбна-трэніровачнага цэнтра Беларускай АЭС Аляксандр Ерын расказаў пра вакансіі на станцыі і патрабаванні да супрацоўнікаў.

Ён нагадаў, што падрабязную інфармацыю аб свабодных месцах можна атрымаць у аддзеле кадраў Беларускай АЭС, пакінуўшы зварот на афіцыйным сайце станцыі. Адбор прэтэндэнтаў праводзіцца па існуючаму банку рэзюмэ на прадпрыемстве. Асноўным крытэрыем пры разглядзе кандыдата на працаўладкаванне з'яўляецца профільная адукацыя і досвед працы ў атамнай або энергетычнай галіне. «Цяпер мы камплектуем у асноўным першы энергаблок, але паралельна ідзе камплектаванне і другога. Першы блок укамплектаваны аператыўным персаналам практычна на 90%», — расказаў Аляксандр Ерын.

Кандыдат на працаўладкаванне праходзіць індывідуальную размову з начальнікам структурнага падраздзялення і кіраўніцтвам АЭС, пасля чаго рэзюмэ накіроўваецца ў службу бяспекі прадпрыемства для спецыяльнай праверкі. Пасля гэтага прымаецца канчатковае рашэнне аб працаўладкаванні.

Усе супрацоўнікі АЭС павінны выконваць правілы ўнутранага працоўнага распарадку і ўсталяваныя прадпрыемствам патрабаванні, добрасумленна выконваць службовыя абавязкі, праходзіць навучанне і падтрыманне кваліфікацыі, удасканальваць узровень сваіх ведаў і ўменняў. Аператыўны персанал, у тым ліку персанал блокавага пункта кіравання станцыі, праходзіць псіхалагічнае тэсціраванне з улікам ступені адказнасці пры прыняцці рашэнняў. Абавязковым патрабаваннем з'яўляецца прысутнасць псіхолагаў пры правядзенні заняткаў на поўнамаштабным трэнажоры.

Упор на айчынных спецыялістаў

Аляксандр Ерын паведаміў, што ў цяперашні момант на Беларускай АЭС працуе каля 130 замежных спецыялістаў (у асноўным з Расіі і Украіны), чые веды, вопыт і навыкі актыўна пераймаюцца беларускімі калегамі. Гэтыя спецыялісты займаюць такія важныя пасады, як начальнік змены станцыі, начальнік змены блока, начальнік змены рэактарнага цэха і інш. Улічваючы, што для пуску энергаблока №1 Беларускай АЭС аператыўны персанал БПУ практычна набраны, пакуль няма неабходнасці ў дадатковым прыцягненні кадраў з-за мяжы. Але не выключана магчымасць камплектацыі замежнымі спецыялістамі пры дэфіцыце вопытных кадраў і для запаўнення пазіцый адказных пасад. Асноўны ўпор у цяперашні час робіцца на падрыхтоўку беларускіх спецыялістаў.

Плануецца, што ўсяго на Беларускай АЭС у штатным раскладзе будзе 2 321 спецыяліст. Цяпер набрана 1 250 супрацоўнікаў.

У шчыльнай звязцы з Расіяй

Дырэктар адукацыйных праграм Дэпартамента кіравання персаналам «Расатама» Валерый Карэзін адзначыў, што падрыхтоўку спецыялістаў для атамнай галіны ў Беларусі ажыццяўляюць Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Гэтыя навучальныя ўстановы прапануюць адукацыйныя праграмы, звязаныя як з пытаннямі будавання АЭС, так і з патрэбамі бяспечнай эксплуатацыі станцыі. Расійскія ўніверсітэты цесна супрацоўнічаюць з беларускімі ВНУ і наўпрост, і па розных праграмах. Так, актыўна развіваецца рэгіянальная сетка «Адукацыя і падрыхтоўка спецыялістаў у галіне ядзерных тэхналогій (STАR-NЕT)», у якую ўваходзяць тры беларускія ўніверсітэты. У STАR-NЕT выкладчыкі абменьваюцца вопытам па захаванні і развіцці сістэмы ядзерных ведаў, знаходзяць агульныя інтарэсы. Дзейнічае рамачная праграма супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі на перыяд да 2020 года «Супрацоўніцтва» Атам-СНД», у якую ўваходзяць беларускія ВНУ.

Акрамя таго дзяржкарпарацыя «Расатам» дапаможа падрыхтаваць 600 спецыялістаў для Беларускай АЭС. Падрыхтоўка высокакваліфікаванага персаналу для забеспячэння эфектыўнай і бяспечнай эксплуатацыі атамнай электрастанцыі з'яўляецца часткай кантракта на будаванне Беларускай АЭС. «У адпаведнасці з гэтым кантрактам расійскі бок павінен падрыхтаваць 600 беларускіх спецыялістаў, у тым ліку 431 чалавека аператыўнага персаналу, 128 чалавек персаналу тэхнічнага абслугоўвання і рамонту і 41 чалавека персаналу інжынернай падтрымкі і інструктараў», — растлумачыў Валерый Карэзін. Правядзенне навучання (тэарэтычнае навучанне, стажыроўка, практыка) запланавана як на тэрыторыі Расіі, так і ў Беларусі. Да гэтага часу каля 100 спецыялістаў ужо скончылі падрыхтоўку.

Адзін з важных этапаў падрыхтоўкі — стажыроўка эксплуатацыйнага персаналу на дзеючых атамных электрастанцыях. Для такой стажыроўкі абраны самы сучасны з уведзеных у эксплуатацыю энергаблок праекта ВВЭР-1200 пакалення 3+ на Новаваронежскай АЭС. Правядзенне стажыроўкі на Новаваронежскай АЭС было запланавана на 2016—2017 гады для 261 спецыяліста Беларускай АЭС. Так, у 2016 годзе поўнасцю прайшлі стажыроўку 72 спецыялісты, у 2017-м — 139. Цяпер праходзяць стажыроўку 47 спецыялістаў, і 4 снежня адбыўся заезд апошняй групы спецыялістаў. Такім чынам, стажыроўка эксплуатацыйнага персаналу Беларускай АЭС на Новаваронежскай АЭС у 2017 годзе выканана ў запланаваным аб'ёме.

Праблем з жыллём няма

У атамнай энергетыцы заўсёды была сур'ёзная канкурэнцыя за кадры. Як будуць матываваць спецыялістаў працаваць менавіта на Беларускай АЭС з улікам таго, што каля межаў краіны размешчаны і іншыя атамныя аб'екты?

Аляксандр Ерын паведаміў, што гэтае пытанне знаходзіцца пад пільнай увагай на ўзроўні ўрада і Міністэрства энергетыкі Беларусі. Зараз жа ў першую чаргу неабходна прыкласці ўсе намаганні для апераджальнай падрыхтоўкі персаналу і допуску яго да самастойнай работы на ўсіх этапах будавання Беларускай АЭС.

Які сацыяльны пакет прапануецца работнікам станцыі? Сацыяльныя гарантыі і кампенсацыі ўстаноўлены калектыўным дагаворам Беларускай АЭС. Напрыклад, работнікам АЭС даецца аплачваемы водпуск, выплачваецца матэрыяльная дапамога, робяцца аднаразовыя выплаты да Дня энергетыка, па юбілейных днях нараджэння супрацоўнікаў прадпрыемства, у сувязі з неспадзяванымі матэрыяльнымі цяжкасцямі і г. д. Усе работнікі забяспечваюцца жыллём у залежнасці ад складу сям'і, пытанні яго прадастаўлення разглядаюцца на нарадзе жыллёвай камісіі БелАЭС.

Загадчык кафедры «Цеплавыя электрычныя станцыі» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Мікалай Карніцкі паведаміў, што нашым студэнтам, якія размяркоўваліся на БелАЭС, адразу давалі кватэры. Тым, хто ехаў з сям'ёй і дзецьмі, давалі двух-, трохпакаёвыя. «Яны вельмі задаволеныя. У Мінску такіх умоў няма. І важна, што гэта менавіта новыя дамы. Плата за арэнднае жыллё мінімальная. Думаю, такі падыход з арэндным жыллём правільны, і за мяжой у асноўным жыллё арэнднае. Да таго ж цяпер на АЭС працуе больш за 5 тысяч будаўнікоў, пасля заканчэння будаўніча-мантажных работ яны паедуць, і гэтыя кватэры вызваляцца», — удакладніў загадчык кафедры.

Усё ў крокавай даступнасці

Расказвае малады інжынер па эксплуатацыі рэактарнага аддзялення БелАЭС Аляксандр Вараб'ёў:

— Магу расказаць на сваім вопыце, я не з Астраўца, родам са Слуцка Мінскай вобласці. На станцыю ў 2015 годзе прыехаў ужо з жонкай. Яна таксама была студэнткай, вучыліся ў адной групе, але на розных спецыяльнасцях. Нас размеркавалі на адно прадпрыемства.

У дзень прыезду і афармлення на работу нам далі пакой у інтэрнаце. Інтэрнат быў цалкам добраўпарадкаваны: ложкі, шафы, крэслы, сталы, тумбачкі, халадзільнік, пліта і інш. Пасля двух тыдняў работы маёй сям'і далі двухпакаёвую кватэру з рамонтам і сантэхнікай. Так што ўсё вырашаецца вельмі аператыўна і эфектыўна. Таксама мне як маладому спецыялісту выплацілі сродкі на пераезд, за якія мы набылі мэблю.

У горадзе ёсць паліклініка, у якой асобна вылучылі спецыялістаў для «ўчастка АЭС». Побач будуецца (ідзе ўнутраная аздабленне) новы медыцынскі комплекс (бальніца, паліклініка, лабараторыі і інш.). Нядаўна адкрыўся яшчэ адзін дзіцячы садок з басейнам, побач школа, пошта, кафэ. Будуюцца супермаркеты. Уладкоўваюцца дзіцячыя пляцоўкі з палямі для футбола, баскетбола, валейбола. Усё ў крокавай даступнасці.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пры падрыхтоўцы атамшчыкаў дробязяў няма

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».